Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі 45% прыватных аптэк. Што будзе, калі застануцца толькі дзяржаўныя


Чарга ў аптэку ў Менску, архіўнае фота.
Чарга ў аптэку ў Менску, архіўнае фота.

Аляксандар Лукашэнка рэзка выказаўся аб прыватных аптэках, якія «павышаюць цэны на лекі», і прыгразіў «пакінуць толькі дзяржаўныя». Глядзім, што ня так з прыватнымі аптэкамі.

Парацэтамол на 2 капейкі таньнейшы ў прыватных

Паводле ўладаў, «прыватныя аптэкі задзіраюць цэны». Правяраем, ці так гэта.

Глядзім на цэны праз сэрвіс tabletka.by, які дазваляе шукаць лекі па аптэках. Звычайны парацэтамол айчыннай вытворчасьці ў некалькі першых-лепшых прыватных аптэках каштуе 46–47 капеек за адну пласьцінку. А ў дзяржаўных аптэках ад «Белфармацыі» — 47–49 капеек. На 2–3 капейкі даражэй.

Ацэтылсаліцылавая кіслата, або звычайны асьпірын, знаходзіцца таньней таксама ў прыватных аптэках — 79 капеек за пласьціну, а ў дзяржаўных — на капейку даражэй.

Антыгрыпін знаходзім у прыватных аптэках за 8 рублёў, а ў дзяржаўных — за 9,5 рубля.

Аскарбінавую кіслату беларускай вытворчасьці ў прыватных аптэках знаходзім па 68–69 капеек. А ў дзяржаўных цэньнік пачынаецца ад 70 капеек.

Смэкту францускай вытворчасьці ў прыватных аптэках знаходзім за 21 рубель 70 капеек, а ў дзяржаўных аптэках ад «Белфармацыі» — за 23 рублі 69 капеек. Пошук лекаў выдае адразу самыя танныя варыянты. Сярод 10 найменьняў, якія тэстуем, самыя танныя варыянты — у прыватнікаў. Але ёсьць і такія прыватныя аптэкі, дзе цэны вышэйшыя, чым у дзяржаўных.

Колькі прыватных аптэк, а колькі дзяржаўных

Па інфармацыі на 2018 год агулам у Беларусі было 3320 аптэк, зь іх 55% дзяржаўныя і 45% прыватныя. Гэта агулам па краіне. У некаторых вёсках і паселішчах аптэкі толькі дзяржаўныя.

Цяпер у Менску 217 аптэк ад дзяржаўнай сеткі «Белфармацыя», а агулам іх у сталіцы каля тысячы. То бок аптэк дзяржаўнай сеткі РУП «Белфармацыя» ў Менску крыху больш за 20%.

Правяраем на прыкладзе аднаго мікрараёну — у межах бульвара Шаўчэнкі і Кіеўскага сквэру. Тут працуе 5 аптэк, адна зь іх — дзяржаўная.

Што будзе, калі зачыняць прыватныя аптэкі

З 1 студзеня 2021 году ўлады абклалі некаторыя мэдыкамэнты падаткам на даданую вартасьць, ён складае 10%. Раней у адносінах да некаторых лекаў гэты падатак не прымяняўся. Гэта прывяло да росту цэнаў. Напрыклад, імпартныя аднаразовыя лінзы зь мінулага году падаражэлі ў 1,5 раза.

Пазьней улады ўвялі рэгуляваньне цэнаў на больш як 40 найменьняў лекаў.

На думку старшага навуковага супрацоўніка цэнтру эканамічных дасьледаваньняў Beroc Льва Львоўскага, улады ня пойдуць на закрыцьцё прыватных аптэк.

«Гэта рыторыка, якая паўтараецца з году ў год. Савецкае ўяўленьне пра фінансістаў і пасярэднікаў, якія псуюць народу жыцьцё і завышаюць цэны. Гэта наўрад ці адбудзецца. Калі іх усё ж закрыюць — гэта чарговы ўдар па эканоміцы. Прыціснулі адных, другіх, трэціх. Будзе горшы сэрвіс, менш аптэк. Магчыма, яны зьбіраюцца нацыяналізаваць аптэкі, але па выніку ўсё адно будзе горш», — мяркуе Леў Львоўскі.

Ад пачатку году ўлады абрынуліся на прыватны бізнэс. Сьпярша ў павелічэньні цэнаў былі «вінаватыя» прыватныя гандлёвыя сеткі, пра якія Лукашэнка згадаў на Ўсебеларускім сходзе, цяпер «вінаватыя» аптэкі. Інфляцыя за мінулы год склала больш за 7%. І гэтае павышэньне адбылося ня толькі ў прыватных аб’ектах гандлю.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG