Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Судзяць хлопца, які заклеіў вакно КПП на Акрэсьціна ўлёткай з выявай загінулага Мікіты Крыўцова


Ігар Пражэньнікаў
Ігар Пражэньнікаў

Пачаўся суд над 21-гадовым Ігарам Пражэньнікавым, які 4 кастрычніка заклеіў камэру відэаназіраньня на Акрэсьціна, а таксама наляпіў на вакенца КПП улётку з выявай Мікіты Крыўцова, які загінуў падчас пратэстаў.

«Менсктранс» выставіў Ігару пазоў — нібыта ён блякаваў рух транспарту і нанёс прадпрыемству шкоду на суму 18 624 рублёў 45 капеек. І хоць дзейнічаў ён у групе асобаў, астатнія людзі ня вызначаныя.

Што адбылося 4 кастрычніка

У той дзень у Менску праходзіў «Марш вызваленьня палітвязьняў». Калёна пратэстоўцаў з «Пушкінскай» дайшла да турмы на Акрэсьціна. Маладыя людзі заклеілі камэру відэназіраньня, вакно КПП, расклеілі ўлёткі з выявай і інфармацыяй пра чалавека, які загінуў падчас пратэсту.

Затрымалі Ігара Пражэньнікава ўжо пасьля маршу на выхадзе з крамы, калі ён вяртаўся з акцыі, — пад’ехаў бус зь людзьмі ў балаклавах, яны груба, ужываючы нецэнзурную лексыку, запіхнулі яго ў аўтамабіль.

Празь дзень маладому чалавеку прысудзілі 13 дзён арышту паводле артыкулу 23.34. Калі 17 кастрычніка сваякі з Магілёва прыехалі сустракаць Ігара пасьля адседкі, яго ня выпусьцілі — завялі крымінальную справу за «арганізацыю і падрыхтоўку дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак» (ч. 1 арт. 342).

МУС апублікаваў відэа.


За акцыю пратэсту ў той дзень было заведзена 5 крымінальных спраў, ніяк не зьвязаных паміж сабой і затрыманых у розных месцах. Усіх пецярых праваабаронцы прызналі палітвязьнямі.

Нанёс шкоду «Менсктрансу» на суму 18 624 рублі 45 капеек

Працэс вядзе судзьдзя Фрунзэнскага суду Юлія Чыж.

Дзяржаўны абвінаваўца Крысьціна Асран сьцьвярджае, што Пражэньнікаў знаходзіўся на праезнай частцы, ведаў, што масавае мерапрыемства несанкцыянаванае. Перашкаджаў руху транспарту, выкрыкваў лёзунгі, ня выканаў законныя патрабаваньні прадстаўнікоў улады спыніцца. Ён наўмысна перашкаджаў руху транспарту, дзейнічаў з групай іншых нявызначаных асобаў, блякаваў і перашкаджаў руху транспарту — каля 20 маршрутаў аўтобусаў і дзясятка тралейбусаў.

Таксама з групай нявызначаных асобаў каля ІЧУ і ЦІП на Акрэсьціна меў намер пашкодзіць працы камэр відэаназіраньня, заклеіў самаклейкай стужкай адну з камэр і акно КПП.

«Менсктранс» выставіў Пражэньнікаву пазоў на 18 624 рублі 45 капеек — такую шкоду ён нібыта нанёс прадпрыемству

«Выйшаў на марш зь цікавасьці»

Двое сьведак у суд не зьявіліся. Таму пасьля пракурора дапыталі абвінавачанага.

Ігар ведаў, што кожную нядзелю каля стэлы адбываюцца масавыя мерапрыемствы. Яму было цікава — раней такіх маршаў ён ня бачыў.

Хлопец быў незадаволены вынікамі выбараў, лічыць, што яны былі сфальшаваныя. У жніўні бачыў на відэазапісе ў інтэрнэце ўкід бюлетэняў на выбарах, абурыўся гэтым і вырашыў пайсьці на марш.

«Я адчуў сябе падманутым. Даехаў з „Каменнай Горкі“ да „Пушкінскай“, далей мэтро не працавала. Перасеў на тралейбус, убачыў каля станцыі „Маладзёжная“ вялікі натоўп — 50–70 тысяч чалавек. Людзі ішлі па праезнай частцы, але транспарт рухаўся, машыны праяжджалі.

Мне хацелася ўбачыць на свае вочы, як выходзіць народ, паглядзець на 100-тысячны натоўп. Выйшаў на марш зь цікавасьці», — кажа Ігар.

Пражэньнікаў нядаўна пераехаў у Менск з Магілёва, сталіцу ведае дрэнна і не адразу зразумеў, куды дайшоў натоўп. Яму патлумачылі, што гэта Акрэсьціна, турма. Убачыў калючы дрот, на даху — чалавека ў балаклаве, які здымаў тое, што адбываецца. Хтосьці фатаграфаваўся, хтосьці ляпіў на сьцены невялікія бел-чырвона-белыя налепкі.

«Мне нейкі хлопец даў некалькі налепак памерам прыкладна 6 см на 4 см. І параіў адну налепку наклеіць на „яркае месца“ — на аб’ектыў відэакамэры, што знаходзілася над дзьвярамі ІЧУ. „Вочка“ камэры было на вышыні прыкладна 2 мэтры, я яе заляпіў.

Яшчэ адзін хлопец папрасіў, каб я „падсадзіў“ яго, бо другая камэра была вышэй. У хлопца быў мэталічны прут, якім ён двойчы ўдарыў па камэры. Я сказаў: „хопіць“ і спусьціў яго. А потым я заклеіў акенца КПП улёткай з выявай хлопца, які загінуў. Іх мне даў той чалавек, якога я падняў», — расказаў падсудны.

Кажа, што рабіў усё «на эмоцыях». Віну сваю прызнаў цалкам і раскаяўся.

Зь пісьмовых матэрыялаў справы вынікае, што на ўлётках была выява чалавека з надпісам «Мікіта Крыўцоў R.I.P.», налепкі былі з «Пагоняй» і бел-чырвона-белым сьцягам.

21-гадовы Ігар Пражэньнікаў родам з Магілёва, скончыў там каледж, атрымаў спэцыяльнасьць тэхніка-праграміста, два гады таму пераехаў у Менск. Апошнім часам працаваў на прыёме і апрацоўцы замоваў на піцу, расказвае яго маці Іна Пражэньнікава.

«Ні ў якіх апазыцыйных арганізацыях сын ня быў, ні на якія забароненыя тэлеграм-каналы ня быў падпісаны. Ён кандыдат у майстры спорту ў шахматах, 8 гадоў сур’ёзна займаўся хакеем у магілёўскай камандзе „Львы“.

На „Марш вызваленьня палітвязьняў“ ён пайшоў па сваіх унутраных перакананьнях: таму што лічыць, што людзей несправядліва, незаконна кідаюць у турмы» — кажа маці Ігара.

Наступнае паседжаньне 16 лютага а 10-й гадзіне.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG