Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За тое, што мянчук адмовіўся зьняць з балькона сьцяг, ДАІ эвакуавала ягоную машыну. ВІДЭА


Сьцягі на лёджыях, ілюстрацыйнае фота

Жыхар менскага кварталу «Пірс» павесіў на бальконе бел-чырвона-белы сьцяг. Калі ля дома зьявіліся невядомыя, ён адмовіўся адчыняць дзьверы, а празь нейкі час пад’ехаў эвакуатар і забраў ягоны аўтамабіль.

Як расказаў Свабодзе Ільля, сьцяг на ягоным бальконе вісеў больш за паўгода. Пэрыядычна прыяжджалі невядомыя «кантралёры», спрабавалі трапіць у кватэру, але нічога не атрымлівалася.

«Напярэдадні зноў прыехалі, шукалі мяне, але не змаглі вызначыць нумар кватэры, — працягвае мужчына. — Калі я сам выйшаў на балькон, пачалі крычэць, каб спусьціўся, трэба праехаць у РУУС. Я адказаў, што гаварыць зь імі ня маю ніякага жаданьня. Потым знайшлі мой нумар тэлефона, пазванілі, палохалі, што сьцяг — гэта незаконна. Кажу, складайце пратакол, выклікайце позвай, тады будзем разаўляць. На гэтым усё скончылася».

А праз некалькі гадзін прыехалі забіраць машыну — намагаліся справакаваць, каб выйшаў, тады затрымаць і адвезьці ў міліцыю, лічыць Ільля.

«Я моўчкі назіраў, на правакацыі не паддаўся. Куды ўрэшце зьвезьлі машыну — дагэтуль ня ведаю, — кажа ён. — Людзі ў форме ДАІ зрабілі гэта без аніякай прычыны, прынамсі мне нічога не давялі. Зьявіліся і моўчкі пачалі грузіць на эвакуатар, спадзеючыся, відаць, „запакаваць“ і мяне, калі выйду разьбірацца... А сёньня раніцай адключылі ў тамбуры сьвятло, стукаліся ў дзьверы, на просьбу прадставіцца маўчалі. Пазьней знайшоў у дзьвярах позву ў міліцыю на 4 сакавіка».

Ягоныя суседзі зьнялі на відэа супрацоўніка міліцыі ў цывільным, але ўцямна мэту візыту свайго ён так і не патлумачыў — маўляў, зьдзейсьненае правапарушэньне.

Калі сьледам пад’ехала спэцтэхніка, каб зьняць бел-чырвона-белы сьцяг, Ільля гэта зрабіў сам. Кажа, што бессэнсоўна нешта даказваць тым, хто мусіць абараняць людзей, а на справе дэманструе поўнае беззаконьне.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG