Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Усебеларускі сход можа зьмяніць статус. Разьбіраемся, навошта гэта ўладам


Усебеларускі народны сход, 2016 год
Усебеларускі народны сход, 2016 год

Як могуць зьмяніцца паўнамоцтвы Ўсебеларускага сходу пасьля замацаваньня ягонага статусу на заканадаўчым узроўні?

Зьмены маюць намер унесьці ў закон ад 12 ліпеня 2000 году «Аб рэспубліканскіх і мясцовых сходах». Гэта ёсьць у пляне падрыхтоўкі законапраектаў на бягучы год. Зьмены хочуць падрыхтаваць да сёлетняга лістапада, а ў сакавіку 2022-га перадаць на разгляд парлямэнту.

Унясеньне зьменаў «абумоўлена неабходнасьцю ўзмацненьня аўтарытэту такога найважнейшага грамадзкага інстытуту ў абмеркаваньні пытаньняў рэспубліканскага значэньня, як Усебеларускі народны сход, які зьяўляецца разнавіднасьцю рэспубліканскага сходу», — сказана ў абгрунтаваньні зьменаў.

Разьбіраемся, што гэта дасьць.

«Гэта можа быць орган над парлямэнтам»

Да зьменаў Усебеларускі сход — гэта кансультацыйна-дарадчы орган пры Аляксандру Лукашэнку, які яго прызначае. Але яго могуць надзяліць уладнымі паўнамоцтвамі, кажа былы судзьдзя Канстытуцыйнага суду Міхаіл Пастухоў.

Былы судзьдзя Канстытуцыйнага суду Міхаіл Пастухоў
Былы судзьдзя Канстытуцыйнага суду Міхаіл Пастухоў

«Гэты орган можа стаць над парлямэнтам, зможа ня толькі рэкамэндаваць разьвіцьцё на пяцігодку, але і зацьвярджаць і прымаць яго. Можа, напрыклад, ухваляць папраўкі ў Канстытуцыю, патрабаваць справаздачы з кіраўнікоў абласьцей. То бок ён зможа прымаць рашэньні, абавязковыя для іншых органаў. Гэта як яшчэ адна, трэцяя палата ў парлямэнце», — кажа Міхаіл Пастухоў.

На яго думку, зьмены могуць дайсьці да таго, што «такі орган можа абіраць прэзыдэнта, а старшынём гэтага органа можа стаць Лукашэнка».

Паводле юрыста, гэты орган можа стаць «страховачным для ўлады».

«Гэта марыянэткавы орган, ручны орган пры прэзыдэнце. Калі абяруць прэзыдэнтам іншага чалавека, праз Усебеларускі сход можна будзе на яго ўплываць. Рэзон для ўлады — замацаваць сабе яшчэ адно высокае месца», — падсумоўвае Міхаіл Пастухоў.

«Зьмены не адпавядаюць Канстытуцыі»

Паводле юрыста Гары Паганяйлы, такія зьмены — маніпуляцыя, каб «паказаць, што ў Беларусі ёсьць дэмакратыя». У 37-м артыкуле Канстытуцыі замацаваная магчымасьць грамадзян зьбірацца на сходы. Але Ўсебеларускі народны сход як інстытут ці орган у Канстытуцыі не прапісаны.

Гары Паганяйла
Гары Паганяйла

«Даць такому органу заканадаўчыя функцыі — гэта падмяніць парлямэнт. Улада вынаходзіць новыя формулы, праводзіць ідэалягічную апрацоўку, нібыта яны рэфармуюць уладу, даюць пляцоўку для абмеркаваньня. Улады хочуць схаваць сваю сутнасьць пад такімі прапановамі. Улады ня хочуць і ня будуць слухаць народ», — кажа Гары Паганяйла.

Узьнікаюць сумневы ў легітымнасьці такога органа, мяркуе Міхаіл Пастухоў.

«Зьмены ў Канстытуцыю 1994 году ня маюць юрыдычнай сілы, бо яе незаконна адмянілі ў выніку псэўдапаправак. Улада бярэ за аснову дзейную Канстытуцыю і мяняе яе ў сваіх інтарэсах», — мяркуе Міхаіл Пастухоў.

Наступны Ўсебеларускі сход улады хочуць правесьці 11–12 лютага, яшчэ да анансаваных зьменаў заканадаўства.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG