Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Перад прысудам зьнік горадзенскі таксіст, якога пасьля выбараў моцна пабіў АМАП


Аляксей Лапа пасьля пабіцьця, архіўнае фота

Аляксея Лапу абвясьцілі ў вышук. Яму пагражала да 3 гадоў калёніі.

У Горадні 3 сакавіка меліся агучыць прысуд Аляксею Лапу, якога 11 жніўня моцна пабіў АМАП, але падсудны не зьявіўся на абвяшчэньне выраку, піша Праваабарончы цэнтар «Вясна». Яго абвясьцілі ў вышук, да таго ён быў пад падпіскай аб нявыезьдзе.

Пракурор прасіў для Аляксея Лапы тры гады калёніі, канфіскацыю аўтамабіля і кампэнсацыю судовых выдаткаў. Яго вінавацілі ў «гвалце або пагрозе гвалту супрацоўніку праваахоўных органаў» (арт. 364 КК РБ), а супрацоўнікі АМАП Павал Конан і Арцём Логіш былі прызнаныя пацярпелымі (па мэдычную дапамогу не зьвярталіся).

Як раней расказваў абвінавачаны, 11 жніўня ён працаваў у службе таксі «Максім» на ўласнай машыне, але інтэрнэт тады не працаваў, замоваў не было, таму проста езьдзіў па горадзе з трыма сябрамі. На выезьдзе з паркоўкі невядомыя сталі біць яму па машыне, у цемры ён не разгледзеў нападнікаў. Калі машыну сталі біць па лабавой шыбе, ён зьехаў.

Паводле абвінавачаньня, ён наехаў на праваахоўнікаў. Сам Лапа заяўляў, што тыя былі без апазнавальных знакаў і нічога не казалі, а сам ён ня меў намеру ім нашкодзіць.

Так затрымлівалі Лазовіка і ягоных сяброў 11 жніўня. Мужчыны ляжаць на зямлі тварам уніз. Фота чытачоў Hrodna.Life
Так затрымлівалі Лазовіка і ягоных сяброў 11 жніўня. Мужчыны ляжаць на зямлі тварам уніз. Фота чытачоў Hrodna.Life

Праз 700 мэтраў машыну падсуднага спынілі супрацоўнікі АМАП, разьбілі машыну, выцягнулі зь яе людзей, моцна зьбілі. У Лапы зафіксавалі шматлікія пераломы і гематомы, пералом сківіцы, скулавой косткі, гаймаравай поласьці, носа. Яму зрабілі апэрацыю.

На сьведку завялі крымінальную справу, на нападнікаў — не

У крымінальнай справе супраць нападнікаў Аляксею Лапу адмовілі: Сьледчы камітэт не пабачыў складу злачынства. На судзе ў яго ў якасьці сьведкі выступаў Ігар Лазовік. Пасьля гэтага на Лазовіка таксама завялі крымінальную справу паводле таго ж артыкула 364.

Паводле афіцыйнай вэрсіі, Лазовік ня менш за 6 разоў ударыў камандзіра роты АМАП Дзьмітрыя Рахунка па тулаве, руках і нагах. Той атрымаў «менш цяжкія пашкоджаньні»: пералом фалангі пальца, кровападцёкі на калене і руках. Лазовік віны не прызнаў, расказаў пра пабоі пры затрыманьні, зафіксаваную чэрапна-мазгавую траўму.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG