Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня, 28 студзеня: дзень памяці Генадзя Грушавога


Генадзь Грушавы і чарнобыльскія дзеці
Генадзь Грушавы і чарнобыльскія дзеці

Падзеі 28 студзеня ў беларускай і сусьветнай гісторыі.

Дата дня

28 студзеня 2014 году памёр Генадзь Грушавы, дэпутат Апазыцыі БНФ у Вярхоўным Савеце 12 скліканьня. Стваральнік і кіраўнік дабрачыннага фонду «Дзецям Чарнобылю».

У 1989-м ён узначаліў «чарнобыльскі» камітэт Беларускага Народнага Фронту, адным з арганізатараў якога быў.

Праз год Грушавы, ужо дэпутат Вярхоўнага Савету і сябра Апазыцыі БНФ, ператварыў камітэт у дабрачынны фонд «Дзецям Чарнобылю».

Ёсьць людзі роздуму (датычна філёзафа лепей сказаць – здумленьня), людзі дзеяньня і людзі выніку.

Генадзь адпавядаў усім гэтым характарыстыкам, але найперш ён, замяняючы сабой цэлыя міністэрствы, камісіі ды камітэты, быў чалавекам фантастычнага выніку.

Ня мэдыкі, а філёзаф Грушавы зьвярнуў увагу чалавецтва на маштабы чарнобыльскай катастрофы і неабходнасьць ратаваць генафонд найбольш пацярпелай краіны.

За пэрыяд дзейнасьці Фонду дапамогу ад яго атрымалі больш за два мільёны жыхароў Беларусі.

Сотні тысяч дзяцей прайшлі рэабілітацыю й аздараўленьне за мяжой, пабачыўшы, апрача лекаваньня, і жыцьцё ў вольным сьвеце.

Уладзімер Арлоў, Імёны Свабоды, 4-е выданьне, 2020.

Таксама ў гэты дзень

1573 — утвораная Варшаўская канфэдэрацыя, якая выступала ў абарону рэлігійнай свабоды ў Рэчы Паспалітай.

1577 — Стэфан Баторы надаў Мазыру магдэбурскае права, горад атрымаў герб.

Стэфан Баторы
Стэфан Баторы

1588 — Жыгімонт ІІІ Ваза зацьвердзіў Трэці Статут Вялікага Княства Літоўскага.

1820 — расейская экспэдыцыя на шлюпах «Усход» і «Мірны» адкрыла Антарктыду.

У гэты дзень нарадзіліся

1889 — Язэп Мамонька, беларускі палітычны дзяяч.

Язэп Мамонька
Язэп Мамонька

Лёс падараваў гэтаму неўтаймоўнаму случаку талент дзівосным чынам вырывацца з-за кратаў.

У 1921‑м на даручэньне кіраўніцтва БНР Мамонька едзе ў Менск для каардынацыі вызвольнага змаганьня ў Заходняй Беларусі. Новы арышт бальшавікамі і высылка ў Казань.

Але ворагі й апанэнты рана радаваліся: у верасьні таго самага году палітуцякач, пераадолеўшы некалькі эўрапейскіх межаў, зь лёгкай усьмешкай на сваім адкрытым сялянскім твары ўвойдзе ў залю паседжаньняў першай Усебеларускай палітычнай канфэрэнцыі ў Празе.

На другой, Бэрлінскай, канфэрэнцыі 1925 году ён рэзка выступіць супраць роспуску Ўраду БНР і на знак пратэсту ляпне дзьвярыма. Тым ня менш усьлед за шмат якімі паплечнікамі Язэп Мамонька празь некалькі гадоў прыме фатальнае рашэньне вярнуцца ў Беларусь і атрымае савецкую візу.

Роднае неба ён будзе бачыць бяз кратаў усяго некалькі хвілін. На памежнай з Латвіяй беларускай станцыі Бігосава да Мамонькі адразу падыдуць супрацоўнікі ОГПУ. Гэтым разам уцячы з-пад арышту ня ўдасца.

Уладзімер Арлоў, Імёны Свабоды, 4-е выданьне, 2020.

1903 — Іван Былінскі, дзяржаўны дзяяч БССР.

1919 — Павал Кармунін, народны артыст Беларусі.

1940 — Леанід Дайнека, беларускі пісьменьнік.

1943 — Міхаіл Пташук, беларускі кінарэжысэр, народны артыст Беларусі.

1955 — Нікаля Сарказі, прэзыдэнт Францыі ў 2007–2012 гадах.

У памяці

1996 — ад інфаркту памёр Ёсіф Бродзкі, расейскі і амэрыканскі паэт, эсэіст, драматург, перакладчык, ляўрэат Нобэлеўскай прэміі.

2002 — памерла Астрыд Ліндгрэн, швэдзкая дзіцячая пісьменьніца.

2004 — памёр Леанід Побаль, беларускі археоляг.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG