Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«У Фрунзэнскім РУУС уся спартзаля была ў мачы, крыві і фэкаліях». Грамадзянка Літвы заявіла пра катаваньні ў Менску


Катаваньні на Акрэсьціна. Здымка belsat.eu
Катаваньні на Акрэсьціна. Здымка belsat.eu

Літва стала першай краінай, у якой пачалі расьсьледаваньне супраць беларускіх сілавікоў у межах унівэрсальнай юрысдыкцыі.

«Сапраўды, вядзецца расьсьледаваньне, і на на 9 лютага 2021 года чатыры чалавекі прызнаныя пацярпелымі, але іх колькасьць можа змяніцца», — расказала «Нямецкай хвалі» кіраўніца аддзела камунікацый Генэральнай пракуратуры Літвы Алена Марцінаніене.

Літоўская паліцыя ў шоку ад апавяданняў беларусаў


Сярод тых, хто падаў заяву аб катаваньнях беларускіх сілавікоў, грамадзянка Літвы беларускага паходжаньня Марыя Матусевіч:

«Мае паказаньні запісвалі шэсьць гадзін. Мне здалося, літоўская паліцыя была ў шоку ад пачутага».

Матусевіч затрымалі ў Менску ноччу 11 жніўня.

«Як толькі дзьверы мікрааўтобуса зачыніліся, амапаўцы пачалі нас біць. Мяне не чапалі, пакуль ня ўспомнілі, што я грамадзянка Літвы. Потым прывезьлі ў Фрунзэнскае РУУС, там уся спартзаля была ў мачы, крыві і фэкаліях. У іх была катавальная ў ціры, туды заводзілі 6-7 хлопцаў і білі па 15-30 хвілін, дзяўчат вадзілі ў цір на допыт, каб мы ламаліся», — успамінае Матусевіч.

Пасьля РУУС, ужо ў сярэдзіне дня, яе адправілі ў ЦІП на Акрэсьціна, там да позьняга вечару трымалі спачатку на вуліцы, затым у шпацырным дворыку, яшчэ некалькі гадзін у чатырохмеснай камэры, дзе было каля 60 чалавек. Адпусьцілі ў ноч на 13 жніўня, без пратаколу — суду не было.

У канцы кастрычніка Матусевіч паехала ў Літву. Яна адзначае, што больш за два месяцы не было ніякіх позваў, толькі ў сьнежні прыйшоў ліст пра тое, што ёй анулююць від на жыхарства ў Беларусі. Таксама высьветлілася, што Матусевіч аштрафавалі на 20 базавых велічыняў (каля 180 эўра) і забаранілі ўезд у краіну на пяць гадоў. Дзяўчына зьбірае грошы на адваката, каб даказаць незаконнасьць такога рашэньня.

Раней у Літве таксама прызналі пацярпелым у катаваньнях у Беларусі Максіма Харошына.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG