Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Паставілі тварам да сьцяны і пачалі зьбіваць». Судзяць актывіста штабу Віктара Бабарыкі


Суд над Лявонам Халатранам
Суд над Лявонам Халатранам

9 лютага ў Фрунзэнскім раённым судзе Менску пачаўся працэс над Лявонам Халатранам, валянтэрам штабу Віктара Бабарыкі, сябрам і калегам Марыі Калесьнікавай па працы ў ОК-16.

Лявона Халатрана затрымалі праз два дні пасьля выбараў. Яго вінавацяць паводле 1-й часткі 324 артыкула Крымінальнага кодэксу — у «арганізацыі альбо падрыхтоўцы групавых дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак». Паводле абвінавачаньня, у ноч з 9 на 10 жніўня Халатран удзельнічаў у беспарадках на вуліцы Максіма Багдановіча і праспэкце Машэрава, выкрыкваў лёзунгі, пляскаў у далоні, удзельнічаў у перакрываньні дарожнага руху, а таксама заклікаў да беспарадкаў праз інтэрнэт.

«Не вінаваты і не разумею абвінавачаньня»

На сьледзтве валянтэр сваёй віны не прызнаваў і паўтарыў пра гэта ў судзе, дадаўшы, што не разумее сэнсу абвінавачаньня. Народжаны ў Тбілісі, армянін па нацыянальнасьці Лявон Халатран тлумачыў, што добра ведае расейскую мову, шмат чытае на ёй мастацкай літаратуры, але разабрацца ў абвінавачаньні яму цяжка, настолькі яно забруджанае канцылярызмамі, перанасычанае граматычнымі і сынтаксычнымі памылкамі і мае шмат фактычных недакладнасьцяў. Але судзьдзя Юлія Блізьнюк адхіліла хадайніцтва Лявона Халатрана аб вяртаньні абвінавачаньня пракурору для выпраўленьня хібаў і адразу перайшла да допыту абвінавачанага.

Лявон Халатран адмовіў меркаваньне сьледзтва наконт ягонага ўдзелу ў вулічных беспарадках і ў іх арганізацыі пачынаючы ад 10 вечара 9 жніўня да раніцы 10 жніўня. Паводле падсуднага, гэты час ён правёў у аб’яднаным штабе па адрасе вуліца Веры Харужай, 25, а пакідаў штаб толькі раз на 25 хвілін. Лявон сказаў, што гуляў цягам гэтага кароткага адрэзку часу да 2 гадзіны ночы, бачыў у раёне вуліцы Веры Харужай шмат людзей, але сам ні ў чым ня ўдзельнічаў, лёзунгаў не выкрыкваў, на праезную частку не выходзіў. Каля вуліцы Крапоткіна, паводле Лявона Халатрана, да яго зьвярнуўся малады чалавек з крывёй на галаве і папрасіў дапамогі. Гэтаму незнаёмцу Лявон выклікаў хуткую дапамогу, а сам вярнуўся ў штаб.

У судовай залі
У судовай залі

Асобна Лявон Халатран спыніўся на падзеях 11 жніўня, калі яго затрымалі ў двары дома, дзе ён жыве. Падсудны сьцьвярджаў, што яго прывезьлі ў будынак міліцэйскай управы на вуліцы Рэспубліканскай і зьбілі там зьвязанага.

«Паставілі тварам да сьцяны, зьвязалі рукі плястыкавым хамутом і пачалі біць, у тым ліку па галаве. Патрабавалі пароль тэлефона, і ў выніку я мусіў пароль сказаць», — паведаміў суду Лявон Халатран. На твары, паводле Халатрана, яшчэ і праз два тыдні заставаліся сьляды зьбіцьця, у тым ліку шнар, які экспэртыза чамусьці не зафіксавала.

Лявон Халатран адбыў 15 сутак у ізалятары на Акрэсьціна. Затым як аднаго зь фігурантаў справы па 293-м артыкуле («удзел у масавых беспарадках») яго перавялі на «Валадарку». Сьледчы казаў Лявону Халатрану, што доказаў ягонай віны дастаткова, але потым ягоную справу вылучылі ў асобную, а абвінавачаньне яму перакваліфікавалі на 342 артыкул.

«Гэтая размова мне не належыць»

9 студзеня суд апытаў двух сьведак і пачаў вывучэньне матэрыялаў справы, якая складаецца з 7 тамоў. Зь першага тома называліся некалькі скрыншотаў з тэлеграм-каналу Nexta. Адвакат Уладзімер Пыльчанка зьвярнуў увагу суду на тое, што гэтыя скрыншоты ня ўзятыя з тэлефона Лявона Халатрана, а проста сфатаграфаваныя з кампутара. Пракурор Павал Папкоў перайшоў да другога тома і пачаў зачытваць кавалкі тэлефонных размоў, у тым ліку з удзелам Лявона Халатрана. Паводле сьледзтва, гэтыя размовы павінны даказваць, што беспарадкі ўвечары 9 жніўня ў раёне праспэкта Машэрава, «Белай вежы» і стэлы на праспэкце Пераможцаў былі арганізаваныя штучна, і падсудны Халатран мае да гэтага дачыненьне.

У судовай залі можна было разабраць толькі асобныя фразы, якія пракурор зачытваў ціхім голасам праз мэдычную маску.

«Вельмі шмат людзей, усе ідуць на стэлу», «стаім на скрыжаваньні, ня бачна, колькі тут народу», «там нейкі дзьвіж», «яны сьцягваюць сюды ўсе сілы», «у нас тут пару тысяч, мы таксама ідзем на праезную частку».

Якія з гэтых словаў належалі Лявону Халатрану? Часьцей за ўсё пра гарачыя падзеі расказвалі яму, а ён толькі распытваў. Частку размоў, якія прыпісала падсуднаму сьледзтва, ён сваімі не прызнаў. «Гэтая размова мне не належыць», — настойваў Халатран.

Бацька Лявона Халатрана ў судзе
Бацька Лявона Халатрана ў судзе

Прафігуравала ў матэрыялах справы і тэлефонная размова з удзелам Лявона Халатрана, якая адбылася 11 жніўня а гадзіне ночы. «Мы тут засталіся зусім адны», — казаў, паводле сьледзтва, валянтэр. Празь некалькі гадзін Халатрана затрымалі.

Рух спыніўся ўжо а 16-й гадзіне

Што адбывалася на вуліцах Веры Харужай, Максіма Багдановіча і праспэкце Машэрава ў ноч на 10 жніўня? Сьведка Марыя Грышчанка, якую апытаў суд пасьля таго, як жонка падсуднага Яна адмовілася даваць паказаньні, расказала наступнае.

«Ніхто там не заклікаў. Што ж адбылося? На выбарчым участку павінны былі вывесіць пратаколы вынікаў галасаваньня, але ня вывесілі. Людзі чакалі і выйшлі на вуліцу. Нейкія маладзёны выцягнулі на дарогу вазоны з кветкамі, але руху ўжо не было», — казала сьведка.

Паводле Мінсктрансу, ад таго, што ў раёне вуліц Багдановіча, Веры Харужай і праспэкта Машэрава 9–10 жніўня не хадзілі аўтобусы, трамваі і тралейбусы, шкода склала 115 тысяч рублёў. Віну за гэта ўскладаюць на пратэстоўцаў. На гэта абаронца Лявона Халатрана прывёў дадзеныя з ДАІ, паводле якіх рух у гэтым раёне быў перакрыты ўжо з 16 гадзіны 9 жніўня, яшчэ да падзеяў, якія вывучае суд.

Працэс над Лявонам Халатранам адновіцца 16 лютага.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG