Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Будзем выразаць гарачым жалезам». Лукашэнка выказаўся пра бізнэс і Бабарыку


Лукашэнка за трыбунай сходу

У другі дзень працы Ўсебеларускага народнага сходу кіраўніца Бізнэс-саюзу прадпрымальнікаў і наймальнікаў Жанна Тарасевіч у сваім выступе раскрытыкавала шматлікія бюракратычныя бар’еры для прадпрымальнікаў.

Пасьля яе выступу Аляксандар Лукашэнка ўзяў слова і абвінаваціў бізнэс у працы «на разбурэньне дзяржавы».

У прыватнасьці, згадаў пра зьняволенага банкіра Віктара Бабарыку, заявіўшы, што той яму не канкурэнт.

«Усе парацца наконт Бабарыкі: ах, канкурэнта прэзыдэнта пасадзілі. Ды пляваць я хацеў на такіх канкурэнтаў. У Турэччыне ўласнасьці панастаўлялi, тут асабнякі; ніхто так не жыве, як ён — аўтамабілі, дамы. Дзяцей уцягнуў у гэта, панаадкрываў прадпрыемстваў. Я што, павінен на гэта спакойна глядзець?»

Ён загадаў «спыніць рабунак зь лёгкай рэгістрацыяй бізнэсу» і прыгразіў, што «гарачым жалезам будзе выразаць такіх бізнэсоўцаў».

«Прыходзіць дзяржслужбовец, чалавек у пагонах, у прыватную мэдычную клініку. Амаль скрозь: „Ты ябацька, прэч адсюль“. Скажыце, якая мусіць быць мая рэакцыя на гэта? Дык вось я скажу непапулярна. Мы вас будзем выразаць гарачым жалезам за падобныя рэчы».

«Дзяржава перад бізнэсам на калені ня стане», — заявіў Лукашэнка, прызнаўшыся, што сам распарадзіўся прыкрыць усіх, хто ў свой час падтрымаў усеагульны страйк.

«Дзень салідарнасьці! У панядзелак! Каля 200 прадпрыемстваў зачыніліся! І хто яны ў нас? Дэфіцытныя? Асобныя гандлёвыя пункцікі, кавярнечкі. Як я павінен быў учыніць? Я папярэдзіў Камітэт дзяржкантролю: закрыліся — каб ніводнае не адкрылася».

Паводле Лукашэнкі, Беларусь не Расея, поўзаць перад алігархамі тут ніхто ня будзе. Маўляў, калі бізнэс будзе сацыяльна адказным, дзяржава яго падтрымае. Астатнія хай выкручваюцца самі.

Агулам бізнэсоўцам Лукашэнка параіў «дзяліцца». А іншым параіў спыніць неабгрунтаваны імпарт, пераключыўшыся на беларускі асартымэнт.


«Ня буду называць кампаніі, мы іх проста цяпер падчыстую выразаем. Вазьміце беларускі тавар прадайце. Дык не! „Вы ябацькі? Прэч адсюль“. Як я павінен ставіцца да такой кампаніі? Яе ў Беларусі ня будзе».

Лукашэнка ўдакладніў, што будзе падтрымліваць вытворчыя кампаніі, незалежна ад таго, падтрымлівае іхнае кіраўніцтва асабіста яго і як ставіцца да «ябацек». А іпэшнікаў-пасярэднікаў паабяцаў «прывесьці да прытомнасьці».

Кожны выпад Лукашэнкі супраць бізнэсу заля сустракала воплескамі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG