Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ты супраць нашай дзяржавы?» Аўдыёзапіс размовы настаўніцы і школьніка наконт уступленьня ў БРСМ


Натальля Качанава і Аляксандар Лукашэнка з чальцамі БРСМ, скрыншот з рэпартажу БТ, кастрычнік 2018 году

Як паведамляе выданьне Rebenok.by, у сацыяльных сетках зьявіўся аўдыёзапіс размовы настаўніцы з вучнямі ў адной зь віцебскіх школ. Гаворка ішла пра БРСМ.

Нехта са школьнікаў не хацеў уступаць у грамадзкую арганізацыю. Пэдагог прыстрашыла, што дзіця паставяць на ўнутрышкольны ўлік.

На запісе чуваць, як настаўніца зьвяртаецца да аднаго са школьнікаў:

— Ведаеш, за такія выказваньні цябе можна паставіць на ўнутрышкольны ўлік... Мы табе патлумачым на кляснай гадзіне, што такое БРСМ, што ты жывеш у нашай дзяржаве! Ты супраць нашай дзяржавы?

— Чаму я супраць? — чуецца на заднім фоне голас хлопца.

Настаўніца дадае: — Тады я не разумею... Я табе растлумачу на кляснай гадзіне, да таго часу, пакуль ты не зразумееш... нават тое, як ты сябе паводзіш...

Журналісты выданьня зьвярнуліся ў ЦК БРСМ з пытаньнем: як у арганізацыі ставяцца да падобнай матывацыі вучняў.

— Мы неаднаразова заяўлялі аб тым, што ніякага прымусу з нагоды ўступленьня быць не павінна, — патлумачыла сакратарка ЦК БРСМ Юлія Зінкевіч. — Мы працуем не на колькасьць, а на якасьць. У саюзе моладзі вельмі шмат напрамкаў. Кожны можа сябе рэалізаваць. Тут сапраўды цікава. Калі малады чалавек хоча сюды, то калі ласка. Калі ня бачыць сябе тут, то, значыць, знойдзе пакліканьне ў нечым іншым.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG