Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаго хоча і чаго баіцца беларускі чыноўнік


Падчас пасланьня Аляксандра Лукашэнкі ў жніўні 2020 году.

Ці можна лічыць сёньняшняга сярэднестатыстычнага беларускага чыноўніка надзейным апірышчам рэжыму Лукашэнкі — такім самым, як АМАП ці ГУБАЗІК? Вонкава нібыта так: маштабнага расколу эліт, на які быў вялікі спадзеў у лідэраў пратэсту, не назіраецца. У жніўні 2020-га чыноўніцтва ў сваёй масе за Латушкам і Астапенем не пайшло, заявы на звальненьне за рэдкім выключэньнем не пісала. Але ці азначае гэта, што намэнклятура гатовая і далей аддана абараняць аўтарытарны рэжым, які ўсё больш апускаецца ў вір гвалту і самаізаляцыі?

У канцы мінулага тыдня я зьвярнуў увагу на камэнтар Леха Валэнсы, колішняга лідэра «Салідарнасьці», першага прэзыдэнта посткамуністычнай Польшчы, пра тое, як дэмакратам дамагчыся посьпеху ў супрацьстаяньні з таталітарным рэжымам. Лех Валэнса, камэнтуючы для канала Euronews сваё рашэньне пра намінаваньне Аляксея Навальнага на Нобэлеўскую прэмію, сказаў:

«Калі б я пагутарыў з Навальным, я б параіў яму: „Паспрабуй змагацца так, як я“. Я ніколі не змагаўся супраць палітычнай паліцыі, супраць генэралаў ці супраць асобных пэрсонаў. Я змагаўся супраць сыстэмы. Тым, хто падтрымліваў тую сыстэму, я казаў: „Паверце, пры новай сыстэме асабіста вам будзе лепш, чым цяпер. Болей свабоды. Ідзіце за мной — і ў вас будзе лепшае жыцьцё і больш грошай“».

Чынавенства позьняй ПНР у нейкі момант паверыла ў праўдзівасьць слоў Валэнсы і не памылілася. Безумоўна, размова не ішла пра партыйных саноўнікаў найвышэйшага ўзроўню: тым было што страчваць. Але дзясяткі тысяч шараговых дзяржслужбоўцаў ад пераменаў толькі выйгралі. У свабоднай Польшчы для іх, як і для ўсяго грамадзтва, адкрыліся новыя магчымасьці. І яны, як людзі пераважна ініцыятыўныя, прадпрымальныя і дынамічныя, скарысталіся гэтымі магчымасьцямі значна лепш, чым многія іншыя.

З камуністаў — у алігархі

Нешта падобнае адбывалася і пры заняпадзе камуністычнага рэжыму ў позьнім СССР. Хто апынуўся ў першай хвалі каапэратараў, банкіраў, брокераў і прадпрымальнікаў? Праз аднаго — былыя камсамольскія і партыйныя кіраўнікі, супрацоўнікі разнастайных райкамаў і абкамаў. Людзі, якія, здавалася б, адпаведна сваім пасадам мусілі да апошняга ўздыху абараняць ідэалы камунізму і змагацца з буржуазнай ідэалёгіяй, пры першай жа магчымасьці паздымалі камсамольскія значкі, пакідалі партбілеты і самі сталі рэспэктабэльнымі буржуа. Не таму, што ім надта кепска жылося ў СССР пры камуністычным рэжыме. Жылося якраз на агульным бядотным тле вельмі нават няблага. Але ж яны параўноўвалі ўзровень свайго жыцьця з узроўнем жыцьця эліты на Захадзе. А што параўноўваць здабытую зь вялікімі цяжкасьцямі дэфіцытную ў СССР «Ладу» з «Мэрсэдэсам» ці асабняк у Ніцы з драўлянай дачай у Падмаскоўі?

Камуністычны рэжым быў разбураны не без удзелу і спрыяньня самой савецкай намэнклятуры, калі тая пераканалася, што пры зьмене рэжыму асабіста ёй стане лепш, чым раней.

Тое ж можна сказаць і пра сёньняшніх беларускіх чыноўнікаў. Вядома, яны не бядуюць і не цярпяць ад галечы і пры Лукашэнку. Але калі параўноўваюць свае заробкі і магчымасьці з заробкамі і магчымасьцямі нямецкіх, польскіх, літоўскіх (а нават і расейскіх) калег, могуць толькі горка ўздыхаць. І справа ня толькі ў заробках. А прыніжальныя загады і распараджэньні «зьверху», якія, нягледзячы на відавочную супярэчнасьць з правам, немагчыма аспрэчыць? А вымушаны ўдзел у разнастайных прапагандысцкіх кампаніях? А немагчымасьць адкрыта выказваць уласныя погляды і адстойваць уласную пазыцыю? Я ўжо не кажу пра тое, што беларускія чыноўнікі з намнога большай ахвотай хацелі б езьдзіць на сэмінары ды канфэрэнцыі ў Брусэль ды Страсбург, а не ў Смаленск ды Піцер. І вучыць дзяцей яны мараць у Бэрліне ды Лёндане, а не ў Маскве ці Самары.

Адступаць няма куды — ззаду Дразды

Трымацца і змагацца ёсьць за што тым, хто мае маёнткі коштам па мільёну даляраў у Драздах ці ў іншых намэнклятурных гета вакол буйных гарадоў. Але такіх дзясяткі (ну максымум сотні, калі ўлічваць яшчэ першых кіраўнікоў абласьцей і раёнаў). А астатнія 36 тысяч беларускіх чыноўнікаў жывуць пераважна ў тых жа шматкватэрных дамах, што і іншыя. Ходзяць у тыя ж крамы, лечацца ў тых жа паліклініках, вучаць дзяцей у тых жа школах.

Месца ў Драздах для іх няма і ня будзе. І акладаў па 20 000 рублёў ім даваць няма адкуль... І пераважная большасьць іх выдатна разумее, што ў выніку зьмены рэжыму асабіста для іх жыцьцё горшым ня стане — а якраз наадварот (калі толькі яны не запэцкаюцца ў відавочна крымінальных учынках). Магчыма, менавіта таму і не відаць, каб вялізная армія дзяржслужбоўцаў нейкім відавочным чынам масава ўдзельнічала ў прапагандысцкіх акцыях рэжыму. Ну хіба бачылі вы, каб выканкамаўскія работнікі дружнымі шэрагамі на покліч сэрца хадзілі па дварах зразаць БЧБ-стужачкі або запісваліся ў «народныя дружыны», каб паляваць на апазыцыянэраў? Ва ўсіх гучных выпадках з гэтымі «дружынамі» былі заўважаныя пераважна насельнікі Драздоў...

Усё гэта, без сумневу, разумее і Лукашэнка. І дзеля таго, каб утрымаць намэнклятуру ў цуглях, у яго цяпер ёсьць толькі адзін спосаб: максымальна стварыць уражаньне, што ўлада ягоная непахісная, што ён нікуды не зьбіраецца сыходзіць, што ўсё будзе, як заўсёды, што ніякая ён не «кульгавая качка» і ў іх няма іншага выйсьця — толькі служыць яму. Нават калі ўнутрана яны з гэтым і ня згодныя.

Уласна, дзеля гэтага і склікаецца так званы Усебеларускі народны сход — каб паказаць, што яны зь ім у адной лодцы. Магчыма, нават у падводнай. І падзецца ім з гэтай лодкі няма куды. Але нават падводная лодка час ад часу мусіць усплываць.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG