Інцыдэнт зьнялі на відэа калегі лекара. Пацярпелы экіпажу хуткай дапамогі атрымаў закрытую чэрапна-мазгавую траўму.
«Паміж пацыентам і мэдычнай брыгадай завязаўся канфлікт з нагоды палітычных поглядаў. Па прыезьдзе берасьцеец на вуліцы выцяў спачатку аднаго лекара, а ў холе — другога. Выхадку пацыента спыніў міліцыянт», — спасылаецца Tut.by на паведамленьне МУС.
Лекар Андрэй Ракала раней расказаў, што 5 студзеня на станцыю патэлефанавалі зь міліцыі і паведамілі, што на прыпынку ляжыць мужчына з прыкметамі алькагольнага ап’яненьня. Да яго выехала брыгада.
«Ён ехаць не хацеў. Але мы ня можам пакінуць зімой на вуліцы чалавека з траўмамі і прыкметамі ап’яненьня — абавязаны адвезьці яго ў шпіталь. Ён адмаўляўся. Ад агляду таксама. Супрацоўнікі міліцыі з намі не паехалі. Ён казаў, як любіць прэзыдэнта, міліцыю, якія ўсе малайцы. Мы проста маўчалі».
Мужчыну прывезьлі ў лякарню. Там ён спачатку ўдарыў фэльчара па назе, давялося выклікаць міліцыю. А потым стукнуў Андрэю па твары. Была зафіксаваная чэрапна-мазгавая траўма, ён быў вымушаны пайсьці на бальнічны.
55-гадовы мужчына раней працаваў кіроўцам школьнага аўтобуса. Пасьля інцыдэнту яго звольнілі.
Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com