Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Чалавек практычна безабаронны». Справу затрыманай каля Акрэсьціна рэжысэркі накіравалі на дапрацоўку


У залі суду над Карынай Хацкалёвай, Менск, 2 лютага 2021 г.
У залі суду над Карынай Хацкалёвай, Менск, 2 лютага 2021 г.

Суд накіраваў на дапрацоўку справу рэжысэркі і прадусаркі Карыны Хацкалёвай, якую затрымалі каля ІЧУ на Акрэсьціна 31 студзеня. Паводле судзьдзі, не былі «выкананыя патрабаваньні да пратаколу аб адміністрацыйным правапарушэньні».

Калі выпусьцяць Карыну, пакуль невядома, бо 72 гадзіны ад моманту яе затрыманьня сканчаюцца заўтра.

Сёньня ў Маскоўскім судзе Менску судзілі Карыну Хацкалёву, на яе склалі пратакол па ч.1 арт 23.34. Разглядала справу судзьдзя Лідзія Цяліца. Карына Хацкалёва не прызнала сябе вінаватай.

24-гадовую Карыну Хацкалёву 31 студзеня затрымалі ля ІЧУ на Акрэсьціна. Разам зь сябрамі яна прыехала да ізалятара, каб сустрэць затрыманага раней артыста філярмоніі Дзяніса Іванова. Яе адвялі ў ізалятар, потым адвезьлі ў РУУС Маскоўскага раёну, а потым зьмясьцілі ў ЦІП на Акрэсьціна.

Ляўрэат міжнародных конкурсаў, саліст Камэрнага хору Рэспублікі Беларусь Дзяніс Іваноў 31 студзеня выйшаў на волю пасьля шасьці сутак у ІЧУ на Акрэсьціна. За гэты час яго двойчы судзілі, і двойчы суд накіроўваў справу на дапрацоўку. На яго склалі два пратаколы па арт. 23.34, і абодва цяпер на дапрацоўцы.

Сяброўкі Карыны Хацкалёвай, Аліса і Алена
Сяброўкі Карыны Хацкалёвай, Аліса і Алена

У чым зьвінавацілі Хацкалёву?

У складзеным на Карыну Хацкалёву пратаколе гаворыцца, што яна прыняла ўдзел у несанкцыянаваным адзіночным пікетаваньні каля ІЧУ на Акрэсьціна «з мэтай выказваньня пратэсту супраць дзейнай улады» і выкрыквала лёзунгі «Сыходзь!» і «Жыве Беларусь!». Паводле рапарту, яна была «абазначана сымболікай бел-чырвона-белага колеру».

У судзе быў дапытаны сьведка, участковы міліцыянт Іваноў. Ён сказаў, што «адна грамадзянка», якая стаяла асобна, пэрыядычна цягам 15 хвілін выкрывала лёзунг «Жыве Беларусь!», і яе затрымалі. Прозьвішча дзяўчыны ён ня памятае. Міліцыянт сказаў, што ў яе не было пратэставай сымболікі. Аднак у рапарце напісана, што бел-чырвона-белая сымболіка была. Міліцыянт Іваноў сказаў, што рапарт ён дыктаваў супрацоўніку, а той пісаў, і, «магчыма, супрацоўнік так зразумеў, магчыма, сьпяшаўся, а я няўважліва чытаў», што яна была з сымболікай.

Сьведкі, сябры Карыны, якія разам зь ёй прыехалі да Акрэсьціна, не апазналі ў гэтым супрацоўніку міліцыі таго, хто затрымліваў Карыну. Яны сказалі, што дзяўчыну затрымлівалі двое міліцыянтаў, якія былі ніжэйшыя за яе ростам. Яны сказалі, што Карына ніякіх лёзунгаў не выкрыквала.

Карына Хацкалёва і сьведкі, яе сябры, сказалі, што прыехалі на Акрэсьціна, каб сустрэць Дзяніса Іванова. Да іх з тэрыторыі ізалятара выйшаў чалавек у цывільным і ў чорнай масцы, які сказаў, што тут нельга знаходзіцца. Ён прапанаваў Карыне «экскурсію да свайго сябра на Акрэсьціна», ад якой дзяўчына ветліва адмовілася. Дзяжурны міліцыянт сказаў, што Дзяніса выпусьцяць да 16 гадзіны і яго можна пачакаць у сквэрыку. Калі яны адышлі, да іх падышоў невядомы зь відэакамэрай і зьбіраўся іх здымаць. У гэты час зноў да Карыны і яе сяброў падышоў мужчына ў масцы з Акрэсьціна і пачаў пытацца ў чалавека з відэакамэрай, што ён тут робіць. Карына заступілася за чалавека зь відэакамэрай, які на просьбу сяброў Карыны сышоў. Потым падышоў мужчына ў масцы з Акрэсьціна і пачаў здымаць на відэа Карыну, спрабаваў сарваць зь яе маску. Паводле сьведкі, Алісы Ёды, мужчына ў чорнай масцы пачаў крычаць на іх матам, потым прывёў міліцыянтаў у форме і сказаў: «Вось гэту чорную забірайце» (Карына была ў чорным пухавіку). Карыну затрымалі.

Бацька Карыны Хацкалёвай
Бацька Карыны Хацкалёвай

«Калі ўлада адкрыта хлусіць, узьнікае шмат пытаньняў, чаму так робіцца»

На працэс у Маскоўскі суд прыйшлі сябры і бацькі Карыны Хацкалёвай.

«Дагэтуль я ляяльна ставіўся да ўлады, але пасьля таго, што я бачу, што адбываецца, у мяне ўзьнікаюць вялікія пытаньні. Асабліва калі людзей проста вось так затрымліваюць. Таму вельмі многа пытаньняў да прававых паводзінаў дзяржаўных органаў адносна маладых людзей», — сказаў Барыс Хацкалёў.

Бацькі сказалі, што да суду немагчыма даведацца пра лёс затрыманага дзіцяці, «дастукацца» да міліцыянтаў, якія затрымліваюць.

«І калі прыходзіш на суд, то бачыш, што чалавек практычна атрымліваецца безабаронны. І калі ўлада адкрыта хлусіць, узьнікае многа пытаньняў, чаму так робіцца», — сказаў бацька.

«Я пабачу, што будзе з усяго гэтага, нейкія высновы я зраблю. Пакуль я бачу, што вельмі многа бардаку», — сказала маці.

Паводле выкладчыцы, якая таксама была на працэсе, Карына — магістрант, таленавітая студэнтка Ўнівэрсытэту культуры і мастацтваў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG