Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня: Дзень памяці Адамовіча і Мулявіна


Алесь Адамовіч

Падзеі 26 студзеня ў беларускай і сусьветнай гісторыі

Дата дня

26 студзеня 1994 году памёр Алесь Адамовіч, беларускі пісьменьнік і грамадзкі дзеяч.

Мы сустрэліся ў канцы васьмідзясятых гадоў мінулага стагодзьдзя ў Маскве на паседжаньні Савету па беларускай літаратуры Саюзу пісьменьнікаў СССР, куды запрасілі тузін айчынных літмаладзёнаў. Абмеркаваньне нашай творчасьці пачалося з таго, што адзін з сталічных крытыкаў публічна паведаміў: чытаючы творы гасьцей, учора раптам зразумеў, што беларуская мова, аказваецца, сапраўды існуе.

Адамовіч крыху спазьніўся і, пачуўшы ад нас пра зробленае «старэйшым братам» адкрыцьцё, толькі пагардліва махнуў рукой, дадаўшы пару моцных слоў. Потым ён першы падпісаў складзены намі зварот у высокія інстанцыі з просьбай стварыць у Менску музэй Уладзімера Караткевіча. Праўда, адразу ж упэўнена зазначыў: «Нічога, хлопцы, у вас не атрымаецца».

Ягоныя (на шчасьце, не заўжды пэсымістычныя) прагнозы зьдзяйсьняліся і ў маштабах нязьмерна большых. Адамовіч прадказаў крывавыя падзеі каля тэлевежы ў Вільні, а на пачатку лета таго самага гістарычнага 1991 году пайшоў у заклад з славутым палітолягам Генры Кісынджэрам, сьцьвярджаючы, што КПСС хутка сыдзе з арэны.

Ён усё жыцьцё ваяваў за справядлівасьць: у партызанах, куды трапіў падлеткам; у Маскоўскім дзяржаўным унівэрсытэце, дзе працаваў на катэдры нацыянальных літаратураў і адкуль быў выгнаны ў сувязі з справаю пісьменьнікаў-дысыдэнтаў Сіняўскага і Даніэля; у Інстытуце літаратуры Акадэміі навук Беларусі, дзе адраджаў мэтадалягічныя прынцыпы праўдзівасьці й гістарызму.

Гэта ён паставіў на месца Айзіка Кучара, які пасьля рэабілітацыі рэпрэсаваных пісьменьнікаў працягваў тапіць, не дапускаючы да выданьня, іхнія творы. Рэзкі канфлікт з кіраўніцтвам Беларусі пасьля чарнобыльскай катастрофы, праўду пра якую ён імкнуўся данесьці любымі шляхамі, прывёў да пераезду ў Маскву.

Там Адамовіч быў адным з выбітных удзельнікаў перабудовы і далейшых вірлівых палітычных падзеяў. Ён стаў аўтарам сямнаццаці прыжыцьцёвых кніг, у тым ліку раману «Карнікі» і «Хатынскай аповесьці», паводле якой зьняты фільм «Ідзі і глядзі».

Аднак Адамовіч належаў да тых творцаў, чыя асоба вышэйшая за іх кнігі. Напэўна, ён і сам разумеў гэта, адважна рынуўшыся ў палітыку й грамадзкую дзейнасьць: быў народным дэпутатам, працаваў у «Мэмарыяле», выступаў на мітынгах. Ня раз прыяжджаў у Менск на Чарнобыльскі шлях.

Ягоная сьмерць сталася сымбалічнай: падчас суду, пасьля выступу ў абарону інтарэсаў Міжнароднага літфонду. Пасьмяротна яго назвалі ляўрэатам прэміі гэтага Фонду «За гонар і годнасьць таленту». Імя Адамовіча мае адна з прэміяў Беларускага ПЭН-цэнтру.

Уладзімер Арлоў, «Імёны Свабоды», 4-е выданьне, с. 402-403

Таксама ў гэты дзень

1564 — войскі гетманаў Мікалая Радзівіла і Рыгора Хадкевіча разьбілі маскоўскія войскі на Чашніцкіх палёх каля мястэчка Вула.

1586 — Нясьвіж атрымаў магдэбурскае права.

Палацава-паркавы комплекс у Нясьвіжы
Палацава-паркавы комплекс у Нясьвіжы

1874 — пры абароне сваёй царквы ад ператварэньня яе ў праваслаўную загінулі 13 сялян-уніятаў зь вёскі Пратулін.

1913 — выйшаў першы нумар штотыднёвай каталіцкай газэты «Bіełarus» (выходзіла да жніўня 1915 г.). Першым рэдактарам быў Адам Бычкоўскі.

1990 — Вярхоўны Савет БССР прыняў закон аб мовах, абвясьціўшы беларускую мову адзінай дзяржаўнай у Беларусі.

1992 — Рэспубліка Беларусь усталявала дыпляматычныя дачыненьні з Партугаліяй і Японіяй.

1994 — Станіслава Шушкевіча адклікалі з пасады старшыні Вярхоўнага Савету.

У гэты дзень нарадзіліся

1907 — Мікалай Лапіцкі, праваслаўны сьвятар, рэлігійна-грамадзкі дзеяч беларускай эміграцыі ў ЗША.

1908 — Апалёнія Пяткун, каталіцкая манашка, перасьледаваная савецкімі спэцслужбамі.

1908 — Барыс Малкін, беларускі графік, тэатральны мастак. Афармляў спэктаклі ў тэатрах імя Янкі Купалы і Якуба Коласа, рабіў ілюстрацыі да твораў Купалы і Цёткі.

1918 — Іван Новікаў, беларускі пісьменьнік і журналіст, аўтар дакумэнтальных аповесьцяў і нарысаў пра антыфашысцкае змаганьне («Руіны страляюць ва ўпор», «Дарогі скрыжаваліся ў Менску» і інш.), ляўрэат літаратурнай прэміі імя Я.Коласа.

1947 — Сьвятлана Акружная, беларуская актрыса, народная артыстка Беларусі, з 1969 г. акторка Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатру імя Я.Коласа.

1961 — Уэйн Грэцкі, знакаміты канадзкі хакеіст, продкі якога паходзілі зь Беларусі.

1988 — Міхал Жызьнеўскі, актывіст Майдану, герой Нябеснай сотні. Загінуў у 2014 годзе падчас сутыкненьняў на вуліцы Грушэўскага ў Кіеве, калі атрымаў агнястрэльнае раненьне ў сэрца.

Міхал жызьнеўскі
Міхал жызьнеўскі

У памяці

1823 — Эдуард Джэнер, англійскі лекар, які стварыў вакцыну супраць воспы.

2003 — Уладзімер Мулявін, музыка, кампазытар, заснавальнік і мастацкі кіраўнік ансамблю «Песьняры», народны артыст Беларусі і СССР.

Уладзімер Мулявін
Уладзімер Мулявін

2006 —Павал Жук, вязень ГУЛАГу, удзельнік нацыянальна-дэмакратычнага руху 1980-х — пачатку ХХІ стагодзьдзя.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG