Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Вінаватай сябе не прызнае» — берасьцейская актывістка Шарэнда-Панасюк ужо месяц у СІЗА


Паліна Шарэнда-Панасюк. Архіўнае фота
Паліна Шарэнда-Панасюк. Архіўнае фота

Амаль месяц актывістка зь Берасьця Паліна Шарэнда-Панасюк пад вартай у СІЗА Берасьця. Яе муж Андрэй Шарэнда дома гадуе сыноў 5 і 11 гадоў.

Блізкія не атрымліваюць ад Паліны лістоў. Дасылалі малюнкі дзяцей, але і на гэтыя лісты адказу не атрымалі.

«Быў кароткі ліст ад Паліны, калі яе толькі затрымалі, а потым цягам амаль месяца ад яе не прыйшло ніводнага ліста. Ад адваката ведаем, што яна 5–6 разоў адпраўляла лісты мне, адказвала на лісты сыноў, але мы нічога не атрымалі, ліставаньня зь сябрамі таксама няма. Мяркую, гэта форма запалохваньня — што пакуль будзеш сядзець, нічога ня будуць пра цябе ведаць», — кажа муж актывісткі Андрэй Шарэнда.

Андрэй Шарэнда з Палінай Шарэндай-Панасюк, архіўнае фота
Андрэй Шарэнда з Палінай Шарэндай-Панасюк, архіўнае фота

Паліна Шарэнда-Панасюк — выкладчыца польскай мовы, індывідуальны прадпрымальнік. Муж і жонка Шарэнды — вядомыя ў Берасьці актывісты дэмакратычнага руху, іх шматкроць каралі штрафамі і арыштамі.

Гэтым разам Паліну затрымалі 3 студзеня, за дзень, як выйшаў зь СІЗА яе муж Андрэй, якога кінулі за краты напярэдадні Новага году. Паводле абаронцы, які наведваў Паліну Шарэнду-Панасюк у СІЗА, ёй выставілі абвінавачаньне па 364-м артыкуле Крымінальнага кодэксу — «гвалт ці пагроза гвалту ў дачыненьні да супрацоўніка праваахоўных органаў». Нібыта жанчына ўчыніла гэтае злачынства падчас адной з пратэставых акцый.

«Вінаватай яна сябе не прызнае і ўвогуле адмаўляецца ад удзелу ў сьледчых дзеяньнях. Лічыць, што справа цалкам сфабрыкаваная. І я гэтаксама думаю», — пракамэнтаваў Андрэй Шарэнда абвінавачаньне, якое сьледчыя выставілі ягонай жонцы.

«Гэтыя суткі нада мной цяпер вісяць, як меч»

Андрэй Шарэнда мяркуе, што ў СІЗА ягоную жонку адмыслова зьмясьцілі ў складаныя ўмовы, каб чыніць ціск на яе.

«У камэры 6 жанчын, і дзьве зь іх маюць ВІЧ-інфэкцыю. Гэтак паведамілі ў лістах дамоў сукамэрніцы. Спрабуем скардзіцца, але не зьвяртаюць увагі», — паведаміў Андрэй Шарэнда.

Праваабаронца «Вясны», юрыст Павал Сапелка кажа, што беларускі закон не абавязвае зьмяшчаць вязьняў, якія маюць ВІЧ, у асобныя камэры, або адсяляць ад іх іншых вязьняў, хто ня мае такой інфэкцыі.

«Прадугледжана, што вязьні зь ВІЧ атрымліваюць адмысловае лячэньне і папярэджаныя пра адказнасьць за наўмыснае заражэньне інфэкцыяй, — тлумачыць праваабаронца. — Але ВІЧ-інфэкцыя перадаецца ня толькі палавым шляхам, а і празь іншыя кантакты, у тым ліку праз адкрытыя раны. Канечне, цяжка ўявіць, што чалавек з такой ранай будзе кантактаваць зь іншым параненым. Аднак, напэўна, усё можа быць. Ведаю пра асуджанага, які скардзіцца на тое, што яму перадалі ВІЧ наўмысна, справакаваўшы бойку з інфікаваным вязьнем».

Андрэя Шарэнду вызвалілі зь СІЗА 4 студзеня, празь дзень пасьля таго, як затрымалі ягоную жонку Паліну. Яшчэ праз два дні над ім адбыўся завочны суд. За ўдзел у маршы пратэсту ў Менску актывісту прысудзілі 15 сутак адміністрацыйнага арышту, але пад варту яго не ўзялі.

«Гэтыя суткі нада мной цяпер вісяць, як меч. У любы момант могуць затрымаць. Ужо было, што ўзломвалі дзьверы, праводзілі вобшук безь мяне. Чакаць можна чаго заўгодна», — кажа Андрэй.

Глядзець непаўналетніх сыноў Андрэю Шарэнду дапамагаюць сваякі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG