Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Гомлі пасьля ператрусу міліцыя забрала кавалак пенаплясту і пяць тысяч даляраў


Акцыя пратэсту ў Навабеліцы. Гомель, 27 сьнежня.
Акцыя пратэсту ў Навабеліцы. Гомель, 27 сьнежня.

«Адкуль у вас, жабракоў, такія грошы?!»

Міліцыя правяла ў жыхаркі Гомля два ператрусы. На другім зь іх на гарышчы дому міліцыя знайшла і забрала маленькі кавалак пенаплясту — з чырвонай паласой. Таксама ў жанчыны забралі пяць тысяч даляраў, якія яе сын зьбіраў на аўтамабіль.

У чацьвер жыхары Навабеліцкага раёну Гомля трапілі пад «зачыстку». У мінімум пяці маладых сем'яў прайшлі ператрусы, на якіх міліцыя шукала бел-чырвона-белыя сьцягі. Пасьля іх людзі правялі па дзесяць гадзін у Навабеліцкім РАУС на «апытаньні». Ня ўсе вярнуліся дахаты.

Дзьмітры Емельянчыкаў трапіў зь невядомай прычыны ў ізалятар часовага ўтрыманьня. У доме ягонай маці Валянціны прайшлі ў чацьвер і пятніцу вобшукі.


«Першы праводзілі супрацоўнікі Навабеліцкага РАУС. Ледзьве дабілася ад іх санкцыі на ператрус. Што шукалі, яны не тлумачылі. Проста моўчкі перавярнулі ўвесь дом. Казалі: «Будзем шукаць да апошняга!». Назаўтра, у пятніцу, вобшук рабілі супрацоўнікі ГУБАЗІК. Я ўжо не кажу, што яны пераскочылі цераз плот да нас, зламалі брамку... У выніку знайшлі на гарышчы кавалачак белага пенаплясту, недзе трыццаць на сорак сантымэтраў, а пасярэдзіне – чырвоная паласа. Вось яго забралі!

Знайшлі грошы – пяць тысяч даляраў. Сын зьбіраў на аўтамабіль. Пачалі папікаць нас: «Адкуль у вас, жабракоў, такія грошы?!» І адзін міліцыянт яшчэ наракаў, што, маўляў, ён працуе ўсё жыцьцё, а такіх грошай ня мае. Хіба ў нас забаронена ўжо грошы ашчаджаць? Забаронена грошы мець?» – абурылася Валянціна.

Яна кажа, што ператрус праводзілі 15 чалавек, якія прыехалі на пяці аўтамабілях.

«Усё ў хаце ляцела і сыпалася, усё пераварушылі, усе шафы», — дадала жыхарка Гомеля.

У сына і яе забралі тэхніку і ўсе тэлефоны. Мяркуецца, што ў панядзелак пройдзе суд.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG