Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выйшлі кніга і мабільны дадатак з парадамі для тых, хто хоча загаварыць па-беларуску дома і на працы


Малюнак мастачкі Вікторыі Цалуйка.

Кніга «Беларускамоўныя» прапануе абраць адзін з чатырох варыянтаў паводзінаў: ад мінімуму да максымуму. Мабільны дадатак «Мова прафэсіі» дапаможа вывучыць беларускую прафэсійную лексіку ў сваёй сфэры дзейнасьці.

Кніга «Беларускамоўныя» дапамагае пераадолець псыхалягічны бар’ер, падказвае, дзе знайсьці аднадумцаў, неабходныя лічбавыя і папяровыя рэсурсы, а таксама распавядуць асабістыя гісторыі людзей, якія ўжо пачалі размаўляць па-беларуску.

Аўтар «Беларускамоўных» Алесь Сьнег распавёў пра сваю кнігу:

«Гэтая кніга — першы крок да беларускай мовы, набор лайфхакаў і парадаў. Адна невялічкая кніга можа наблізіць да беларускай мовы не аднаго чалавека. Проста варта прачытаць і перадаць далей, сваім блізкім і знаёмым».

Набыць кнігу можна ў менскіх кнігарнях «Акадэмкніга» (пр-т Незалежнасці, 72) і «Кніжная шафа» (пр-т Дзяржынскага, 9). Месцы будуць дадавацца, па ўсіх пытаннях звяртацца ў інстаграм @artsiadziba.

Мабільны дадатак «Мова прафэсіі»

Платформа say.by сумесна з Цэнтрам ведаў CLARIN па апрацоўцы беларускіх тэкстаў і маўленьня (K-BLP), Інстытутам мовазнаўства Акадэміі Навук, ActiveCloud і Арт-Сядзібай рыхтуе запуск маштабнага тэхналягічнага праекту «Мова прафэсіі».

Гэта мабільны дадатак, які дапаможа кожнаму вывучыць беларускую прафэсійную лексіку ў сваёй сфэры дзейнасьці.

Праект скіраваны на ўкараненьне беларускай мовы ў карпаратыўную культуру, каб супрацоўнікі кампаній разумелі родную мову, а яшчэ лепш — гаварылі па-беларуску з кліентамі кампаніі і часьцей карысталіся ёй з калегамі.

Мабільны дадатак прыдасца пры навучаньні, перанканыя ягоныя стваральнікі.

«Калі прадпрыемствы Беларусі возьмуць на сябе адказнасьць за беларускую мову, а мы з нашага боку створым неабходныя інструмэнты, як найлепшым чынам інтэграваць беларускую мову ў працэсы кампаніі, мы зможам атрымаць вялікі скачок у пашырэньні жывой беларускай мовы, выйсьці на якасна новы ўзровень.

А самая галоўная асаблівасьць праекту — гэта грунтоўнасьць, своечасовасьць і надзвычайная каштоўнасьць для нашай краіны!» — кажа кіраўнік праекту Аляксандр Шастаковіч, якога цытуе «Наша ніва».

Афіцыйны запуск праекту прызначаны на Дзень роднай мовы — 21 лютага.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG