Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Фільм зьяўляецца журналісцкім расьсьледаваньнем». Сьпірын прадставіў суду незалежную экспэртызу


Павал Сьпірын у Менскім гарадзкім судзе

Працэс над блогерам Паўлам Сьпірыным працягнецца 1 лютага.  Судзьдзя Кучук, якая разглядае справу, папярэдзіла, што Павал Сьпірын, які адмовіўся ад адваката і абараняе сябе сам, павінен падрыхтавацца да спрэчак.

Сёньня ў судзе выступілі экспэрты, на падставе чыіх заключэньняў пабудавана абвінавачаньне.

Паводле экспэрта Дзяржкамітэту судовых экспэртыз Тацяны Лаўрэнцьевай, у фільме «Грань» ёсьць выказваньні, у якіх «нэгатыўна ацэньваюцца пэўныя асобы па прыкмеце прафэсійнай прыналежнасьці — міністар унутраных спраў Шуневіч і міністар аховы здароўя Жарко, а таксама група асобаў, аб’яднаных па прыкмеце прафэсійнай прыналежнасьці». А таксама ёсьць выказваньні «пабуджальнага характару, якія заклікаюць да гвалтоўных дзеяньняў, накіраваных на прычыненьне шкоды адной групай асоб адносна другой групы асоб, аб’яднаных па прыкметах «работнікі пракуратуры», «судзьдзі», «дэпутаты», «вышэйшыя службовыя асобы», «супрацоўнікі міліцыі (міністар унутраных спраў)».

У судзе Лаўрэнцьева сказала, што Сьпірын не рабіў прамых заклікаў да гвалтоўных дзеяньняў.

«Там няма слоў „я заклікаю“, гэта выказана рознымі моўнымі сродкамі, але вывад адназначны, як пабуджэньне», — сказала яна.

Павал Сьпірын сказаў, што не заклікаў рабіць так, як зрабіў расеец Віктар Калоеў, які забіў авіядыспэтчара пасьля крушэньня самалёта, у якім загінулі яго сваякі.

«Я прывёў у фільме прыклад Калоева ў тым кантэксьце, што калі чалавек даведзены да адчаю, ён можа зрабіць любы ўчынак, у тым ліку злачынства. Я ўкладаў менавіта гэты сэнс, што чалавека нельга даводзіць да адчаю», — сказаў блогер.

Сьпірын сказаў, што заклікаў прыходзіць «на прыём» да дэпутатаў і чыноўнікаў, на што не зьвярнулі ўвагі экспэрты.

«Так, я кажу выразна, жорстка, але гэтым фільмам я хачу данесьці жорсткасьць сытуацыі».

Павал Сьпірын таксама спытаў, якую групу мае на ўвазе экспэртка. Яна сказала, што маецца на ўвазе колькасьць ад «двух і больш чалавек».


«Няма прыкметы распальваньня сацыяльнай варожасьці»


Сёньня па просьбе Паўла Сьпірына да справы далучылі экспэртызу, якую зрабіў спэцыяліст з Расеі Дзьмітры Дуброўскі. Ён кандыдат гістарычных навук, магістар этналёгіі, спэцыяліст па правядзеньні спэцыяльных судовых экспэртыз у галіне мовы, варожасьці і злачынстваў на глебе нянавісьці.

Гэты спэцыяліст з Санкт-Пецярбургу даў заключэньне па двух відэаблогах Сьпірына, якія згадваюцца ў абвінавачаньні.

«Паводле гэтых заключэньняў, у маіх відэаматэрыялах няма якой-небудзь прыкметы распальваньня сацыяльнай варожасьці альбо іншага, што можа быць расцэнена як злачынства», — сказаў Павал Сьпірын.

Паводле Дзьмітрыя Дуброўскага, фільм «Грань» — журналісцкае расьсьледаваньне, у якім наогул ня згадваюцца нейкія асобныя групы. Супрацоўнікі міліцыі, судзьдзі, пракуроры і дэпутаты згаданыя «выключна ў кантэксьце іх прафэсійных абавязкаў, у прыватным парадку».

«Таму яны наогул не павінны разглядацца ў якасьці асаблівых груп, якія падлягаюць аналізу з гледзішча распальваньня варожасьці», — працытаваў высновы спэцыяліста Павал Сьпірын.

Дзяржаўны абвінаваўца сказаў, што дасьць сваю ацэнку гэтаму заключэньню падчас судовых спрэчак.

За што судзяць блогера?

  • У Менскім гарадзкім судзе працягваецца працэс над 36-гадовым блогерам Паўлам Сьпірыным. Яго абвінавачваюць паводле часткі 1 артыкула 130 Крымінальнага кодэксу за «наўмысныя дзеяньні, накіраваныя на распальваньне сацыяльнай варожасьці паводле прыкметы сацыяльнай прыналежнасьці».
  • Яму прад’яўлена абвінавачаньне па двух відэаблогах на ютубe. Гэта фільм «Грань» пра наркагандаль у Беларусі. Фільм быў занесены ў сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў. А таксама блог «Жудасная таямніца генпракурора Беларусі. Карт-блянш на садызм» пра падзеі 9 жніўня і гвалт амапаўцаў супраць мірных дэманстрантаў.
  • Паўла Сьпірына трымаюць у клетцы, пад аховай шасьцёх супрацоўнікаў міліцыі. На пачатку працэсу блогер адмовіўся ад адваката.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG