Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня: дзень народзінаў Яўгена Шатохіна


Яўген Шатохін

Падзеі 25 лютага ў беларускай і сусьветнай гісторыі.

Дата дня

25 лютага 1947 году нарадзіўся беларускі мастак і грамадзкі дзяяч Яўген Шатохін. Ён удзельнічаў у праўленьні Беларускага саюзу мастакоў і ўваходзіў у мастацкую суполку «Пагоня».

Ён быў чалавекам цьвёрдых перакананьняў.

Гэта могуць засьведчыць аднапартыйцы з КХП БНФ, мастакі з суполкі «Пагоня», удзельнікі пленэраў у родных мясьцінах Васіля Быкава, Язэпа Драздовіча, Напалеона Орды, куды Яўген, бывала, прыяжджаў ажно з Францыі. Ад 1990-га да 1999-га ён быў дэпутатам Пінскага гарсавету, выклікаючы шалёную нянавісьць у апанэнтаў-лукашыстаў.

Менш вядомыя падзеі зь Яўгенавага юнацтва, калі ён, не жадаючы з ідэйных меркаваньняў служыць у савецкай арміі, нейкі час вёў паўгалоднае і небясьпечнае жыцьцё таёжнага самотніка. У выніку Шатохіна ўзяліся «привлекать за тунеядство». «Ты дзе працуеш? Дзе тваё працоўнае месца?» — роў на яго чалавек у форме. «Я — мастак. А мы на працы ўдзень і ўначы». І раптам архангельскі мент астыў і крыху разгублена прамовіў: «Амаль як я». Справа не атрымала ходу.

Ён хораша сябраваў з намі, літаратарамі. Ганарыўся, што ў Сойме БНФ працаваў разам з Быкавым. Стварыў выдатны партрэт Барадуліна.

Але для мяне Жэня быў яшчэ й капітанам. Ці, можа, лепей так — Капітанам.

Калісьці недзе пад Піцерам ён купіў стары вельбот. Дадому, у Пінск, Яўген вярнуўся зь яхтай. У 2011-м мы сяброўскай кампаніяй зьдзейсьнілі на гэтай яхце, якая завецца «Сакавік 25», вандроўку ад Пінску да Турава. Дасюль сьняцца белыя чаплі, вячыстыя дубровы, сонныя вужы на цёплым пяску...

Мы ішлі пад бел-чырвона-белым сьцягам.

Пад ім Капітан адплываў і ў апошняе падарожжа.

Уладзімер Арлоў, Імёны Свабоды, 4-е выданьне, 2020, с.618–619


Таксама ў гэты дзень


1918 — створанае Менскае беларускае прадстаўніцтва — палітычнае аб’яднаньне беларускіх партыяў і групаў лібэральнай і правацэнтрысцкай арыентацыі ў 1918 — пачатку 1919 году.

1921 — савецкія войскі занялі Тбілісі. У Грузіі гэты дзень лічаць Днём савецкай акупацыі.

1956 — на закрытым пасяджэньні XX зьезду КПСС Мікіта Хрушчоў выступіў з дакладам пра культ асобы Ёсіфа Сталіна. Гэты даклад паклаў пачатак працэсу дэсталінізацыі ў СССР.

У гэты дзень нарадзіліся

1871Леся Ўкраінка, украінская паэтка і пісьменьніца.

1879Гасан Канапацкі, беларускі вайсковец, дзяяч нацыянальна-вызвольнага руху.

1906Павал Каруза, беларускі фальклярыст, кампазытар, грамадзка-палітычны дзяяч.

1909Сяргей Дарожны, беларускі паэт, грамадзкі і культурны дзяяч.

1943Джордж Гарысан, ангельскі музыка, удзельнік гурту The Beatles.

Рынга Стар, Пол Макартні, Джордж Гарысан і Джон Ленан. 9 жніўня 1969
Рынга Стар, Пол Макартні, Джордж Гарысан і Джон Ленан. 9 жніўня 1969

1957 — беларускі паэт Алесь Пісьмянкоў.

У памяці

1959 — памёр Клаўдзі Дуж-Душэўскі, беларускі архітэктар і палітычны дзяяч. Распрацаваў эскіз сьцяга БНР.

Клаўдзі Дуж-Душэўскі. Здымак з фондаў БДАМЛМ
Клаўдзі Дуж-Душэўскі. Здымак з фондаў БДАМЛМ

У сваім багатым на падзеі жыцьці, прысьвечаным беларускай справе, выхаванец Пецярбурскага горнага інстытуту Клаўдзі Дуж-Душэўскі сумленна й плённа працаваў на розных афіцыйных і неафіцыйных пасадах: ад выкладчыка Віленскай беларускай гімназіі да дзяржаўнага сакратара ва Ўрадзе БНР на чале з Вацлавам Ластоўскім.

Але ў прышласьці, калі бел-чырвона-белы сьцяг зноў стане дзяржаўным, мы будзем шанаваць Душэўскага найперш за тое, што менавіта ён на падставе гістарычных сьведчаньняў і колераў народных строяў і арнамэнтаў стварыў эскіз Беларускага сьцяга.

Дакладная дата яго зацьверджаньня ня выяўленая, аднак ужо ўвесну 1917-га, за год да абвяшчэньня БНР, бел-чырвона-белы сьцяг успрымаўся па ўсёй Беларусі сваім. 12 сакавіка, калі ў Менску праходзіў Дзень беларускага значка, на вуліцах былі вывешаныя дзясяткі сьцягоў. Улетку наш сьцяг узьнялі на віленскім Катэдральным пляцы. Першы Ўсебеларускі зьезд у сьнежні 1917-га ўжо прызнаваў Сьцяг нацыянальным сымбалем краіны.

Пасьля далучэньня Літвы да СССР старшыня Беларускага нацыянальнага цэнтру ў Коўне архітэктар Дуж-Душэўскі трапіў у савецкую турму. Падчас нямецкай акупацыі яго за дапамогу габрэям кінулі ў нацысцкі канцлягер. У лютым 1952-га Душэўскі як «актыўны беларускі нацыяналіст» быў асуджаны да 25 гадоў зьняволеньня ў канцлягерах савецкіх.

Праз тры дзесяцігодзьдзі пасьля яго сьмерці бел-чырвона-белы сьцяг залунаў над менскім Домам ураду.

Уладзімер Арлоў, Імёны Свабоды, 4-е выданьне, 2020, с.256–257


1960 — памерла Ўладзіслава Луцэвіч, жонка Янкі Купалы і стваральніца яго музэю.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG