Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жыхар Менску, арыштаваны падчас Усебеларускага сходу, абвясьціў галадоўку пратэсту


Суд Першамайскага раёну Менску.
Суд Першамайскага раёну Менску.

Перад Усебеларускім сходам прыхільнікаў Лукашэнкі 39-гадовага менчука Андрэя Хацько забралі з дому нібыта для прафіляктычнай гутаркі.

Але пазьней у міліцэйскім пратаколе ад 11 лютага зьявіўся запіс, што нібыта «грамадзянін Хацько на вуліцы Русіянава нецэнзурна лаяўся ў адрас іншых грамадзян, публічна выказваў палітычнае меркаваньне і размахваў рукамі».

У Першамайскім РУУС Андрэя прымусілі падпісаць пратакол па арт. 17.1 КаАП (дробнае хуліганства). Растлумачылі гэта тым, што ён раней ужо прыцягваўся да адказнасьці па арт. 23.34 КаАП.

Як паведамляе Праваабарончы цэнтар «Вясна», справу менчука 12 лютага разглядзела судзьдзя Першамайскага раёна Тацяна Ліньнік. Яна адхіліла хадайніцтва аб выкліку мамы Хацько ў якасьці сьведкі, якая пацьвердзіла б, што ўчастковы яго забраў з дому, калі сын вярнуўся з работы і спаў.

Сьведка-міліцыянт на судзе заявіў, што яны патрулявалі вуліцу Русіянава на аўтамабілі «Патрыёт», дзе заўважылі «неадэкватнага» чалавека і выйшлі яго супакоіць. Сьведка Кардаш паведаміў на судзе, што ён асабіста зрабіў заўвагу Хацько за яго паводзіны і раіў ісьці «па дабру, па здарову», але па выніку супрацоўнікі былі вымушаныя даставіць яго ва ўпраўленьне. Сам Хацько сьцьвярджае, што ў Першамайскае РУУС прыехаў з памочнікам мясцовага ўчастковага на аўтамабілі «Джылі», што можа даказаць відэазапіс з камэры назіраньня каля РУУС.

Ва ўпраўленьні высьветлілася, што «Хацько раней ужо прыцягваўся за свае палітычныя погляды». Паводле праваабаронцаў, міліцыянт удзельнічаў у «зачыстцы» перад Усебеларускім сходам, таму і затрымаў актывіста, які толькі 2 лютага выйшаў на волю пасьля 25-суткавага арышту па арт. 23.34 і 23.4 КаАП.

«Напэўна яму так начальства сказала. Я ўчора таксама спытаў, за што я затрыманы, на што мне адказалі, што ў іх такі загад», — заявіў на судзе Хацько. Судзьдзя Ліньнік пакарала яго арыштам на 7 дзён.

На знак пратэсту супраць адвольнага і незаконнага затрыманьня і арышту Андрэй Хацько абвясьціў галадоўку.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG