Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Бо я не прагінаюся». У Наваградку звальняюць заснавальніцу музэю габрэйскага супраціву Тамару Вяршыцкую


Тамара Вяршыцкая

З Наваградзкага краязнаўчага музэю звальняюць супрацоўніц Тамару Вяршыцкую і Галіну Кавальчук. Афіцыйная прычына — непрацягненьне кантракту. Самі жанчыны думаюць, што за легальныя гарадзкія экскурсіі. Сярод удзельнікаў былі людзі, якіх судзілі па артыкуле 23.34.

«Яны пазбаўляюцца ад людзей, якія іх не баяцца»

Навуковая супрацоўніца музэю Тамара Вяршыцкая расказала, што яе папярэдзілі аб непрацягненьні кантракту, які заканчваецца 2 красавіка. Гэтаксама на пачатку красавіка не працягваюць кантракт старшай навуковай супрацоўніцы музэю Галіне Кавальчук.

Іншай прычыны звальненьня ніхто не патлумачыў. Аднак Тамара Рыгораўна ўпэўненая, што прычына — у іхнай пазыцыі.

«За тое, што мы не выконваем загады накшталт — выгнаць з музэю людзей, якія прыйшлі паглядзець фільм або на экскурсію... Цярпеньне іхнае дайшло да апошняга. Зараз яны пазбаўляюцца ад людзей, якія іх не баяцца... Я ведаю, за што, бо я не прагінаюся», — мяркуе Тамара Вяршыцкая.

Вяршыцкая ў музэі. Архіўнае фота
Вяршыцкая ў музэі. Архіўнае фота

Апошнія некалькі месяцаў Вяршыцкая і Кавальчук па нядзелях праводзілі для наваградцаў легальныя экскурсіі пра гісторыю гораду, прыкладам, пра Адама Міцкевіча, беларускую гімназію, габрэйскі супраціў. Сярод удзельнікаў такіх экскурсій былі людзі, асуджаныя за ўдзел у недазволеных масавых мерапрыемствах (23.34 КаАП). Часта экскурсіі суправаджалі міліцыянты.

«Факт — вось гэтыя людзі перакрочылі ганак музэю, усё. Гэта злачынства», — камэнтуе Вяршыцкая.

Тамара Вяршыцкая падчас візыту нашчадкаў габрэяў-партызанаў у Налібацкую пушчу. Ліпень 2019 г.
Тамара Вяршыцкая падчас візыту нашчадкаў габрэяў-партызанаў у Налібацкую пушчу. Ліпень 2019 г.

Напрыканцы студзеня яе забралі з экскурсіі ў РАУС на апытаньне, тады ж затрымлівалі былога дырэктара школы Аляксандра Быстрыка. У Вяршыцкай пыталіся пра працэдуру арганізацыі экскурсій, хто і як замаўляе, як і дзе яны праходзяць.

«Мы нічога не парушалі. Проста выконвалі свае абавязкі», — запэўнівае Тамара Рыгораўна.

Урэшце нядзельныя экскурсіі адмянілі, бо нядзелю ў музэі зрабілі выходным днём да канца лютага. Патлумачылі гэта моцнымі маразамі.

Плянуе надалей займацца габрэйскай тэматыкай

Тамара Вяршыцкая працавала ў музэі больш за 30 гадоў, з 1988-га. Раней да яе прэтэнзій па працы не было. Наадварот, ёй давалі ўзнагароды і прэміі. Яна стала першай з музэйнікаў, каго ўзнагародзілі прэміяй Дубко, яна была лепшым музэйнікам году, яе імя ёсьць у кнізе Славы Наваградку.

Яна стварыла Музэй габрэйскага супраціву, які ўваходзіць у структуру краязнаўчага музэю, і кіруе ім. Што будзе далей з габрэйскім кірункам, Вяршыцкая ня ведае. Зь ейных словаў, невядомы і лёс краязнаўчага музэю. Ходзяць размовы, што яго могуць закрыць.

У 2016 годзе Вяршыцкую ўжо звальнялі, але ў 2018-м запрасілі вярнуцца на працу.

Яна здаўна займаецца габрэйскай тэматыкай, падтрымлівае кантакты з нашчадкамі наваградзкіх габрэяў па ўсім сьвеце. У 2019 годзе яна арганізавала ў Налібацкай пушчы сустрэчу больш як 100 удзельнікаў найбуйнейшага ў Эўропе габрэйскага партызанскага лягера і іхных нашчадкаў з усяго сьвету. Яна суправаджала сваякоў Трампа, калі тыя прыяжджалі ў Беларусь.

Сваякі Дональда Трампа. Унучка Раі і Ёзафа Кушнэраў Лоры Гастэн на адзін дзень прылятала з Чыкага на радзіму продкаў. Разам зь ёю дачка Саманта і муж Бэрнард. Іх суправаджае Тамара Вяршыцкая (зьлева)
Сваякі Дональда Трампа. Унучка Раі і Ёзафа Кушнэраў Лоры Гастэн на адзін дзень прылятала з Чыкага на радзіму продкаў. Разам зь ёю дачка Саманта і муж Бэрнард. Іх суправаджае Тамара Вяршыцкая (зьлева)

Тамары Вяршыцкай 63 гады. Яна скончыла інстытут замежных моваў. Валодае ангельскай, нямецкай, польскай мовамі. Зьяжджаць зь Беларусі не плянуе.

Далей яна мяркуе займацца тым жа, што і раней. Магчыма, аформіць пасьведчаньне гіда-экскурсавода як індывідуальны прадпрымальнік.

Нямецкі фонд нядаўна падтрымаў беларуска-нямецкі праект па габрэйскай тэматыцы «Жывыя мэмарыялы. Канцэпцыя для музэя-дома Ванзэйскай канфэрэнцыі ў Бэрліне і габрэйскіх партызан у Беларусі». Ён разьлічаны да 2022 году. Вяршыцкая — каардынатар праекту ў Беларусі. Ці дазволяць ёй рэалізоўваць гэты праект унутры музэю, пакуль няясна. Але яна зможа ім займацца, нават калі яе звольняць.

Цяпер наваградзкі музэй супрацоўнічае онлайн з музэямі і фондамі па ўсім сьвеце. Прыкладам, у мінулую нядзелю тут зладзілі онлайн-вэбінар з ізраільскім музэем на тэму ўцёкаў з наваградзкага гета.

Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG