Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гомельхлебпрам» ня можа выканаць заяўкі крамаў: няма мукі на два дні працы


Чытачы Свабоды даслалі копію дакумэнту, зь якога вынікае, што на прадпрыемстве «Гомельхлебпрам» няма мукі. 

«ААТ „Гомельхлебпрам“ паведамляе, што ў сувязі з адсутнасьцю мукі 21 і 22 лютага прадпрыемства ня мае магчымасьці выканаць заяўкі на хлебабулачную прадукцыю ў гандлёвую сетку Гомеля і вобласьці. Просім праінфармаваць гандлёвыя аб’екты пра зрыў паставак 21 і 22 лютага», — напісана ў копіі дакумэнту, які дасланы начальніку ўпраўленьня гандлю і паслуг.

Чытачы Свабоды атрымалі копію па месцы працы ў адной з харчовых крам Гомлю.

Перад выбарамі 9 жніўня 2020 году Аляксандр Лукашэнка тройчы — 25 траўня, 19 і 26 чэрвеня палохаў выбарцаў 1990-мі, казаў што тады «мукі не было на тры дні».

Яго выказваньні сталі грунтам для шматлікіх карыкатур і вірусных відэа.

Што кажуць у крамах

У краме «Доброном» на вуліцы Рагачоўскай у Гомлі па стане на 13.00 сьвежага хлеба маркі «Валатоўскі» вытворчасьці «Гомельхлебпрам» ужо не было. Быў толькі хлеб, сьпечаны 20 лютага.

Прадаўцы нічога не патлумачылі, ці будзе ў продажы сьвежы. Але наўрад ці пакупнікі застануцца бяз хлебу наагул — у краме шырокі асартымэнт тавару зь Менску і Берасьця.

У краме «Друзья» на праспэкце Перамогі таксама не знайшлося сьвежага хлебу, вырабленага «Гомельхлебпрамам». Быў толькі «Царскі» і «Барадзінскі», выраблены 19 лютага.

У краме «Капеечка» (Савецкая, 4) не знайшлося аніякага «Валатоўскага» — ні за мінулыя дні, ні за сёньня.

Знайшоўся сьвежы хлеб «Радамір» вытворчасьці «Гомельхлебпрам» 21 лютага ў краме «Дамашні» на скрыжаваньні вуліц Савецкай і Хатаевіча.

У астатніх гомельскіх крамах — вялікі выбар хлебу розных вытворцаў, асабліва менскіх хлебазаводаў.

У склад ААТ «Гомельхлебпрам» уваходзяць тры вытворчасьці ў Гомлі, сем хлебазаводаў у Добрушы, Жлобіне, Калінкавічах, Мазыры, Рэчыцы, Рагачове і Сьветлагорску.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG