Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня: Гадавіна стварэньня Згуртаваньня беларусаў сьвету «Бацькаўшчына»


 IV зьезд Згуртаваньня беларусаў сьвету «Бацькаўшчына», Менск, 2005
IV зьезд Згуртаваньня беларусаў сьвету «Бацькаўшчына», Менск, 2005

Падзеі 6 сакавіка ў беларускай і сусьветнай гісторыі

Дата дня

6 сакавіка 1902 году памёр Флярыян Даноўскі, удзельнік вызвольнага руху 1840-х і нацыянальна-вызвольнага паўстаньня 1863–1864 гг., паліткатаржанін і палітвысланец.

Вас калі-небудзь арыштоўвалі за вашыя погляды? У сёньняшняй Беларусі шмат хто на гэтае пытаньне адкажа станоўча і зразумее пачуцьці тых студэнтаў, гімназістаў, маладых службоўцаў — сяброў таемнага Братняга саюзу літоўскай моладзі, якіх у 1849-м паліцыя забірала ў Вільні, Менску, Горадні, Слоніме...

Ці ня самым юным з двухсот прыцягнутых да сьледзтва патрыётаў быў віленскі навучэнец Флярыян Даноўскі. Праз васямнаццаць бясконцых турэмных месяцаў гэты яшчэ амаль хлопчык з адухоўленым, летуценным абліччам і такой самай душою выслухаў вырак ваеннага трыбуналу: пятнаццаць гадоў катаргі.

Перш чым закаваць шаснаццацігадовага Флярыяна ў кайданы й адправіць на этап, яго прагналі праз шыхт салдатаў зь бязьлітаснымі шпіцрутэнамі.

Напачатку ён, прыкуты да тачкі, працаваў у вусьцішных Нерчынскіх капальнях. Але ў кагосьці з турэмнага начальства здрыганулася сэрца: юнака раскавалі й перавялі на пасяленьне ў Табольск.

Пры канцы 1850-х гадоў сябры Братняга саюзу літоўскай моладзі па амністыі вярталіся ў родныя мясьціны. Аднак, думаючы, што дух нядаўніх катаржанаў зламаны, каляніяльныя расейскія ўлады пралічыліся.

У красавіку векапомнага 1863-га Даноўскага зноў схапілі за прыналежнасьць да паўстанцкай арганізацыі. Усе спробы царскіх катаў вырваць прызнаньне былі марныя. Тады Флярыяна падвялі да шыбеніцы. «Табе 29 гадоў, усё жыцьцё наперадзе, — сказаў расейскі капітан. — Усяго некалькі імёнаў і адрасоў...» — «Ня ведаю», — адказаў Даноўскі. На шыю накінулі пятлю й душылі да страты прытомнасьці.

У траўні 1864-га — новы арышт. Пасьля двух гадоў астрогу — высылка ў Сібір.

Вярнуўшыся празь дзесяць гадоў на радзіму, ён знайшоў прытулак у Прынарачанскім краі ў маёнтку Каралiнова ў мастака Альфрэда Ромэра, які ўвекавечыў Даноўскага на адным з сваіх партрэтаў.

Магілаю гэтага чалавека-легенды апякуецца сёньняшні калега Ромэра, жывапісец Алесь Цыркуноў.

Уладзімер Арлоў, «Імёны Свабоды», 4-е выданьне, с. 98–99.

Таксама ў гэты дзень

1869 — Дзьмітры Мендзялееў публічна прадставіў сваю пэрыядычную сыстэму элемэнтаў.

1940 — абвешчанае перамір’е ў савецка-фінскай вайне.

1944 — пачалося фармаваньне Беларускай Краёвай Абароны.

1972 — у Менску заснавана выдавецтва «Мастацкая літаратура».

1990 — у Менску было створанае Згуртаваньне беларусаў сьвету «Бацькаўшчына», якое арганізацыйна аб’ядноўвае ўсе беларускія асяродкі ва ўсім сьвеце.

У гэты дзень нарадзіліся

1475 — Мікелянджэлё Буанароці, скульптар, мастак і архітэктар часу Адраджэньня.

Стварэньне Адама, фрэска Мікэлянджэлё
Стварэньне Адама, фрэска Мікэлянджэлё

1896 — Ізі Харык, беларускі габрэйскі паэт.

Ізі Харык
Ізі Харык

1928 — Габрыэль Гарсія Маркес, калюмбійскі пісьменьнік, ляўрэат Нобэлеўскай прэміі.

1937 — Уладзімер Крукоўскі, беларускі мастак-плякатыст.

Уладзімер Крукоўскі
Уладзімер Крукоўскі

1964 — Уладзімер Міхно, беларускі мастак і пісьменьнік.

У памяці

1961 — Барыс Вількіцкі, дасьледчык Арктыкі, гідрограф-геадэзіст беларускага паходжаньня.

1999 — Міхаіл Петрыкевіч, краязнаўца, музэязнаўца, пэдагог.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG