Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пайшоў з жыцьця заснавальнік «Радыё Балтыйскія Хвалі» Рымантас Пляйкіс


Рымантас Пляйкіс

У нядзелю 24 студзеня ў Вільні памёр ад інфаркту літоўскі журналіст, палітычны і грамадзкі дзяяч, арганізатар рэтрансьляцыяў Радыё Свабода на радыёхвалях Рымантас Пляйкіс. Яму было 63 гады.

Пра калегу і сябра расказвае Сяргей Шупа, у 1999–2001 гадах галоўны рэдактар радыёстанцыі «Радыё Балтыйскія Хвалі».

«З Рымантасам нас зьвяло агульнае хобі нашай маладосьці — радыёаматарства, гэтак званы DX-ing. Мы пазнаёміліся ў канцы 1990-х і маглі гадзінамі гаварыць пра розныя прыгоды і таямніцы радыёэтэру. Я мала калі сустракаў людзей настолькі апантаных любімай справай — на сваім летніку ў літоўскім Паазер’і ён абсталяваў цэлы радыёцэнтар, зь якога, думаю, пры патрэбе можна было б і кіраваць касьмічнымі палётамі.

У канцы 1990-х у Рымантаса ўзьнікла ідэя дапамагчы беларускай свабодзе і дэмакратыі — сабраць усе радыёпраграмы на беларускай мове, якія існавалі ў сьвеце, у адзін інфармацыйны кулак і рэтрансьляваць іх на сярэдніх хвалях з суседняй Літвы. Так узьнікла радыёстанцыя „Радыё Балтыйскія Хвалі“, якая ня толькі рэтрансьлявала калегаў зь іншых станцыяў — Радыё Свабода, Радыё Рацыя, Польскага радыё, Эўрапейскага радыё для Беларусі — але мела і свае ўласныя праграмы на беларускай мове. Упершыню радыё выйшла ў этэр 1 студзеня 2000 году.

«Радыё Балтыйскія Хвалі» было супольным літоўска-беларускім праектам. У рэдакцыі радыё ад першых дзён супрацоўнічалі беларускія журналісты Сяргей Дубавец, Сяргей Харэўскі, Віктар Корзун, Тацяна Сапач, Тацяна Поклад, Сяргей Вітушка. Тэхнічна праграмы забясьпечвалі Андрэй Антонаў, Аляксей Маўзон, Яўген Кепул.

Ад таго часу Рымантас заставаўся ў сталым кантакце зь Беларускай службай Радыё Свабода — іншыя яго „кліенты“ мяняліся, але для беларускай Свабоды на хвалях „РБХ“ заўсёды было зарэзэрвавана пачэснае месца аж да 30 красавіка 2019 году, калі на сярэдняхвалевай частаце 1386 кГц апошні раз прагучаў наш сыгнал.

Але гэта яшчэ не было наша разьвітаньне з праектам Рымантаса Пляйкіса. „Радыё Балтыйскія Хвалі“ зноў падставіла нам сяброўскае плячо пасьля прэзыдэнцкіх выбараў — 12 жніўня Беларуская служба Радыё Свабода на некалькі месяцаў аднавіла радыёвяшчаньне на сярэдніх хвалях.

пачакайце

No media source currently available

0:00 0:55:59 0:00
Наўпроставы лінк

Шмат часу мы разам з Рымантасам правялі ў розных дарогах. У справе арганізацыі рэтрансьляцыі мы аб’яжджалі патэнцыйных кліентаў і грантадаўцаў — у Варшаве, Празе, Вашынгтоне. Гадзіны і гадзіны ў аўтобусах, цягніках, самалётах — і мы гаварылі, гаварылі, гаварылі і не стамляліся. Удумлівы суразмоўца з шырокім кругаглядам і вострым гумарам — з Рымантасам і самая нудная дарога ператваралася ў розныя новыя адкрыцьці.

Пасьля майго пераезду ў Прагу сустрэчы нашы зрабіліся радзейшыя — мы бачыліся кожны раз, калі Рымантас прыяжджаў дамаўляцца пра рэтрансьляцыі нашых праграмаў (апрача беларускіх перадачаў РС, «Радыё Балтыйскія Хвалі» рэтрансьлявала і нашых расейскіх калегаў). Ён заставаўся ўсё тым самым захопленым чалавекам, але, на наш зь ім вялікі жаль, сама эпоха радыёвяшчаньня паступова падыходзіла да канца, і нам зь яе засталіся толькі супольныя ўспаміны.

Рымантас добра арыентаваўся ў падзеях у Беларусі і ўсяляк падтрымліваў справу незалежнай журналістыкі. У ягонай асобе дэмакратычная Беларусь страціла шчырага сябра».

Рымантас Пляйкіс (1957–2021)

Рымантас Пляйкіс нарадзіўся ў Вільні, скончыў факультэт журналістыкі Віленскага ўнівэрсытэту. Працаваў апэратарам сувязі, выкладчыкам катэдры журналістыкі ВУ, рэдактарам праграмаў Літоўскага радыё для замежжа.

У 1989 годзе заснаваў першую ў Літве незалежную радыёстанцыю «М-1», у 1990-м — радыёстанцыю «Radiocentras», у 1999-м — радыёстанцыю «Радыё Балтыйскія Хвалі», якая на пачатку 2000-х гадоў рэтрансьлявала на сярэдніх хвалях беларускія праграмы Радыё Свабода, Радыё Рацыя, Польскага радыё, Радыё Ватыкан.

У 1996-2000 гадах дэпутат літоўскага Сойму. У 1996–1998 гадах міністар сувязі і інфарматыкі Літвы.

Рымантас Пляйкіс усё жыцьцё быў палымяным радыёаматарам, адным зь вядучых у сьвеце дасьледнікаў глушэньня радыёпраграмаў урадамі таталітарных краінаў. Аўтар кнігі пра гісторыю радыёглушэньня «Jamming» (1998), аўтар сцэнару дакумэнтальнага фільму «Empire of Noise» (Імпэрыя шуму, 2008).

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG