Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЭЗ пра сытуацыю ў Беларусі і суды над журналістамі: Гэта непрымальна і павінна спыніцца


Журналісткі Дарʼя Чульцова і Кацярына Андрэева падчас суду над імі
Журналісткі Дарʼя Чульцова і Кацярына Андрэева падчас суду над імі

Эўрапейскі Зьвяз уважліва сочыць за тым, што адбываецца ў Беларусі. У тым ліку за перасьледам праваабаронцаў, прадстаўнікоў прафсаюзаў і адвакатаў, а таксама за судамі над журналістамі. «Гэта павінна спыніцца, гэта непрымальна ў Эўропе XXI стагодзьдзя», — заявіў прэс-сакратар зьнешнепалітычнай службы ЭЗ Пэтэн Стана парталу Tut.by.

Стана адзначыў, што Эўразьвяз усё гэтак жа рашуча асуджае рэпрэсіі, якія праводзяць беларускія ўлады пасьля выбараў 2020 году.

«Непрымальны перасьлед праваабаронцаў, работнікаў СМІ, прадстаўнікоў прафсаюзаў і адвакатаў апошнімі днямі і тыднямі ўзмацніўся. Мы пабачылі гэта пры вынясеньні прысуду дзьвюм журналісткам «Белсата» Дарʼі Чульцовай і Кацярыне Андрэевай, якіх паводле неабгрунтаваных абвінавачаньняў пазбавілі волі на 2 гады. Мы таксама бачым суды над іншымі журналістамі».

Пэтэр Стана
Пэтэр Стана

ЭЗ расцэньвае гэта як працяг запужваньня і спробы ўладаў прымусіць замоўкнуць журналістаў і работнікаў СМІ, якія «проста выконваюць сваю працу».

«Намаганьні ўладаў відавочна скіраваныя на тое, каб перашкодзіць беларускаму народу атрымліваць інфармацыю, і гэта недапушчальна, — адзначыў Пэтэр Стана. — Мы заклікаем улады Беларусі спыніць уціск правоў і свабодаў чалавека (у тым ліку свабоду прэсы), спыніць злоўжываць законам і выкарыстоўваць судовую сыстэму для запужваньня журналістаў».

Пэтэр Стана сказаў, што Эўразьвяз разглядае магчымасьць прыняцьця новых санкцый, бо будзе «падтрымліваць беларускі народ у ягоным законным памкненьні да дэмакратыі, дапамагаць грамадзянскай супольнасьці і караць тых, хто адмаўляе беларускаму народу ў ягоных асноўных правах».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG