Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Колішняга сьледчага Астаповіча выключылі з ініцыятывы былых сілавікоў? BYPOL: «Гэта ўкід. Расколу ў нас няма»


Андрэй Астаповіч

У ініцыятыве былых беларускіх сілавікоў, якія аб’ядналіся супраць Лукашэнкі, адбыўся ўнутраны канфлікт, піша «Наша Ніва». Сам Астаповіч пакуль не камэнтуе сытуацыю.

Паводле інфармацыі «Нашай Нівы», прыкладна тыдзень таму Андрэя Астаповіча выключылі з шэрагаў BYPOL. Супярэчнасьці тычыліся будучыні аб’яднаньня. 27-гадовы экс-сьледчы доўга быў мэдыйным тварам кампаніі.

Астаповіч мае пяцігадовы досьвед працы ў Сьледчым камітэце. Калі пачаліся выбары, ён спачатку ўдзельнічаў у акцыях пратэсту, а пасьля напісаў рапарт аб звальненьні са сьледчых органаў.

Акрамя працы ў BYPOL, Астаповіч уваходзіў у Народнае антыкрызіснае кіраўніцтва, створанае Паўлам Латушкам.

Раней Сьвятлана Ціханоўская абвясьціла аб стварэньні на базе BYPOL Сытуацыйна-аналітычнага цэнтру. Задачай яму паставілі стратэгічнае плянаваньне і распрацоўку тактычных дзеяньняў па ўзнаўленьні ў Беларусі законнасьці і правапарадку, збор і аналіз апэратыўна-значнай інфармацыі, у тым ліку аб пратэставай актыўнасьці.

Паводле інфармацыі «Нашай Нівы», Астаповіч выступіў супраць таго, каб арганізацыя ператваралася ў палітычную і далучалася да працы штабу Ціханоўскай.

Што сказалі ў BYPOL

«Расколу ў BYPOL не было і няма, ініцыятыва працуе ў штатным рэжыме», — заявіла ініцыятыва былых сілавікоў у афіцыйным тэлеграм-канале.

Паводле заявы, удзельнікі BYPOL «зьвязаныя пісьмовымі дамоўнымі абавязаньнямі аб неразгалошваньні дадзеных, што выключае магчымасьць камэнтароў адносна ўнутранага ўкладу ініцыятывы».

«Гэтымі ж дамоўнымі абавязаньнямі членам ініцыятывы забаронена быць удзельнікамі якіх-небудзь праектаў, якія наўпрост ці ўскосна дублююць дзейнасьць BYPOL, у тым ліку ў выпадку выхаду з шэрагаў BYPOL. Нароўні з кібэр-нападамі на нашы рэсурсы, інфармацыйнымі нападамі на BYSOL, „HEXTA“ і іншыя праекты, інфармацыя (у „Нашай Ніве“. — РС) укінутая пасьля паведамленьня аб стварэньні Сытуацыйна-аналітычнага цэнтру і аб’яднаньні намі намаганьняў з шэрагам ініцыятыў. Мэтай укіду ёсьць разьяднаньне і дэмаралізацыя беларусаў», — гаворыцца ў заяве BYPOL.

Атрымаць камэнтар Андрэя Астаповіча пакуль не атрымалася.

Тым часам былы PR-мэнэджар BYPOL Яўген Мядзьведзеў выступіў з заявай з нагоды публікацыі ў «Нашай Ніве».

«Я ўзначаліў аддзел PR у канцы сьнежня 2020 году. За паўтара месяца нам удалося ператварыць BYPOL у добра вядомы брэнд, пра які гавораць у Беларусі і Расеі, які спрабуюць шальмаваць беларускія прапагандысты, якога баяцца беларускія ўлады, пра які робяць рэпартажы і фільмы журналісты зь Японіі, ЗША, Нямеччыны, Швэцыі, Даніі і многіх іншых краін.

Два тыдні таму, скончыўшы праект па раскрутцы BYPOL, я заняўся новым напрамкам: эканамічнымі расьсьледаваньнямі. Цяпер мая каманда расьсьледуе факты кантрабанды цыгарэт, вугалю, нафты і зброі „кашалькамі Лукашэнкі“.

Наколькі мне вядома, каманда BYPOL працягвае расьсьледаваньні ў сфэры праваахоўных органаў, Андрэй Астаповіч па-ранейшаму на сувязі з былымі калегамі. Аднак адным BYPOL парадак дня па сілавіках не абмяжоўваецца: акрамя іх, таксама працуюць незалежная каманда па эканамічных расьсьледаваньнях, група рэфармаваньня органаў унутраных спраў пры Народным антыкрызісным кіраўніцтве, якую ўзначальвае Сьвятлана Хілько, „Беларускі народны трыбунал“.

У найбліжэйшы час усе названыя праекты адзначацца гучнымі расьсьледаваньнямі, рэформай МУС, якую ўжо кансультуюць і падтрымліваюць знакавыя замежныя экспэрты, таму сачыце за нашымі навінамі: іх будзе шмат, і мы вас не расчаруем».

BYPOL заснавалі напрыканцы кастрычніка 2020 году, калі Сьвятлана Ціханоўская ў Варшаве сустрэлася з былымі сілавікамі. Ініцыятыва праславілася расьсьледаваньнямі абставін рэзанансных справаў, як было са сьмерцю Рамана Бандарэнкі, а таксама многімі тэлефоннымі размовамі высокіх чыноўнікаў і эксклюзіўнымі відэа.

Аб’яднаньне ўтварылі былыя супрацоўнікі розных сілавых ведамстваў, якія сышлі з працы пасьля жнівеньскіх падзей, заявіўшы аб нелегітымнасьці знаходжаньня Лукашэнкі ва ўладзе.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG