«Чарговы фэйк, які ня мае нічога агульнага з рэчаіснасьцю», — заявілі «Інтэрфаксу» у прэс-службе Нацбанку .
4 лютага ў тэлеграм-канале Народнага антыкрызіснага кіраўніцтва зьявілася інфармацыя, што ў Нацбанку Беларусі ідзе актыўная праца з «дарожнай мапай» аб адзінай валюце з Расеяй.
«Надзейныя крыніцы ў Нацбанку сьцьвярджаюць, што сапраўды аднавілася актыўная праца ў падпісаньні дарожнай мапы пра адзіную валюту з Расеяй. Мяркуючы па ўсім, над гэтым працуюць у паскораным тэмпе. Пакуль няясна, ці ідзе гаворка аб стварэньні эмісійных цэнтраў як у Беларусі, так і Расеі, ці аб поўнай залежнасьці фінансавай сыстэмы краіны ад Крамля», — гаворыцца ў паведамленьні.
На гэтым тыдні тэму інтэграцыі і адзінай валюты пракамэнтаваў намесьнік старшыні Савету бясьпекі Расеі Дзьмітры Мядзьведзеў. Ён заявіў, што па-ранейшаму прытрымліваецца пазыцыі ўзаемнай карысьці ад інтэграцыі.
«Нам трэба інтэгравацца шчыльней і рэалізоўваць увесь патэнцыял саюзнай дамовы, тыя элемэнты збліжэньня, спалучэньня патэнцыялаў нашых эканомік, якія туды закладзеныя», — сказаў Мядзьведзеў, адзначыўшы, што гаворка пра самыя розныя пытаньні, аж да адзінай валюты.