Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня: Сусьветны дзень пісьменьніка


Янка Купала і Якуб Колас, карціна Івана Ахрэмчыка

Падзеі 3 сакавіка ў беларускай і сусьветнай гісторыі

Дата дня

3 сакавіка 1944 году ў Вільні быў забіты Францішак Аляхновіч, драматург, пісьменьнік, аўтар адной зь першых у сьвеце кніг пра савецкую турму «Ў капцюрох ГПУ».

Францішак Аляхновіч
Францішак Аляхновіч

Ягонае імя вядомае значна менш, чым імя расейскага пісьменьніка Аляксандра Салжаніцына. Між тым менавіта ён, Францішак Аляхновіч, упершыню, за некалькі дзесяцігодзьдзяў да «Архіпэлягу ГУЛАГу», здолеў сказаць сьвету вусьцішную праўду пра імпэрыю савецкіх канцлягераў.

Ён нарадзіўся ў сям’і віленскага тэатральнага скрыпача. Калі Францішку споўнілася пяць гадоў, бацька пачаў браць яго на спэктаклі. Малога палохалі тэатральныя стрэлы, але захапленьне тым, што адбывалася на сцэне, было мацнейшае за страх. Ад таго часу Францішкава душа назаўсёды пасялілася ў тэатры.

У 1916-м ён стварыў у Вільні гурток, зь якім паставіў сваю першую п’есу «На Антокалі», напісаную, дарэчы, у Лукіскай турме, дзе аўтар адбываў гадавое зьняволеньне «за зьнявагу сілаў нябесных і намер скінуць існую ўладу».

Да Аляхновіча хутка прыходзіць слава нацыянальнага драматурга. Максім Гарэцкі прысьвячае яму цэлы разьдзел у сваёй «Гісторыі беларускае літаратуры». Натхнёны прызнаньнем і веданьнем законаў тэатру, Францішак адважваецца на незвычайны экспэрымэнт: дапісвае й ахвяруе Янку Купалу трэці акт «Паўлінкі». Амбітны аўтар арыгіналу не выказвае незадавальненьня.

У 1925-м Францішак завяршае сямнаццатую п’есу

Наступную яму наканавана напісаць амаль праз два дзесяцігодзьдзі. Аляхновіча, якога ў БССР афіцыйна называюць «бацькам беларускай драматургіі», у 1926 годзе запрашаюць на Акадэмічную канфэрэнцыю па рэформе правапісу. Ён ведае, што жыцьцё — тэатар, дзе не бывае рэпэтыцыяў, адны прэм’еры, але пагаджаецца прыехаць у Менск. Назад яго ўжо не выпускаюць.

Ён становіцца ці ня першым у Беларусі засуджаным паводле артыкула 98 («организация, действующая в направлении помощи международной буржуазии»).

За давер да бальшавіцкай улады Францішак мусіў разьлічвацца цэлым дзесяцігодзьдзем на Салаўках. І раптам, «усяго» празь сем гадоў зьняволеньня, нечаканае шчасьце — абмен у 1933-м на палітыка і мовазнаўцу, вязьня польскіх турмаў Браніслава Тарашкевіча.

Апошні неўзабаве таксама апынуўся ў савецкіх засьценках. Аляхновічу пашанцавала болей. Ён атрымаў яшчэ дзесяць гадоў вольнага жыцьця.

Ягоная кніга «Ў капцюрох ГПУ», пачынаючы з 1935 году, выйшла на сямі мовах у Эўропе й Амэрыцы.

У сакавіку 1944-га ў яго кватэру ў акупаванай немцамі Вільні зайшлі двое. Суседзі пачулі стрэл. Як высьветлілася ў 1980-я, забойцам быў Ё. Сіманавічус (Пятрайціс) — партызан, які пасьля вайны закончыў партшколу, працаваў на высокіх пасадах і «адзначыўся» ўва ўсіх літоўскіх савецкіх энцыкляпэдыях.

У 1990-я глыбокія, мэтафізычныя творы Францішка Аляхновіча вярнуў на беларускую сцэну Мікола Трухан. Ёсьць штосьці трансцэндэнтнае ў тым, што гэты таленавіты рэжысэр заўчасна скончыў свой зямны шлях неўзабаве пасьля пастаноўкі апошняй Аляхновічавай п’есы-гратэску «Круці не круці — трэба памярці».

Уладзімер Арлоў, «Імёны Свабоды», 4-е выданьне , с. 222–223.

Таксама ў гэты дзень

1067 — адбылася бітва на рацэ Нямізе паміж войскам Усяслава Чарадзея і злучанымі дружынамі князёў Кіеўскай Pycі. Першая згадка Менску ў крыніцах.

Бітва на Нямізе, малюнак з Радзівілаўскага летапісу
Бітва на Нямізе, малюнак з Радзівілаўскага летапісу

1861 — у Расейскай імпэрыі скасаванае прыгоннае права: Аляксандар II выдаў маніфэст аб вызваленьні сялян.

1878 — паміж Расеяй і Турэччынай падпісаная Сан-Стэпанская мірная дамова. У складзе Асманскай імпэрыі ўтворанае аўтаномнае княства Вялікая Баўгарыя. Адзначаецца ў Баўгарыі як дзень вызваленьня ад асманскага панаваньня.

1917 — у Кіеве ўтвораная Ўкраінская Цэнтральная Рада.

1918 — падпісаны Берасьцейскі мір паміж Расеяй і Нямеччынай. Паводле ўмоваў міру Расея адмаўлялася ад часткі тэрыторыі Беларусі па лініі Дзьвінск — Сьвянцяны — Ліда — Пружаны — Берасьце. Прадстаўнікоў Беларусі не запрасілі на падпісаньне гэтай мірнай дамовы.

1933 — у Потсдаме канцлер Нямеччыны Адольф Гітлер абвясьціў пра ўтварэньне «Трэцяга райху».

1991 — на рэфэрэндуме ў Латвіі 74% насельніцтва прагаласавалі за незалежнасьць ад СССР, у Эстоніі — 83%.

У гэты дзень нарадзіліся

1843 — Аляксандар Бэл, амэрыканскі навуковец, вынаходнік тэлефона.

1942 — Уладзімер Кавалёнак, беларускі касманаўт.

Уладзімер Кавалёнак
Уладзімер Кавалёнак

1953 — Валеры Масьлюк, беларускі рэжысэр.

Валеры Масьлюк
Валеры Масьлюк

У памяці

1767 — Ян Гляўбіц, клясык беларускай архітэктуры.

1900 — Валенці Швыкоўскі, маршалак пружанскі, удзельнік паўстаньня 1863 году, мэцэнат.

1953 — Мікола Равенскі, беларускі кампазытар, аўтар гімну «Магутны Божа».​

2018 — Валянціна Лемцюгова, беларуская мовазнаўца.

2018 — Георгі Штыхаў, археоляг, чые манаграфіі «Старажытны Полацак» і «Гарады Полацкай зямлі» сталі клясыкай беларускай археалёгіі.

Георгі Штыхаў
Георгі Штыхаў

2020 —Надзея Дземідовіч, удзельніца паваеннага антысавецкага супраціву, зьняволеная ў ГУЛАГу, удзельніца нацыянальна-дэмакратычнага руху 1980-х — пачатку ХХІ стагодзьдзя.

Надзея Дземідовіч
Надзея Дземідовіч

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG