Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На другі дзень суду над Бабарыкам зачытваюць абвінавачаньне. У залю пусьцілі толькі жанчын


Віктар Бабарыка за кратамі суду. Менск, 17 лютага 2021 году.

18 лютага ў будынку суду Маскоўскага раёну Менскк пад юрысдыкцыяй Вярхоўнага суду працягнуўся працэс над колішнім кіраўніком «Белгазпрамбанку» Віктарам Бабарыкам і мэнэджарамі банку.

Віктара Бабарыку і шэсьць былых топ-мэнэджараў банку абвінавацілі ў атрыманьні хабару ў асабліва буйным памеры арганізаванай групай. Бабарыку дадаткова выставілі абвінавачаньне ў легалізацыі даходаў. За даваньне хабару судзяць былога кіраўніка лізінгавай кампаніі Віктара Кабяка.

Адвакат Бабарыкі Зьміцер Лаеўскі пра нядопуск незалежных СМІ ў суд:

Допуск у залю публікі абмежаваны , недзяржаўныя СМІ не акрэдытавалі на працэс. Тыя, хто прыйшлі падтрымаць Віктара Бабарыку, перадаюць, што ў залю суду на гэты раз пусьцілі толькі 10 жанчын.

17 лютага ў судзе пачалі чытаць абвінавачаньне, якое працягваюць зачытваць і ў чацьвер. Абвінавачаньне складаецца з 340 старонак. Учора цытавалі частку пра службовыя абавязкі Віктара Бабарыкі ў «Белгазпрамбанку»​, якім ён кіраваў да таго, як заявіў пра жаданьне прыняць удзел у выбарах прэзыдэнта Беларусі.

Фігуранты справы Бабарыкі

  • Віктар Бабарыка (ч.2 арт. 235, ч.3 арт. 430 КК),
  • Кірыл Бадзей (ч. 3 арт. 430 КК),
  • Сяргей Дабралёт (ч. 3 арт. 430 КК),
  • Аляксей Задойка (ч. 3 арт. 430 КК),
  • Аляксандар Ільясюк (ч. 3 арт. 430 КК),
  • Віктар Кабяк (ч. 2 арт. 431 КК),
  • Дзьмітры Кузьміч (ч. 3 арт. 430 КК),
  • Сяргей Шабан (ч. 3 арт. 430 КК).

Віктар Бабарыка і Аляксей Задойка адмовіліся падпісаць угоду са сьледзтвам, астатнія падпісалі.

Як гаворыцца ў матэрыялах сьледзтва, усе абвінавачаныя, акрамя Віктара Бабарыкі, прызналі віну цалкам.

Сыну Віктара Бабарыкі, таксама палітвязьню Эдуарду Бабарыку падоўжылі тэрмін знаходжаньня пад вартай яшчэ на два месяцы, паведаміла БелаПАН адвакат Ірына Варанкова. Бабарыку-малодшага абвінавачваюць паводле ч. 2 арт. 243 КК (ухіленьне ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры).

Перасьлед Віктара Бабарыкі і яго паплечнікаў. Што важна ведаць

  • 10 чэрвеня Аляксандар Лукашэнка даручыў заняцца праверкамі прыватных кампаніяў, якія нібыта звальняюць тых, хто адмаўляецца ставіць подпісы за вылучэньне альтэрнатыўных кандыдатаў. Ён загадаў «прашарсьціць гэтых пузатых буржуяў, каб яны несьлі адказнасьць за людзей».
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній, у знаёмых патэнцыйнага кандыдата ў прэзыдэнты Віктара Бабарыкі прайшлі ператрусы. Камітэт дзяржкантролю заявіў аб завядзеньні крымінальных спраў за адмываньне грошай і ўхіленьне ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры.
  • Віктар Бабарыка назваў гэта атакай на яго асабіста, хоць сам у справе тады не фігураваў, і заявіў пра «палітычны характар» дзеяньняў сьледчых, якія ня маюць прамога кампрамату на яго.
  • 11 чэрвеня арыштавалі каардынатарку выбарчага штабу Бабарыкі Сьвятлану Купрэеву па абвінавачаньні ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры.
  • 12 чэрвеня Лукашэнка заявіў, што Бабарыка таксама датычны да справы, маўляў, «​гэта адна шайка-лейка». Праз 4 гадзіны Дзяржкантроль заявіў, што мае доказы датычнасьці былога банкіра да злачынстваў.
  • Фігурантамі «справы „Белгазпрамбанку“» сталі каля 20 чалавек.
  • 15 чэрвеня Нацыянальны банк прызначыў у «Белгазпрамбанку» часовую адміністрацыю на чале з Надзеяй Ермаковай. Расейскія акцыянэры банку («Газпромбанк» і «Газпром») назвалі гэтае рашэньне незаконным.
  • 17 чэрвеня ўлады арыштавалі без тлумачэньняў выбарчы фонд Віктара Бабарыкі з 100 тысячамі рублёў на рахунку.
  • 18 чэрвеня затрымалі Віктара Бабарыку і яго сына Эдуарда Бабарыку — кіраўніка ініцыятыўнай групы. У дамах сям’і Бабарыкаў прайшлі ператрусы.
  • Кіраўнік КДК Іван Тэртэль назваў Бабарыку «непасрэдным арганізатарам» «махлярскай схемы з адмываньнем грошай» з удзелам былых і дзейных топ-мэнэджараў «Белгазпрамбанку».
  • 19 чэрвеня праваабаронцы прызналі палітвязьнямі Віктара, Эдуарда Бабарыкаў і затрыманых сябраў ініцыятыўнай групы.
  • Штаб Бабарыкі падрыхтаваў да здачы 435 тысяч подпісаў.
  • 20 чэрвеня адвакаты падалі пакет дакумэнтаў для рэгістрацыі Віктара Бабарыкі кандыдатам у прэзыдэнты.
  • 2 ліпеня стала вядома, што Бабарыку вінавацяць па трох фінансавых артыкулах Крымінальнага кодэксу. Ён адкінуў усе абвінавачаньні.
  • 14 ліпеня ЦВК адмовіў Віктару Бабарыку ў рэгістрацыі празь неадпаведнасьць прадстаўленай дэклярацыі аб даходах і маёмасьці.
  • 24 ліпеня Генпракуратура перакваліфікавала абвінавачаньне Бабарыку: «даваньне хабару» стала «атрыманьнем хабару». Максымальна магчымае пакараньне — да 15 гадоў турмы.
  • 15 кастрычніка Мін'юст скасаваў адвакацкую ліцэнзію абаронцу Бабарыкі Аляксандру Пыльчанку.
  • 10 кастрычніка Лукашэнка сустрэўся зь Віктарам Бабарыкам і іншымі палітвязьнямі ў СІЗА КДБ.
  • 17 лютага 2021 году пачаўся суд над Віктарам Бабарыкам і былымі супрацоўнікамі «Белгазпрамбанку». На працэс не пусьцілі нікога зь незалежных журналістаў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG