Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Рэч, якую жанчына зможа насіць над галавой, як неба Караткевіча». Як у трывожны час зьяўляюцца калекцыі адзеньня


Пагаварылі зь беларускімі дызайнэркамі адзеньня пра тое, як прыйшлі ідэі іх калекцый, што іх натхняе і ці не складана займацца творчасьцю і працаваць падчас цяперашніх падзей у краіне.

KANVA: «Распаўсюджваць беларускую культуру — асноўная мэта. Цяпер той час, калі гэта асабліва неабходна»


KANVA ледзь ня ў кожнай калекцыі выкарыстоўвае традыцыйныя беларускія элемэнты. Брэнд ужо вядомы сваімі саламянымі аксэсуарамі, адзеньнем з маляванкамі і касьмічнымі мапамі Язэпа Драздовіча. Летась заснавальніца і дызайнэрка Анастасія Васючэнка выпусьціла адразу некалькі новых рэчаў, якія можна назваць мастацкім пратэстам, а старыя калекцыі здабылі новае гучаньне з прычыны падзеяў у краіне.


Летам, напрыканцы ліпеня, дызайнэрка стварыла цішоткі-сукенкі з нашытымі хусткамі з надпісамі «На вуснах мёд, а на сэрцы лёд» і «Што хачу, тое й раблю».

«Ідэя была графічна замаляваная яшчэ ў красавіку 2019-га. Тады я шукала розныя варыянты, як перапрацаваць звычайную футболку, і зрабіла замалёўкі з хусткай. Пэрыядычна вяртаюся да сваіх накідаў і натхняльнікаў як да трамплінаў да новых працаў, новымі вачыма», — кажа Анастасія Васючэнка.

Ужо ў верасьні дзяўчына выпусьціла футболкі-сукенкі «BULBA BABY» і «FLOWER POWER».


«Гэта сапраўды было імгненна. Аднойчы, у жніўні, чарговым разам сон не ішоў да мяне, і я стала круціць у галаве розныя думкі наконт падзей у краіне, як я магу гэта адлюстраваць у сваёй творчасьці, захоўваючы адметнасьць і ня робячы, як кажуць, „у лоб“. Прачнулася зь цьвёрдай упэўненасьцю, што і як мне трэба зрабіць вечарам, калі апынуся дома».

У лістападзе Анастасія пачала рабіць цёплыя хусткі. Першыя былі з эмацыйнай вышыўкай «Mom, I’m fine, while Iʼm posting stories», якая на сто адсоткаў адрэфлексавала пачуцьці дызайнэркі.


«Захацелася зрабіць такую рэч, якую кожная жанчына заўсёды зможа насіць над галавой, як неба Караткевіча»


Далей брэнд выпусьціў хусткі з цытатамі Ўладзімера Караткевіча: «Без чалавечнасьці ня будзе і вечнасьці», «Той, хто кахае — бесьсьмяротны», «Кожны чалавек носіць сваё неба з сабой».


«Мая маці працуе ў бібліятэцы, і, вядома, ад яе я даведалася, што ў лістападзе 2020 году будзе вялікае літаратурнае сьвята — 90 год Караткевічу. І тады захацелася зрабіць такую рэч, якую кожная жанчына заўсёды зможа насіць над галавой, як неба Караткевіча. Але спачатку я ня ведала, якім мастацкім чынам я зраблю віншаваньні пісьменьніку, — тлумачыць дызайнэрка. — Пакуль шукала яго цытаты, паказвала падпісантам „Канвы“, і раптам добрая знаёмая, каліграф Валерыя Каплан, падтрымала ініцыятыву і вызвалася распрацаваць вобразы слоў клясыка. Дужа складана было абраць адзін выраз, і вырашылі замахнуцца на трыптых. Кожная фраза ў сваім колеры і тэхніцы, кожная нясе свой асобны мэсыдж».

У калекцыі хустак выкарыстоўвалася клясычная каляровая трыяда — чорны, белы, чырвоны, што таксама адлюстроўвае характар слоў і агульны настрой, кажа дызайнэрка.

«На выраб адной хусткі сыходзіць ад 5 да 20 гадзін, залежна ад складанасьці. Адметнасьць яшчэ ў тым, што хустка, маючы памер 90×90×130, абкіданая па пэрымэтры ручным швом, а гэта займае каля гадзіны з паловай».

Футболкі з калекцыі «NAZVA» прысьвечаныя беларускаму мастаку Ізраілю Басаву. Кожны адбітак фарбы на льняной тканіне — гэта назва ягонага мастацкага твору. Цяперашнім часам «Дзяўчына ў горадзе», «Дзяўчына ў чырвоным», «Якая ўцякае» набываюць новы сэнс, кажа Анастасія.


«Я адчуваю, што мне трэба цяпер быць тут і казаць пра тое, што прапускаю празь сябе, моваю касьцюма і тэкстылю. Будучы куратарам маркі адзеньня, ня маю права моўчкі пераседжваць гэты час, які б складаны ён ні быў. Мая праца — гэта мае лекі і мае сродкі мастацкай выразнасьці. Калі б яе не было, было б значна цяжэй. Імкненьне нешта зрабіць можа зьявіцца як ад добрых, так і ад дрэнных навінаў. Сум таксама сілкуе. Распаўсюджваць беларускую культуру — асноўная мэта для „Канвы“, і цяпер той час, калі гэта асабліва неабходна».

Kardash: «Гэта мой дабрачынны ўклад у дапамогу работнікам заводаў»


Брэнд Kardash — адзін з самых запатрабаваных у Беларусі. Летась, у самы разгар пратэстаў у краіне, дызайнэрка і заснавальніца Вольга Кардаш стварыла футболкі зь лягатыпамі заводаў, якія баставалі. Жанчына кажа, што яе моцна натхнялі і ўражвалі выступленьні завадчан.


«Я сама была там у той дзень, калі прэзыдэнт прыяжджаў на МЗКЦ і яму крычалі „сыходзь“. Я стаяла з натоўпам работнікаў і проста людзьмі, якія прыйшлі падтрымаць, і гэта было так моцна, нерэальна. І я тады зразумела, што хачу сабе зрабіць футболку. Для мяне гэта быў як лягатып супэргерояў, кшталту Супэрмэна, Чалавека-павука. Я як фанатка хадзіла, і мне было кайфова», — кажа Вольга Кардаш.

На бліжэйшыя пратэсты Вольга надзела такую «заводзкую» футболку. Кажа, што сабрала вельмі шмат камплімэнтаў, зацікавіла людзей.

«Пасьля неяк я пайшла на Камароўскі рынак, каб купіць сабе садавіны-гародніны, і мне казалі: „Што за футболка? А якая крутая!“. Некаторыя наогул пыталіся: „А як у вас справы на заводзе?“ — сьмяецца дызайнэрка. — Я зразумела, што гэта проста ў кропку і многія могуць захацець сабе такія футболкі, але ў мяне не было нават думкі, што я хачу на гэтым зарабляць».

На гэтых футболках брэнд сапраўды не зарабіў, а нават сышоў у мінус. Кошт рэчаў — гэта выдаткі на сыравіну і пералічэньні ў фонд BySol у дапамогу рэпрэсаваным беларусам.

«Я выдаткавала вельмі шмат свайго часу і сіл. Гэта мой дабрачынны ўклад у пратэсты ў дапамогу работнікам заводаў», — кажа Вольга.

Футболкі здабылі вялізную папулярнасьць, а на дызайнэрку пачаўся ціск. Паступала інфармацыя, што на яе рыхтуюць крымінальную справу. Пасьля гэтага Вольга вымушаная была пакінуць Беларусь і цяпер жыве ў Польшчы.

«Прызнаюся, я ня думала, якія ў мяне могуць узьнікнуць пытаньні. У момант, калі я зрабіла першыя пару штук і рыхтавалася да фатасэсіі, я патэлефанавала свайму адвакату, расказала ўсё як ёсьць. Я выразна разумела, што адказнасьць у мяне можа быць такая: заводам гэта, вядома ж, можа не спадабацца, і ў мяне проста павінны запатрабаваць, каб я перастала іх вырабляць».

Адпачатку дызайнэрка адкрыта заяўляла, што ў праекце няма ніякай камэрцыйнай выгады. Вольга кажа, што максымум быў бы адміністрацыйны штраф, але наогул у яе павінны проста патрабаваць спыніць вытворчасьць.

«Але выйшла як выйшла, я ні кропелькі не шкадую, — кажа Вольга. — Усё, што адбывалася з намі, было шмат у чым на эмоцыях, і ў той момант, калі я вырашыла пайсьці і быць назіральнікам на выбарах, жыцьцё перавярнулася. Я была назіральнікам з такімі ж людзьмі, як і я. Яны не былі моцна ўцягнутыя ў палітыку, хтосьці хадзіў у 10-м годзе на пратэсты, хтосьці быў занадта юны яшчэ. Вельмі шмат розных людзей зьявілася ў жыцьці толькі дзякуючы тым падзеям, якія мы ўсе выдатна памятаем. Гэта прывяло мяне да таго, дзе я апынулася цяпер. Я не шкадую, і цяпер я не хачу спыняцца ў пачынаньні, якое ў жніўні выпадкова, імпульсіўна да мяне прыйшло».


«Не хацелася рабіць нешта наўпрост, хацелася быць ляканічнай»


Пасьля пары месяцаў Вольга з мужам заняліся рэгістрацыяй кампаніі ў Польшчы і працай над сайтам. Але гісторыя з футболкамі, на якіх сабралі каля 4000 даляраў для фонду BYSOL, ніяк не адпускала дызайнэрку. Напрыканцы студзеня брэнд прэзэнтаваў дроп з надпісам «Жыве Беларусь».


«Я разумела, што вельмі хачу зрабіць нейкі дроп [партыя эксклюзіўных рэчаў. — РС], які будзе таксама патрыятычным. На ім мы не зарабляем, гэта выключна дабрачыннае мерапрыемства, у нас няма ў гэтым камэрцыйнай выгады. Праўда, прызнаюся, мы ня можам пералічваць усе грошы, як было зь цішоткамі, бо мы проста ня зможам існаваць. Таму пералічваем 50% прыбытку ад гэтага дропа, а астатнія часткова закрываюць нашы пытаньні з падаткамі і гэтак далей».

Усё адзеньне брэнду робіцца з высакаякаснай сыравіны. Пры стварэньні вобразу дызайнэрка абрала і ўнівэрсальныя колеры — чорны і бэжавы («санлайт»), каб людзі маглі спалучаць іх з рознымі вобразамі ў сваім гардэробе.

«Гэта сьвітшоты нашы, у нашым стылі, гэта ня проста „абы зробленае нешта“, у іх столькі ж сіл, любові і энэргіі, колькі і ў іншых нашых мадэлях. Людзі змогуць насіць іх шмат гадоў і атрымліваць асалоду. Мне вельмі не хацелася рабіць нешта наўпрост у лоб, хацелася быць ляканічнай. Зноў жа, гэта частка мяне. Я ня вельмі фанат крычаць гучна, каб за кілямэтар цябе было відаць, але пры гэтым каб усё было відавочна і зразумела».


Яшчэ ў брэнда ёсьць вялікая калекцыя з бусламі. Дызайнэрка кажа, што гэтая птушка ўвасабляе сабой свабоду, што для сучаснай Беларусі набывае новае гучаньне.

«Я ўпэўненая, што мы пераможам»


Пакуль брэнд існуе на тэрыторыі Польшчы, але ў будучыні Вольга хоча аднавіць працу шоў-рума і онлайн-стору ў Беларусі і працаваць на дзьве краіны.

«Невядома, колькі наогул зойме часу наша з вамі барацьба, але што мы пераможам, я ўпэўненая. Мне здаецца, гэта будзе хутчэй, чым мы думаем, — кажа дызайнэрка Вольга Кардаш. — Усё, што з намі цяпер адбываецца, — гэта выпрабаваньне, на якое мы пайшлі, каб жыць у лепшай краіне і дыхаць вольным паветрам. Мне надаюць сілы далей жыць і дыхаць, думаць нашы сябры, якіх я бачу і якія не здаюцца, і наогул усе беларусы, якія працягваюць рабіць, што могуць. Гэта тое, што дае сілы жыць далей, працаваць і ствараць».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG