Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка заявіў, што групы баевікоў у Беларусі «спрабавалі падрываць дамы і вуліцы». Раней у такім вінавацілі «вагнэраўцаў»


Аляксандар Лукашэнка
Аляксандар Лукашэнка

Аляксандар Лукашэнка на нарадзе ў пытаньнях удасканаленьня заканадаўства 28 студзеня заявіў пра «пасьпяховую працу спэцслужбаў па спыненьні тэрактаў», паведамляе БелТА.

Ён паабяцаў, што з часам КДБ Беларусі абнародуе факты, як групы баевікоў нібыта «спрабавалі ня проста падарваць абстаноўку маральна неяк, яшчэ неяк, а як спрабавалі падрываць дамы і вуліцы» ў Беларусі, і заявіў, што вядома, «адкуль ішлі боепрыпасы, выбухоўка; цалкам адноўленыя ланцужкі, затрыманыя людзі, якія празь мяжу вадзілі іх».

Паводле яго, КДБ і міліцыя «ва ўзаемадзеяньні нэўтралізавалі гэтых дзеячоў». Аляксандар Лукашэнка не назваў канкрэтных імёнаў, але заявіў, што некаторыя ўжо вядомыя і што бліжэйшым часам гэтую інфармацыю «прадэманструюць нашаму грамадзтву».

«Шчыра кажучы, у нас падазрэньне ёсьць на некаторыя групы, але мы ня ўпэўненыя, што бачым і ведаем усіх. І мы ня можам іх ведаць, таму што закінуць да нас людзей са зброяй і боепрыпасамі, выбухоўкай ніякіх праблем няма, як і ў любую іншую краіну», — сказаў Лукашэнка.

Ён дадаў, што «ні ў якім разе нельга расслабляцца» і што ня варта яго папракаць, што ён «абараняў сваю краіну». «Гэта мае канстытуцыйныя абавязкі. І я буду абараняць, чаго б мне гэта ні каштавала. Трэба — на танку, БМП, з аўтаматам у руках», — дадаў Лукашэнка.

Затрыманьне расейскіх баевікоў у Беларусі перад выбарамі

Гэта ня першыя заявы пра падрыхтоўку тэрактаў у Беларусі. У падрыхтоўцы тэрактаў і дэстабілізацыі сытуацыі беларускія ўлады ў час выбарчай кампаніі абвінавацілі расейскіх баевікоў.

У ноч на 29 ліпеня 2020 году супрацоўнікі праваахоўных органаў Беларусі затрымалі пад Менскам 32 баевікоў расейскай прыватнай вайсковай кампаніі ПВК «Вагнэр». Яшчэ аднаго затрымалі пазьней на поўдні Беларусі. Усе затрыманыя — грамадзяне Расеі.

Пазьней затрыманых у Беларусі расейскіх баевікоў, якія ваявалі на акупаванай Расеяй частцы Данбасу, без суду адправілі ў Расею.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG