Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За год экспарт нафтапрадуктаў упаў удвая, калійных угнаеньняў — на 12%


Ілюстрацыйнае фота. Кантэйнэры з нафтапрадуктамі на нафтасховішчы каля Мазыру
Ілюстрацыйнае фота. Кантэйнэры з нафтапрадуктамі на нафтасховішчы каля Мазыру

Нафтапрадукты і калійныя ўгнаеньні — асноўная крыніца прытоку валюты ў Беларусь і асноўныя прадукты на экспарт, якія прыносяць прыбытак. Глядзім, што адбываецца зь іх экспартам.

Экспарт нафтапрадуктаў падае другі год запар

2,7 мільярда даляраў — на столькі Беларусь летась экспартавала нафтапрадуктаў. Гэта амаль удвая меней, чым годам раней. У 2019 годзе на экспарце нафтапрадуктаў Беларусь зарабіла 5,2 мільярда даляраў.

Асноўнымі пакупнікамі летась былі Ўкраіна, Вялікая Брытанія, Нідэрлянды. Дзьве апошнія краіны — асноўныя трэйдэры, то бок яны прадаюць беларускія нафтапрадукты далей у Эўропу.

У параўнаньні з 2019 годам удвая зьнізіўся і кошт, па якім Беларусь прадавала нафтапрадукты.

Продаж нафтапрадуктаў зь Беларусі скарачаецца ўжо другі год запар: у 2018 годзе нафтапрадуктаў прадалі на 6,4 мільярда даляраў.

Нафтапрадукты — адна з асноўных крыніц прытоку валюты ў Беларусь, гэтая схема працуе шмат гадоў. Беларусь набывае нафту ў Расеі, перапрацоўвае і прадае за мяжу.

Летась формула дала збой: Беларусь набыла ў Расеі нафты на 3,8 мільярда даляраў, перапрацавала — і зарабіла на экспарце толькі 2,7 мільярда.

Калійныя ўгнаеньні патаньнелі на 23%

Летась Беларусь экспартавала калійных угнаеньняў на 2,4 мільярда даляраў. Гэта на 12% менш, чым было ў 2019 годзе, тады ўгнаеньняў экспартавалі на 2,7 мільярда даляраў. Зьменшылася і цана — амаль на 23% у параўнаньні з 2019 годам. Гэта значыць, што за меншую цану экспартавалі больш.

Асноўныя пакупнікі: Бразылія, Кітай, Індыя. У ранейшыя гады экспарт калійных угнаеньняў зь Беларусі трымаўся на ўзроўні 2,7 мільярда даляраў на год. З 2017-га цана расла кожны год.

Чаму прасеў экспарт стратэгічных для Беларусі нафтапрадуктаў

З пачатку мінулага году былі праблемы з пастаўкай расейскай нафты, а пасьля зьмянілася каньюнктура рынку. Пра гэта кажа кіраўнік цэнтру Мізэса Яраслаў Раманчук.

Яраслаў Раманчук
Яраслаў Раманчук

«На пачатку году ЭЗ не купляў нафтапрадукты, нафта не зьяўляецца чыньнікам канкурэнтаздольнасьці. Быў момант, калі нафта прасела і каштавала 0 даляраў. Цяпер цана на нафту расьце, і ў гэтым годзе могуць быць іншыя экспартныя лічбы», — кажа Яраслаў Раманчук.

Цяпер Беларусь хоча пераарыентаваць пастаўкі нафтапрадуктаў, каб яны ішлі не праз балтыйскія парты, а праз Расею.

«Пытаньне, хто будзе бэнэфіцыярам экспарту — беларускі бюджэт ці расейскія кампаніі. Калі гэта будуць расейскія кампаніі, то яны будуць кантраляваць экспарт у большай ступені, чым літоўскія парты», — мяркуе Яраслаў Раманчук.

Раней Свабода падлічвала, што экспарт праз расейскія парты абыдзецца даражэй, чым празь літоўскія, бо яны геаграфічна далей.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG