Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сэнатар ад Тэхасу затрымаў прызначэньне кіраўніка ЦРУ, патрабуючы новых санкцый супраць «Паўночнага патоку»


Сэнатар ад штату Тэхас Тэд Круз затрымаў зацьвярджэньне новага кіраўніка ЦРУ Ўільяма Бэрнса. Ён патрабуе ад адміністрацыі новага прэзыдэнта Джо Байдэна больш жорсткіх санкцый супраць будаўніцтва расейскага газаправода «Паўночны паток-2» у Нямеччыну.

Бэрнс — былы амбасадар ЗША ў Маскве, кар’ерны дыплямат з 33-гадовым стажам. Яго зацьвярджэньне Кангрэсам можа прайсьці і бяз голасу Круза, аднак у гэтым выпадку яно зойме больш часу. «Я перастану блякаваць кандыдатуру, калі адміністрацыя Байдэна выканае свой абавязак па выяўленьні і адпраўцы пад санкцыі караблёў і кампаній, якія будуюць пуцінскі газаправод», — заявіў сэнатар ў твітэры.

Прыняты Кангрэсам Закон аб абароне энэргетычнай бясьпекі Эўропы прадугледжвае санкцыі ў дачыненьні да кампаній і прыватных асобаў, якія ўдзельнічаюць у праекце будаўніцтва газаправода, — нагадвае «Голас Амэрыкі». Аднак канкрэтныя дзеяньні супраць будаўнікоў і іх тэрміны мае вызначаць прэзыдэнт.

Напярэдадні група з 40 сэнатараў-рэспубліканцаў зьвярнулася да адміністрацыі Байдэна з патрабаваньнем ўзмацніць санкцыі супраць праекту. «Няздольнасьць адміністрацыі вызначыць і ўвесьці новыя санкцыі сьведчыць пра яе гатоўнасьць дазволіць прэзыдэнту Пуціну ўсталяваць здушальны кантроль над пастаўкамі газу ў Эўропу і ўзмацніць свой уплыў», — гаворыцца ў іх звароце.

Афіцыйны прадстаўнік Дзярждэпартамэнту Нэд Прайс заявіў у чацьвер, што новыя санкцыі ў дачыненьні да ўдзельнікаў будаўніцтва могуць быць уведзеныя ўжо ў траўні.

  • Будаўніцтва «Паўночнага патоку — 2» пачалося ў 2018 годзе. ЗША і многія краіны Эўразьвязу лічаць, што запуск газаправода ўзмоцніць залежнасьць ЭЗ ад Расеі і дазволіць Маскве аказваць большы ціск на Ўкраіну, эканоміка якой значна залежыць ад расейскага транзыту. Крэмль заяўляе, што праект ня мае на ніякіх мэтаў, акрамя эканамічных.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG