Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Страх — адзіны інструмэнт захаваньня ўлады, які застаўся ў Лукашэнкі, — Фядута


Лукашэнка з аўтаматам вітае АМАП каля палацу Незалежнасьці. 23 жніўня 2020
Лукашэнка з аўтаматам вітае АМАП каля палацу Незалежнасьці. 23 жніўня 2020

Публіцыст Аляксандар Фядута разважае, што азначаюць новыя затрыманьні сярод банкіраў і прадпрымальнікаў, аналізуе, ці маюць сілавікі ўласныя палітычныя амбіцыі, і адказвае на пытаньне, на чыім баку будзе намэнклятура


Сьцісла:

  • Аляксандар Лукашэнка ня ўпэўнены ў тым, што яго падтрымліваюць эліты.
  • Справа Бабарыкі ня скончылася толькі на Белгазпрамбанку, гэта наагул справа беларускага бізнэсу
  • Лукашэнка адчувае сябе ў бясьпецы толькі да таго моманту, пакуль АМАП на ягоным баку
  • «Цябе адхвошчуць бізунамі, і ты палюбіш мяне як міленькая».
  • У новай улады будзе дастаткова прыхільнікаў сярод старой намэнклятуры

— За апошнія дні адбылося некалькі гучных затрыманьняў прадстаўнікоў бізнэсу — дырэктар ГУМу, некаторыя банкіры і прадпрымальнікі з асяродзьдзя былога прэм’ера Сяргея Румаса. Сам Румас фактычна ўцёк за межы Беларусі. Азнакамі чаго можна лічыць гэтыя затрыманьні, ці сьведчаць яны пра пэўны працэс і пэўную тэндэнцыю?

— З майго гледзішча, Аляксандар Лукашэнка ня ўпэўнены ў тым, што яго падтрымліваюць эліты. Сёньня ён фактычна кіруе толькі сілавікамі. Усё астатняе — людзі, якія ў любы момант могуць яму, як ён лічыць, «здрадзіць». І перш за ўсё ён ня ўпэўнены ў прадстаўніках буйнога бізнэсу. Менавіта таму справа Бабарыкі ня скончылася толькі на Белгазпрамбанку, гэта наагул справа беларускага бізнэсу.

Аляксандар Фядута
Аляксандар Фядута

Зразумела, што сам Румас не цікавы Лукашэнку, але як прадстаўнік пэўнай неляяльнай карпарацыі ён вельмі важны. І ягоны арышт быў бы знакавым, ён меўся б прымусіць прадстаўнікоў банкаўскай супольнасьці да страху і ляяльнасьці. Бо страх — адзіны інструмэнт захаваньня ўлады, які застаўся ў Лукашэнкі. Румас зьбег, але будуць хапаць ягоных знаёмых, будуць браць закладнікаў, каб ён вярнуўся. Я думаю, ён ня вернецца.

— Румас прадстаўляў групу чыноўнікаў, якіх умоўна ў беларускіх абставінах можна было назваць «эканамічнымі лібэраламі». Ці можна меркаваць, што менавіта гэтая частка чыноўнікаў становіць для Лукашэнкі пагрозу і менавіта там будзе чыстка?

— Хутчэй за ўсё, так. Эканамічна-лібэральнае крыло ўраду будзе значна прачышчанае. Адзіны, каго, хутчэй, ня будуць чапаць, — гэта старшыня праўленьня Нацбанку Павел Калаўр. Бо калі яго зараз крануць, то стабільнасьць беларускай нацыянальнай валюты можа парушыцца.

— Вы сказалі, што Лукашэнка ня ўпэўнены ў тым, што яго падтрымліваюць эліты. Але хіба можна арыштамі аднавіць гэтую падтрымку эліт? Наўрад ці ад такіх дзеяньняў у намэнклятуры зьявіцца да яго павага. Ці ён на павагу ўжо не разьлічвае, а галоўнае — пасеяць страх, каб чыноўнікі працягвалі працаваць на цяперашнюю ўладу хаця б выключна са страху?

— Менавіта так. Быў такі вялікі рэжысэр на «Беларусьфільме» Леанід Нячаеў. І ў ягоным фільме пра Чырвоны Каптурык маленькі хлопчык кажа Каптурыку — «цябе адхвошчуць бізунамі, і ты палюбіш мяне як міленькая». Цяпер «маленькі хлопчык» спрабуе менавіта такім чынам прымусіць усіх любіць яго. Так не бывае, але нічога іншага яму не застаецца.

— Аляксандра Лукашэнку нездарма называюць «прэзыдэнтам АМАПу». Відавочна, за апошнія месяцы, асабліва пасьля жніўня 2020 году, пазыцыі сілавікоў істотна ўзмацніліся. Ці мяняе ўзвышэньне сілавікоў пазыцыі розных груповак у структурах улады?

— Яны закладнікі адзін аднаго, Лукашэнка — сілавікоў, сілавікі — ягонай улады. Ён адчувае сябе ў бясьпецы толькі да таго моманту, пакуль АМАП на ягоным баку. Той момант, калі сілавікі адчуюць, што Лукашэнка зьбіраецца ўцячы зь Беларусі, стане апошнімі імгненьнямі ягонай улады. Бо тады яны рэалізуюць уласную магчымасьць, каб захапіць яго і ўступіць у торг з тымі, хто, на іхнюю думку, будзе новымі кіраўнікамі краіны. Каб забясьпечыць коштам ягонай выдачы сваю свабоду.

І гэта даволі жудасна, бо ў момант, калі ніхто не кантралюе ані чалавека, які аддае загады, ані сілавікоў, якія іх выконваюць, — у такі момант звычайна і адбываюцца самыя жорсткія падзеі.

— У мяне наконт палітычнай волі сілавікоў трошкі іншыя ўражаньні. Мне падаецца, што яны ня здольныя да самастойных палітычных учынкаў. Цяпер яны выконваюць загады адной улады, будзе іншая — будуць выконваць загады новай улады, у тым ліку затрымліваць сваіх былых кіраўнікоў ці таварышаў па службе. Ня бачу, каб яны адчувалі сваю сілу як нейкая супольная карпарацыя і былі здольныя на нейкія самастойныя ўчынкі...

— Яны ўсе ўсё разумеюць. У нас краіна, якая жыве паводле прынцыпу «вы же сами всё понимаете». Вельмі сур’ёзныя зрухі адбываюцца сярод сілавікоў, найперш на ўзроўні сярэдняга зьвяна, ад маёра да палкоўніка. Ім ёсьць што страчваць і няма магчымасьці пазьбегнуць у будучыні пакараньня. Генэрал можа паляцець на самалёце, а куды паляціць палкоўнік? У яго няма нічога, акрамя кватэры, машыны, сям’і. А зараз нават кватэру прадаць вельмі цяжка, бо няма пакупнікоў, бо многія зьяжджаюць з краіны. І я думаю, што менавіта гэтыя людзі падрыхтаваныя да таго, каб перайсьці на бок таго, што называюць рэвалюцыяй. Але рэвалюцыі пакуль не адбываецца, і ім пераходзіць няма куды.

— У 90-я гады адным з самых распаўсюджаных жанраў у незалежнай беларускай журналістыцы былі публікацыі на тэму вайны і канкурэнцыі сярод розных беларускіх сілавых ведамстваў і структураў. Але даўно ўжо мы такіх публікацыяў ня бачым. Ці азначае гэта, што цяпер, і асабліва пасьля падзеяў жніўня, усе сілавыя структуры па адзін бок барыкадаў і часова забыліся на сваркі паміж сабой?

— Проста зараз няма тых журналістаў, каму сілавікі давяраюць і з кім маглі б сустракацца і зьліваць інфармацыю. Няма Ігара Герменчука (рэдактар газэты «Свабода»), Пятра Марцава (выдавец «Белорусской деловой газеты»). Таму мы ня ведаем, што там адбываецца. Але там адбываюцца вельмі сур’ёзныя працэсы.

— А вы ці маеце нейкія веды, факты пра процістаяньне, сутыкненьні паміж рознымі сілавымі ведамствамі?

— Гэта пытаньне, якое я пакіну без адказу.

— Намэнклятура, відавочна, не зьяўляецца цалкам ляяльнай да Аляксандра Лукашэнкі. Як казаў мне ў інтэрвію былы чыноўнік Адміністрацыі прэзыдэнта Аляксандар Пласкавіцкі, намэнклятура чакае, хто выйграе ў бітве паміж Лукашэнкам і народам, каб потым прымкнуць да пераможцы. Ці так гэта, ці здольная намэнклятура на самастойную ролю?

— У Беларусі няма такой намэнклятуры, якая б усьведамляла нейкія свае асобныя інтарэсы. У іх няма лідэраў, няма палітычнай арганізацыі. Менавіта таму мажліва толькі чакаць, што калі ўлада зьменіцца, у новай улады будзе дастаткова прыхільнікаў сярод старой намэнклятуры, якія пажадаюць і надалей працаваць на старым месцы. У Беларусі ня самыя кепскія чыноўнікі, трэба прызнаць.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG