Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ва ўзросьце 100 гадоў памёр Джордж Шульц, былы дзяржаўны сакратар ЗША

Джордж Шульц
Джордж Шульц

Былы дзяржаўны сакратар ЗША Джордж Шульц памёр ва ўзросьце 100 гадоў.

Інстытут Гувэра паведаміў, што Шульц памёр 6 лютага. Установа называе яго «адным з найбольш пасьлядоўных палітыкаў усіх часоў».

Джордж Шульц лічыцца адным з асноўных архітэктараў паляпшэньня амэрыканска-савецкіх дачыненьняў у эпоху прэзыдэнта Рональда Рэйгана і завяршэньня «халоднай вайны».

Пры прэзыдэнту Рычарду Ніксану Шульц быў міністрам фінансаў, міністрам працы і дырэктарам кіраваньня бюджэтам ЗША. У 1982–1989 гадах ён працаваў дзяржаўным сакратаром. Тады прэзыдэнтам быў Рональд Рэйган.

Першыя гады працы Шульца на пасадзе кіраўніка Дзяржаўнага дэпартамэнту былі адзначаныя напружанасьцю з Савецкім Саюзам у сувязі з савецкім газаправодам у Эўропу, разьмяшчэньнем у Эўропе амэрыканскіх ядзерных ракет сярэдняй далёкасьці і зьбіцьцём пасажырскага самалёта Korean Air Lines у 1983 годзе.

Пасьля прыходу да ўлады ў Савецкім Саюзе Міхаіла Гарбачова Шульц заклікаў Рэйгана разьвіваць асабістыя адносіны з кіраўніком СССР. У 1987 годзе два лідэры падпісалі Дамову аб ліквідацыі ракет сярэдняй і малой далёкасьці, адзінае пагадненьне часу «халоднай вайны» аб ліквідацыі цэлай клясы ракет.

Шульц таксама шмат працаваў над урэгуляваньнем палестына-ізраільскага канфлікту і спыненьнем жорсткай грамадзянскай вайны ў Лібане ў 1980-х.

Пасля адыходу ад палітыкі Шульц быў старшым супрацоўнікам Інстытуту Гувэра пры Стэнфардзкім унівэрсытэце. Ён працаваў прыватным дарадцам многіх рэспубліканскіх палітыкаў.

Калі Джордж Буш-малодшы балятаваўся ў прэзыдэнты ў 2000 годзе, Шульц пазнаёміў яго з Кандалізай Райз. Пазьней яна стала дарадцам і дзяржаўным сакратаром Буша.

XS
SM
MD
LG