Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускі бізнэсовец захаваў кантроль над нафтаправодам ва Ўкраіне, але спыніў транзыт нафты


Беларускі бізнэсовец Мікалай Варабей. Фота Дар'я Буракіна / TUT.BY

Мікалай Варабей, які валодае 51 адсоткам акцый украінскай кампаніі «Прикарпатзахідтранс», захоўвае кантроль над прадуктаправодам, нягледзячы на санкцыі, ухваленыя Радай нацыянальнай бясьпекі і абароны Ўкраіны 19 лютага супраць Віктара Медведчука, які валодае іншай часткай акцый гэтай кампаніі.

Згодна з украінскім заканадаўствам, падсанкцыйныя і арыштаваныя кампаніі і іхная маёмасьць перадаюцца ў кіраваньне АРМА — Нацыянальнаму агенцтву Ўкраіны ў пытаньнях знаходжаньня, вышуку і кіраваньня актывамі, атрыманымі ад карупцыйных і іншых злачынстваў. Але датычна кампаніі «Прикарпатзахідтранс» ёсьць нюансы.

Як паведаміў Свабодзе намесьнік старшыні АРМА Ўладзімір Паўленка, агенцтва пакуль не атрымала ніякіх дакумэнтаў аб перадачы ў кіраваньне маёмасьці кампаніі «Прикарпатзахідтранс».

«Павінна быць судовае рашэньне. Пакуль што такія дакумэнты не перадаваліся, але нам могуць перадаць усё што заўгодна. У суд па гэтым пытаньні мае зьвярнуцца пракуратура», — сказаў Уладзімір Паўленка.

Апроч таго, паводле прадстаўніка АРМА, Мікалай Варабей можа захаваць за сабой права кіраваньня кампаніяй:

Уладзімір Паўленка
Уладзімір Паўленка

«Гэта датычыць любых асобаў, чые актывы былі ці будуць перададзеныя АРМА. Любы чалавек можа прыйсьці і ўзяць удзел у нашым конкурсе, які абвяшчаецца на пошук асобы, якая будзе кіраваць арыштаванымі актывамі. Гэта азначае, што нават уласьнік можа часова зайсьці ў кіраваньне. Хіба толькі калі суд у сваім рашэньні прадугледзіць забарону ўласьніку кіраваць і карыстацца актывамі», — удакладніў Уладзімір Паўленка.

Аднак нават у выпадку судовай забароны Мікалай Варабей зможа аспрэчыць яе ў судовым парадку. У рашэньні Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны, зацьверджаным указам прэзыдэнта Ўкраіны, у сьпісе асобаў, супраць якіх уводзяцца санкцыі, прозьвішча беларускага бізнэсоўца няма.

«АРМА — гэта не праваахоўны орган, мы не адвакаты і ня судзьдзі. Мы проста выконваем тое, што нам перадаюць. Таму якім чынам гэты грамадзянін зьвязаны ці не зьвязаны (з санкцыямі. — РС) і якім чынам абараняць ягоныя правы як інвэстара — гэта ня тыя пытаньні, за якія мы адказваем», — падкрэсьліў Уладзімір Паўленка.

У той жа час намесьнік кіраўніка АРМА дадаў, што існуе і такая практыка, калі актывы арыштоўваюць, але не перадаюць у кіраваньне агенцтву.

Што кажуць у самой кампаніі

У кампаніі «Прикарпатзахідтранс» лічаць беспадстаўным рашэньне Рады нацбясьпекі і абароны Ўкраіны.

«Лёзунг 1917 году „забяры і падзялі“ зноў набірае папулярнасьць. Насьцярожваюць заявы высокапастаўленых чыноўнікаў пра „дзіўныя судовыя рашэньні“, якія можна не выконваць. Пазасудовае пазбаўленьне права прыватнай уласнасьці становіцца штодзённай практыкай у нашай дзяржаве», — адзначаецца ў заяве кампаніі.

У дакумэнце падкрэсьлілі, што кампанія зьяўляецца «сацыяльна арыентаваным прадпрыемствам з празрыстай дзейнасьцю і структурай уласнасьці», у якім працуе 600 супрацоўнікаў.

Кампанія заявіла, што яе «законныя ўласьнікі будуць выкарыстоўваць усе даступныя сродкі для абароны прадпрыемства ад рэйдэрскага захопу пад лёзунгам нацыяналізацыі».

Паводле інфармацыі Свабоды, транспартаваньне нафтапрадуктаў па трубаправодзе спыненае з 15 лютага.

Што вядома пра «Прикарпатзахідтранс»

19 лютага Рада нацыянальнай бясьпекі і абароны Ўкраіны ўхваліла тэрміновыя захады для вяртаньня ў дзяржаўную ўласнасьць магістральнага трубаправоду, якім карысталася кампанія «Прикарпатзахідтранс». Адначасова з гэтым уведзеныя санкцыі ў дачыненьні да Віктара Медведчука, кума расейскага прэзыдэнта, лідэра фракцыі ў Вярхоўнай Радзе Ўкраіны «Апазыцыйная плятформа „За жыцьцё“» і ягонай жонкі Аксаны Марчанкі.

Кампанія «Прикарпатзахідтранс» зарэгістраваная з 2011 году. Зь дзяржаўнай уласнасьці Ўкраіны яе вывелі ў 2015 годзе. Тады суд пастанавіў перадаць усе актывы ў кіраваньне расейскай «Транснефти». Неўзабаве пасьля таго судовага рашэньня расейская «Транснефть» прадала трубаправод швайцарскай International Trading Partners AG, якую зьвязваюць з атачэньнем Віктара Медведчука.

Пасьля продажу ў сакавіку 2019 году 51% акцый беларускаму бізнэсоўцу Мікалаю Вараб’ю шэраг дэпутатаў Вярхоўнай Рады Ўкраіны заявілі, што ініцыююць перагляд судовых рашэньняў аб вывядзеньні актываў кампаніі зь дзяржаўнай уласнасьці Ўкраіны.

Сёлета 11 лютага Нацыянальнае антыкарупцыйнае бюро Ўкраіны выставіла падазрэньне былому намесьніку дырэктара Інстытуту азотнай прамысловасьці і прадуктаў арганічнага сынтэзу. На падставе ягонай экспэртызы суд адмовіўся прызнаць права ўласнасьці Ўкраіны ў частцы нафтаправоду «Самара — Заходні кірунак». У выніку кантроль над часткай трубаправоду перайшоў да ТАА «Прикарпатзахідтранс», якое зьвязана зь Медведчуком і беларускім бізнэсоўцам Мікалаем Вараб’ём.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG