Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Колькасьць памерлых ад COVID-19 у ЗША перавысіла страты ў сусьветных войнах


У ЗША колькасьць ахвяраў каранавірусу наблізілася да паўмільёна чалавек, сьведчыць статыстыка на сайце Ўнівэрсітэту Джонза Гопкінза. Гэта больш, чым загінула амэрыканцаў за час Першай і Другой сусьветных войнаў, а таксама вайны ў Віетнаме, зазначаюць амэрыканскія СМІ.

Паводле зьвестак сайту Worldometers, колькасьць памерлых у ЗША ўжо перавысіла 500 тысяч.

Злучаныя Штаты займаюць першае месца ў сьвеце па колькасьці тых, хто заразіўся і памёр ад каранавірусу. Ад пачатку пандэміі COVID-19 у краіне захварэла больш за 28 мільёнаў чалавек. На другім месцы Індыя, дзе выяўлена больш за 11 мільёнаў заражэньняў каранавірусам. На трэцім — Бразылія. Там каранавірус выявілі больш як у 10 мільёнаў чалавек. Расея займае чацьвёртае месца — больш за чатыры мільёны інфікаваных.

У сьвеце, паводле апошніх зьвестак, з пачатку пандэміі каранавірус выявілі больш як у 110 мільёнаў чалавек. Памерлі за гэты час амаль два з паловай мільёны.

Каранавірус новага тыпу пачаў распаўсюджвацца з Кітаю ў канцы 2019 году. Эпіцэнтрам распаўсюду стаў горад Ухань. Паводле афіцыйнай вэрсіі, успышка хваробы пачалася на мясцовым рынку, дзе гандлявалі кажанамі, якія пераносяць каранавірусы.

Існуе і гіпотэза аб лябараторным паходжаньні хваробы. Ва Ўхані разьмешчаны адзін з найбуйнейшых у сьвеце цэнтраў дасьледаваньня каранавірусаў.

Экспэрты Сусьветнай арганізацыі аховы здароўя (СААЗ), якія наведалі Ўхань на пачатку году, пакуль не змаглі вызначыць прычыну пачатку эпідэміі COVID-19. Найбольш імавернай вэрсіяй СААЗ лічыць перадачу вірусу ад жывёлы да чалавека праз прамежкавае зьвяно. Гіпотэзу пра распаўсюд вірусу зь лябараторыі спэцыялісты назвалі малаімавернай. Пры гэтым у арганізацыі падкрэсьлілі, што пакуль не адкідаюць ніводнай вэрсіі наконт магчымага паходжаньня вірусу.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG