Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Знайшлі ў лесе пакунак са сьцягам — і нас забраў АМАП». У Гомлі судзілі мужа і жонку па 23.34


Ілюстрацыйнае фота

Суд Цэнтральнага раёну Гомля 4 лютага разгледзеў адміністрацыйныя справы па артыкуле 23.34 КаАП (несанкцыянаваны пікет) у дачыненьні да мужа і жонкі. Жыхарка Гомля сьведчыла ў судзе, што знайшла ў лесе пакунак са сьцягам, а празь некалькі хвілін іх затрымаў АМАП.

Адміністрацыйную справу ў дачыненьні да жыхаркі Гомля, спэцыялісткі па закупках Вольгі разглядаў судзьдзя Віктар Казачок.
Паводле пратаколу міліцыі, 24 студзеня Вольга «прыняла актыўны ўдзел у несанкцыянаваным пікеце каля грабнога каналу на вуліцы Лугавой». Яе з мужам і сяброўкай затрымаў АМАП і даставіў у аддзел.

Жыхарка Гомля падрабязна апісала «пікет» у лясным масіве за вуліцай Лугавой. Паводле Вольгі, яны з мужам і сяброўкай вядуць спартыўны лад жыцьця. У той дзень, 24 студзеня, яны ўтрох паехалі за грабны канал, каб праверыць — ці ёсьць там лыжня.

«Паехалі ў разьведку і заблукалі. Муж пайшоў паглядзець, куды мы прыехалі. Мы зь сяброўкай засталіся каля аўтамабіля. Я ўбачыла ў лесе пакунак і вырашыла паглядзець — што там. Неяк мы былі ў Рызе, і я знайшла пакунак, дзе былі віскі і прадукты — таму я паўз пакеты не праходжу, спакушаюся такім момантам. Там былі два сьцягі. У нас такіх няма дома, таму я папрасіла мужа мяне сфатаграфаваць зь імі. Фоткі выйшлі ніякія, і я іх выдаліла. Потым я склала сьцягі назад у пакунак. Муж сказаў, каб я іх пакінула ў лесе, але я вінаватая — не паслухалася і забрала іх з сабой. Праз колькі хвілін, як толькі мы выехалі на дарогу — нас затрымаў АМАП», — расказала ў судзе Вольга.

Паводле рапарту, у міліцыю паступіла ананімнае паведамленьне, што ў лясным масіве праходзіць пікет. Туды паехалі супрацоўнікі АМАП.

«Я адчуваю сябе вінаватай, што падвяла мужа і сяброўку. Вобразна кажучы — не пашанцавала», — сказала на судзе жыхарка Гомля.
Яна і муж атрымалі штраф па 10 базавых велічынь.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG