Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Наста Кудасава, ляўрэатка прэміі імя Стральцова: «Словы для мяне — ня толькі музыка. Гэта мая зброя»


Наста Кудасава. Фота: Яўген Батура

Гутарка з паэткай Настай Кудасавай, якая на мінулым тыдні стала ляўрэаткай літаратурнай прэміі імя Міхася Стральцова. Размаўляем пра свабоду творчасьці і свабоду жыцьця, пра новую кнігу і пра новую паэтычную мову, народжаную рэвалюцыяй.

Журы паведаміла, што ўганаравала Насту Кудасаву «за навізну мэтафарычнага асваеньня духоўнага сьвету, спалучэньне традыцый нацыянальнай паэтыкі з мадэрнісцкімі вобразна-выяўленчымі мастацкімі формамі».

— Віншуем з прэміяй імя Міхася Стральцова. Атрымаўшы яе, вы з шэрагаў маладых паэтаў адначасова трапілі ў пачэсную кагорту клясыкаў. Ці ўсьвядомілі ўжо гэта? І як пачуваецеся ў новым статусе?

— Шчыры дзякуй за добрыя словы! Я ўсьведамляю, што ўзнагарода такога кшталту — гэта вельмі важнае прызнаньне. І я, безумоўна, адчуваю гонар і хваляваньне. Але для мяне гэта ня помнік, гэта хутчэй выклік, нейкае заданьне навырост: мне сказалі, што ў мяне паверылі, і я цяпер мушу адпавядаць гэтаму даверу. Таму я не расслабілася ад шчасьця, а наадварот, узрушылася і хачу цяпер яшчэ больш працаваць, каб пісаць больш і лепш.

«Юначая формула»

— Арганізатары прэміі імя Міхася Стральцова ганаруюць штогадовага ляўрэата ня толькі дыплёмам і памятным знакам, але і выдаюць том яго выбраных твораў. Што па сёньняшнім часе з практычнага, канечне, гледзішча мо нават важней за саму прэмію. Гэткім чынам да вашых трох кніг дадалася чацьвёртая — «Вясна. Вуснам цесна». Прыгожая назва. Хто яе прыдумаў?

— Гэта трохрадкоўе, напісанае мной яшчэ ў далёкім юнацтве. Верш гэты друкаваўся ў «Лісьці маіх рук». У свой час яго вельмі любіў Уладзімер Арлоў і часта мяне прэзэнтаваў як аўтарку менавіта гэтымі словамі. А тут мне патэлефанаваў Барыс Пятровіч надоечы і сказаў, што яго вельмі ўзрушыў гэты верш і што ён нават зайздросьціць, што ня ён першы такое прыдумаў.

І я раптам адчула, што вось гэтая старая юначая формула не такая ўжо і старая, і гэта, мабыць, самая дарэчная назва зараз, самае тое, што трэба. І ня толькі мне, а ўсім нам. Ужо вельмі не хапае сьвежага веснавога подыху, каханьня, лёгкасьці, прагі жыць! Не хапае абуджальнай інтанацыі ў нашых днях, зашмат болю і страху, які паралізуе. Таму я ўхапілася за гэтую назву, як за збаўленьне. Хочацца ж радасьці напрарочыць!

«Выданьне кніжкі лягічна адклалася»

— Сябры журы прэміі і выдаўцы кажуць, што рыхтуюць кнігу ў поўнай таямніцы ад будучага ляўрэата, які даведваецца пра яе выхад на самой цырымоніі ганараваньня. Маўляў, складальнікі робяць выбар найлепшага з папярэдніх кніг. Але ў вашым ляўрэацкім томе ёсьць разьдзел з кнігі «Побач», якой сярод выдадзеных знайсьці не ўдалося. А хацелася б, бо вершы зь яе, што ўключаныя ў том выбранага, паказваюць новы ўзровень таленту аўтаркі. Дык дзе шукаць?

— Так, новую кнігу я плянавала выдаць яшчэ ў 2020 годзе. Але ў сувязі з тым, што сусьвет вакол нас абрынуўся, выданьне кніжкі адклалася, найперш праз адчуваньне маральнай немагчымасьці чытаць і пісаць у той час, як на вуліцах праліваецца кроў людзей. Да таго ж у жніўні стала зразумела, што цяпер трэба шукаць іншую паэтычную мову, бо я рызыкую анямець, калі не зразумею, як мне цяпер выказвацца.

І мова прыйшла. А зь ёй і я сама ачуняла, таму спадзяюся, што кніга ўсё ж надрукуецца сёлета — не такою, якой я яе бачыла год таму. Гэта будзе ўжо іншае штосьці, больш адпаведнае сёньняшняму дню. Цяпер над ілюстрацыямі працуе выдатная мастачка Соф’я Дземідовіч, мы спадзяёмся зь ёй у тандэме прыўнесьці трошкі цуду ў нашу сумную рэчаіснасьць.

«З Радыё Свабода зьвязаныя самыя сьветлыя ўспаміны»

— У разьдзеле «Проза» вашага ляўрэацкага тому мы з прыемнасьцю ўбачылі міні-эсэі, якія вы дасылалі ў праграму нашага радыё «Сто словаў». А пачалося наша з вамі творчае сяброўства ў 2001-м, калі вы прыйшлі да нас на перадачу «Верш на Свабоду». Што для вас значыць гучаць, друкавацца, выступаць у свабодных масмэдыя? Ці прынцыпова гэта для вас? Бо ёсьць у Беларусі літаратары, і іх нямала, якім бяз розьніцы, дзе зьмяшчаць свае творы.

— З Радыё Свабода зьвязаныя самыя сьветлыя ўспаміны, гэта праўда. Я кажу так ня проста дзеля таго, каб зрабіць вам прыемнае. Але ж аб’ектыўна найлепшыя журналісты сёньня працуюць тут, таму, натуральна, удзельнічаць у вашых праектах для мяне гонар. У той жа час не магу сказаць, што я грэбліва стаўлюся да іншых СМІ. Ёсьць і ў дзяржаўных масмэдыя сумленныя людзі, якія годна робяць сваю справу. Прынамсі, былі да нядаўняга часу.

Раней, калі мяне не няволілі цэнзурай, я пагаджалася выступаць на любых пляцоўках. Галоўнае ж, каб вершы да чытача трапілі. Але як будзе зараз, цяжка сказаць. Сваю пазыцыю я выражаю заўжды адкрыта, то падазраю, што і запрашаць ужо ня надта будуць.

«Лёгка дыхаецца»

— А што такое для вас свабода творчасьці і творчая свабода? Ці адчуваеце вы першае і ці маеце другое?

— Я адчуваю сябе цалкам свабоднай у прасторы мовы, асабліва цяпер. Мне лёгка дыхаецца ў вершы, я не баюся быць шчырай. І жыцьцё мне пакідае, у прынцыпе, досыць часу, каб займацца любімай справай. Таму скардзіцца мне няма на што. Я свабодная ў творчасьці і свабодная дзякуючы творчасьці — гэта сапраўднае шчасьце. А праз тэхнічныя складанасьці будзем прабівацца, нічога страшнага. Вонкавыя абмежаваньні мяне не палохаюць.

— Наколькі зьмяніла гэтыя паняткі ў вашым жыцьці і творчасьці жнівеньская рэвалюцыя?

— Словы сталі больш важкімі, больш вострымі. Цяпер словы для мяне — ня толькі музыка. Гэта мая зброя. І калі трэба будзе змагацца за свабоду, мне ёсьць чым.

«Запасаймася мужнасьцю»

— Чым, на вашу думку, вы ахвяруеце, што траціце ў вашым творчым жыцьці праз драматычныя падзеі ў краіне? І чым яны, на вашу думку, скончацца?

— Я ня ведаю, як хутка змагу выдаць новую кнігу вершаў і ў якім аб’ёме. Бо для мяне прынцыпова важна не абмяжоўваць сябе, не баяцца. А цяпер я вымушаная баяцца: ня столькі за сябе, колькі за іншых людзей, якім магу нашкодзіць. Нават калі я выдам яе, невядома, ці атрымаецца бесьперашкодна прэзэнтаваць яе ў любых гарадах і на любых пляцоўках. Карацей, ніякай упэўненасьці ні ў чым няма.

У той жа час я разумею, што, пішучы вершы, не раблю нічога незаконнага. І гэтае пачуцьцё праўды не дазваляе падаць духам. Чым гэта ўсё скончыцца? Відавочна, сьвет не стаіць на месцы. Беларусы выявілі сябе ў апошнія месяцы сталай, сьпелай нацыяй з адэкватнымі сучаснымі каштоўнасьцямі, калі правы чалавека, талерантнасьць, годнасьць, сумленнасьць — не пустыя гукі.

Гэта 21 стагодзьдзе, і барбарам прысьпеў час пачынаць адукоўвацца і разумець, што эпоха барбарства сышла. Тыя, хто цяпер па іншы бок барыкадаў (імі ж і прыдуманых), мусяць некалі вырасьці і зразумець, што сьвет зьмяніўся, а іх час сышоў.

Таму на пытаньне «чым гэта скончыцца?» я ўпэўнена кажу: скончыцца перамогай розуму, дабра і справядлівасьці. Іншая справа — «калі гэта скончыцца?» Вось гэтае пытаньне найбольш засмучае, бо ёсьць імавернасьць, што давядзецца яшчэ патрываць, так што запасаймася мужнасьцю!

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG