Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Хай аддасьць сьцяг!» Жыхарку Гомля асудзілі на трэція запар 15 дзён арышту


Адна з акцый у гомельскім раёне Навабеліца

«Міліцыянт заявіў, што ў іх ёсьць нібыта дзесяць эпізодаў на дачку, і па кожным яны будуць даваць па 15 сутак», — расказала яе маці.

Першыя 15 сутак Анастасія Перавошчыкава з Гомля атрымала ў студзені. 6 лютага яна выйшла на волю. Праз два дні суд зноў пакараў яе арыштам на 15 сутак. 18 лютага дзяўчыну з ізалятара прывезьлі ў суд і дадалі яшчэ 15 сутак, паведаміла ейная маці Алена.

Першы арышт Анастасіі Перавошчыкавай прысудзілі за здымак, знойдзены ў асабістай перапісцы. На ім быў «партызанінг» зь бел-чырвона-белым сьцягам. Таксама міліцыя знайшла ў ноўтбуку макет раённага сьцягу «Навабеліца».

«Пры вобшуку шукалі гэты сьцяг і не знайшлі. Калі я хадзіла ў міліцыю, мне заявілі, каб Анастасія ці аддала раённы сьцяг, ці „здала“, у каго ён, — апавяла маці Анастасіі. — Так і сказалі: „Хай аддасьць сьцяг!“. Але яна ня ведае, дзе той сьцяг! На гэта мне міліцыянт заявіў, што ў іх ёсьць нібыта дзесяць эпізодаў на дачку, і па кожным яны будуць даваць па 15 сутак».

Яна абурана такой сытуацыяй. За што зноў судзілі Анастасію — невядома. «Наколькі я ведаю, за нейкі здымак са сьцягам», — зазначыла маці.

Яна не атрымлівае ад дачкі лісты, хоць сама даслала ўжо пяць. Таксама для Анастасіі абмежавалі перадачы, кажа яна.

«Прынясу перадачу — і палову нясу назад. Гэта не бяром, тое не бяром... Хаця раней бралі. Адмовіліся браць нават туалетную паперу, пернікі, арэхі», — дадала жыхарка Гомеля.

У студзені дома ў Анастасіі Перавошчыкавай і яе 89-гадовага дзядулі — вэтэрана Другой усясьветнай вайны прайшлі «агляды памяшканьня». Міліцыя забрала тэхніку і тэлефоны.

«Дзядуля Анастасіі, які ўзнагароджаны мэдалём за доблесную працу ў час вайны, у час якой ён хлопчыкам працаваў для перамогі над фашызмам, менавіта фашызмам назваў гэтае бязьмежжа, якое цяпер адбываецца зь ягонай унучкай», — падкрэсьліла маці.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG