Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі анамальнае цяпло пасьля маразоў, у Мар’інай Горцы пабіты рэкорд 122-гадовай даўніны


Мар’іна Горка, на ўезьдзе ў горад.
Мар’іна Горка, на ўезьдзе ў горад.

На зьмену рэкордам маразоў у Беларусі прыйшлі рэкорды цяпла. Высокі для 23 студзеня «плюс» на тэрмомэтры перапісаў найвышэйшыя паказьнікі ў некаторых гарадах адразу на 3 градусы.

Праз чатыры дні пасьля рэкордаў холаду ў Беларусі абнавіліся 11 рэкордаў цяпла, пры гэтым зафіксаваны новы тэмпэратурны максымум для 23 студзеня за ўвесь пэрыяд інструмэнтальных мэтэаназіраньняў, сьведчыць праведзены БелаПАН параўнальны аналіз апэратыўных і архіўных дадзеных Белгідрамэту.

Цяплей за ўсё было ў Жыткавічах і Лельчыцах Гомельскай вобласьці — 10,4 градуса вышэй за нуль. Ранейшы рэкорд дня складаў 8,9 градуса (23 студзеня 1993 году ў Высокім Берасьцейскай вобласьці). У Жыткавічах разам з гэтым упаў рэкорд 1959, у Лельчыцах — 1993 году, розьніца склала амаль 3 градусы.

У Мар’інай Горцы перавышаны тэмпэратурны максымум дня, зафіксаваны 122 гады таму. 23 студзеня 1899 году тут было 6,5 градусаў цяпла, учора тэрмомэтар паказаў +7,8 градуса.

Абнавіўся экстрэмум у Берасьці — 9,4 (папярэдні рэкорд — 8,7 у 1959 годзе). Адразу ў шасьці гарадах пабітыя рэкорды 1993 году: у Ганцавічах — цяпер 8,3 (тады 7,6), Пінску — 8,2 (8), Слуцку — 7,1 (5,7), Беразіне — 6,3 (5,8), Наваградку — 6 (5,6) , Валожыне — 5,3 (5,1).

Пэрыяд цеплыні надзвычай хутка замяніў нізкія тэмпэратуры. Яшчэ 16-19 студзеня на мэтэастанцыях абнавіліся 27 начных мінімумаў.

У бліжэйшыя дні, паводле сыноптыкаў, адліга захаваецца.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG