Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Парушаюць нармальнае функцыянаваньне арганізацый». Улады рыхтуюць зьмены ў парадак масавых зваротаў грамадзянаў


Чарга, каб падаць скаргі ў ЦВК, 15 ліпеня 2020. На парэднім пляне цяпеаршнія палітвязьні Марыя Калесьнікава і Ільля Салей

У Беларусі хочуць увесьці навацыі ў закон аб пэтыцыях, якія разьмяшчаюць у інтэрнэце, а таксама аб пiсьмовых зваротах, якія носяць масавы характар.

Масавыя звароты, як лічаць чыноўнікі, могуць парушыць «нармальнае функцыянаваньне арганізацый», піша Tut.by. Зьмены маюць намер унесьці ў закон «Аб зваротах грамадзянаў і юрыдычных асобаў».

У абгрунтаваньні да пляну падрыхтоўкі законапраектаў на 2021 год адзначаецца, што ўнясеньне зьменаў «абумоўлена неабходнасьцю ўрэгуляваньня парадку накiраваньня i разгляду калектыўных электронных зваротаў». Гаворыцца, што актыўнае разьвіцьцё інфармацыйных тэхналёгій прывяло да зьяўлення інтэрнэт-рэсурсаў, мэта якіх — разьмяшчэньне зваротаў аб актуальных пытаньнях і далейшае іх накіраваньне ў дзяржаўныя органы.

Чыноўнікі пералічваюць мінусы, якія бачаць ад падобных пэтыцый:

«Такія рэсурсы ня ставяць мэтай ідэнтыфікаваць асобу, якая падпісвае пэтыцыю, што можа прывесці да злоўжываньняў, напрыклад „накруткі“ подпісаў дзеля стварэньня бачнасьці важнасьці той ці іншай праблемы. Адсутнасьць прававога рэгуляваньня парадку разгляду органамі ўлады пэтыцый, якія атрымалі значную падтрымку, перашкаджае эфэктыўнай рэалізацыі грамадзянамі права на зварот».

Таксама ўлады зьбіраюцца ўнесьці зьмены ў законадаўства аб масавых пiсьмовых зваротах і зваротах грамадзянаў і юрыдычных асобаў «з улікам практыкі прымяненьня».

Зрэшты, чыноўнікі і цяпер практыкуюць разьмяшчэньне адказаў на масавыя звароты. Летам 2020 году ў Цэнтарвыбаркам паступілі шматлікія звароты са скаргамі на адмовы ў рэгістрацыі кандыдатамі ў прэзыдэнты Віктара Бабарыкі і Валера Цапкалы. Гаворка пра больш як 5 тысяч скаргаў, якія падалі як непасрэдна ў камісію, поштай і ў выглядзе электронных зваротаў.

Унівэрсальны адказ ЦВК апублікавала на сайце, а не пэрсанальна кожнаму заяўніку. Такое рашэньне патлумачылі тым, што пададзеныя звароты — гэта «не шмат заяваў, а адна, якую падала вялікая колькасьць людзей».

«У выпадку, калі паступаюць звароты аналягічнага зьместу ад розных заяўнікаў (больш за дзесяць), адказы рашэньнем кіраўніка дзяржаўнага органа могуць разьмяшчацца на афіцыйным сайце без накіраваньня адказаў заяўнікам», — патлумачылі заяўнікам.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG