Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Байдэн заявіў, што да канца траўня ў ЗША будзе дастаткова вакцын для кожнага дарослага амэрыканца


Джо Байдэн

Прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн заявіў у аўторак, што да канца траўня на ўнутраны рынак краіны будзе пастаўлена дастаткова дозаў для вакцынацыі ад COVID-19 кожнага дарослага амэрыканца, інфармуе «Голас Амэрыкі».

Байдэн сказаў пра гэта, выступаючы ў Белым доме перад журналістамі. Прэзыдэнт анансаваў партнэрства паміж дзьвюма фармацэўтычнымі кампаніямі — Johnson & Johnson (J & J) і Merck & Co Inc, якая дапаможа J & J у вытворчасьці вакцыны ад COVID-19. Байдэн параўнаў гэтую падзею з партнэрствам, якое назіралася ў гады Другой сусьветнай вайны.

Кіраўнік Белага дома выказаў упэўненасьць у тым, што, маючы ў наяўнасьці тры вакцыны, яго адміністрацыя зможа дасягнуць раней пастаўленай мэты — вакцынаваць 100 мільёнаў чалавек за першыя сто дзён прэзыдэнцтва Байдэна.

«Цяпер мы імкнёмся да таго, каб забясьпечыць дастатковую колькасьць вакцыны для кожнага дарослага амэрыканца да канца траўня», — сказаў Байдэн, які ў мінулым месяцы прагназаваў, што такая колькасьць дозаў будзе пастаўлена ў краіну да канца ліпеня.

«Гэта прагрэс. Важны прагрэс. Але самога па сабе запасу вакцыны недастаткова. Нам патрэбны вакцынатары: людзі, якія будуць рабіць прышчэпкі... мільёнам амэрыканцаў», — падкрэсьліў Байдэн.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG