Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня: Дзень нараджэньня Валянціна Тараса


Валянцін Тарас
Валянцін Тарас

Падзеі 9 лютага ў беларускай і сусьветнай гісторыі

Дата дня

9 лютага 1930 году нарадзіўся Валянцін Тарас — беларускі паэт, перакладчык, публіцыст, удзельнік партызанскага руху падчас Другой сусьветнай вайны.

У лютым 1943-га, у трынаццаць гадоў, ён пайшоў у партызанскі лес і, як жартаваў, магчыма, адтуль і ня выйшаў.

І тады, калі працаваў у часопісе «Нёман», адкуль мусіў у 1968 годзе звольніцца «па ўласным жаданьні», а насамрэч па жаданьні КГБ, які ў той час займаўся справаю Валянцінавай прыяцелькі пісьменьніцы Лідзіі Вакулоўскай, на кватэры якой зьбіраліся дысыдэнты-інтэлектуалы. І тады, калі Тараса доўгімі гадамі не друкавалі. І тады, калі ў брэжнеўскі застой ён пераклаў разам з Карласам Шэрманам раман Габрыеля Гарсія Маркеса «Восень патрыярха». І ўжо ў новыя часы, калі спадар Валянцін працаваў у Беларускім Хэльсынскім камітэце і ў кіраўніцтве Беларускага Фонду Сораса, калі стаў адным з стваральнікаў Хартыі-1997.

Да апошніх дзён Тарас заставаўся намесьнікам старшыні Беларускага ПЭН-цэнтру і — зь бясцэнным жыцьцёвым досьведам і мудрасьцю — меў там велізарны ўплыў. Памятаю, купка досыць вядомых айчынных пісьменьнікаў, паквапіўшыся на вялікі ганарар і, вядома, не афішуючы сваёй натхнёнай дзейнасьці, «пераклала» на замову амбасады Туркмэніі кнігу тамтэйшага дыктатара Ніязава «Рухнама», якую ледзь не на памяць мусіў ведаць кожны яго падданы. Сярод «перакладчыкаў з туркмэнскай» аказаўся й адзін зь сябраў ПЭНу. На паседжаньні Рады прагучала прапанова выключыць калегу за маральную непераборлівасьць. Валянцін Яфімавіч ня менш рашуча выступіў супраць. «У гэтага чалавека, — сказаў ён, — ёсьць сумленьне». Вось яно, маўляў, няхай і судзіць «перакладчыка».

У Тараса засталася багатая літаратурная спадчына. Для мяне галоўная ягоная кніга — мэмуары «На высьпе ўспамінаў» — сумленныя і дасьціпныя, без уздыманьня самога сябе на катурны, сагрэтыя гумарам і падсьвечаныя філязафічнасьцю.

Менавіта Тарасу Васіль Быкаў даверыў перакласьці на расейскую мову сваю «Доўгую дарогу дадому».

Аднадумцам і паплечнікам Валянціна Тараса быў сын Віталь — журналіст і публіцыст, ляўрэат прэміі імя Алеся Адамовіча, супрацоўнік Радыё Свабода й газэты «Наша Ніва», на чыіх старонках ён, ужо безнадзейна хворы, амаль да астатняга дня друкаваў бліскучыя артыкулы.

Адразу пасьля Віталевага сыходу адбыўся дзікі выпадак, ад якога скалануліся ўсе яго родныя і блізкія. Склаўшы паперу пра тое, што прычынаю сьмерці сталася анкалягічнае захворваньне, супрацоўнік міліцыі, нягледзячы на пратэсты сваякоў, зьняў у нябожчыка адбіткі пальцаў. Сын перажыў бацьку ўсяго на два гады. Тарас-старэйшы ганарыўся Віталёвай кнігай эсэ «Звыклае зло», дзе, як зазначыў аўтар прадмовы Сяргей Дубавец, «ты кожны раз пераконваесься, што дабро і зло, белае і чорнае, сьвятло і цемра ў гэтым сьвеце хоць і зьмянілі свой выгляд, але ў сутнасьці засталіся ранейшымі».

Уладзімер Арлоў, «Імёны Свабоды», 4-е выданьне , с. 590-591

Таксама ў гэты дзень

1550 — заснаваны Віленскі езуіцкі калегіюм, які ў 1578 г. прывілеем караля Рэчы Паспалітай Стэфана Баторыя быў пераўтвораны ў Віленскі ўнівэрсытэт.

1667 — адбылося падпісаньне Андрусаўскага замірэньня паміж Масковіяй і Рэччу Паспалітаю, згодна зь якім апошняя страціла смаленскія землі і левабярэжную Ўкраіну.

1852 — у Менску прайшла прэм’ера першай беларускай опэры «Ідылія». Музыку да п’есы Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча напісаў кампазытар Станіслаў Манюшка.

Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч и Станіслаў Манюшка, помнік у Менску
Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч и Станіслаў Манюшка, помнік у Менску

1904 — японская эскадра адмірала Тога атакавала расейскую эскадру на ўнутраным рэйдзе Порт-Артура, пачатак расейска-японскай вайны.

1913 — у Вільні Беларускі музычна-драматычны гурток упершыню паставіў камэдыю Янкі Купалы «Паўлінка».

Паўлінка ў Купалаўскім тэатры
Паўлінка ў Купалаўскім тэатры

1991 — праведзены рэфэрэндум аб незалежнасьці Літвы ад СССР. За аднаўленьне незалежнасьці прагаласавалі каля трох чвэрцяў зарэгістраваных выбаршчыкаў, яўка перавысіла 80%.

У гэты дзень нарадзіліся

1907 — Іван Булыгін, беларускі навуковец-фізіёляг, акадэмік, заслужаны дзяяч навукі Беларусі.

1946 — Эдуард Зарыцкі, беларускі кампазытар, народны артыст Беларусі.

1959 — Віктар Шалкевіч, беларускі бард, актор, паэт і шоўмэн.

Віктар Шалкевіч
Віктар Шалкевіч

1960 — Міхась Казлоўскі, беларускі краязнаўца, грамадзкі дзеяч, крытык, публіцыст, выдавец.

1973 — Сьвятлана Багінская, беларуская гімнастка, трохразовая алімпійская чэмпіёнка, чэмпіёнка сьвету і Эўропы, шматразовая чэмпіёнка СССР.

У гэты дзень памерлі

1881 — Фёдар Дастаеўскі, расейскі пісьменьнік.

1991 —Тамара Цулукідзэ, акторка, пісьменьніца й перакладчыца, вязень ГУЛАГу.

1991 — Аркадзь Мігдал, савецкі фізык-тэарэтык, акадэмік, ураджэнец Беларусі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG