Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Разгон канцэрту, паляваньне на лыжнікаў і засада ў парку. Сілавікі за суткі затрымалі сама меней 106 чалавек


Акцыя ў падтрымку палітзьняволеных жанчын. Менск, 14 лютага 2021
Акцыя ў падтрымку палітзьняволеных жанчын. Менск, 14 лютага 2021

Асноўныя затрыманьні адбыліся ў Менскай вобласьці: пад Смалявічамі, Маладэчнам і ў Салігорску.

Увечары суботы, 13 лютага АМАП накрыў канцэрт гурту «Разьбітае сэрца пацана», які выступаў на турбазе «Аганёк» у пасёлку Сокал паблізу Смалявічаў. Прэс-служба МУС заявіла пра тое, што пад выглядам канцэрту «сабраліся актывісты дэструктыўных тэлеграм-каналаў», усяго затрымалі 68 чалавек. «Вясьне» на гэты момант вядомыя 33 прозьвішчы.

Частку ўдзельнікаў канцэрту адпусьцілі дадому пасьля складаньня пратаколаў, а частку завезьлі ў Жодзінскі ІЧУ да суду.

Апоўдні 14 лютага каля вёскі Лешна, што за 5 км на захад ад Маладэчна, міліцыянты затрымалі 19 лыжнікаў: 11 жанчын і 8 мужчын. Іх даставілі ў Маладэчанскі РАУС. Міліцэйскія крыніцы заявілі, што ў лесе праходзіў «несанкцыянаваны мітынг з выкарыстаньнем БЧБ-сымболікі». На гэты момант праваабаронцы ведаюць 10 прозьвішчаў затрыманых.

Масавыя затрыманьні прайшлі ў нядзелю і ў Салігорску. Там АМАП затрымаў 19 чалавек, якія сабраліся на традыцыйны шпацыр у парку Чатырох стыхій. Сярод дастаўленых у пастарунак ёсьць і ўдзельнікі страйку на «Беларуськаліі». Пакуль вядома толькі пяць імёнаў: Канстанцін Арцямкоў, Сяргей Дзьмухайла, Кірыл Швабоўскі, Антон Дзямкоў, Яўген Каралевіч.

Агулам у Беларусі, такім чынам, адбыліся мінімум 106 затрыманьняў. У панядзелак маюць прайсьці суды.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG