Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Крэмль пакінуў без рэакцыі стужку з запісам голасу Карпянкова


Павал Латушка

Беларускі палітык Павал Латушка заявіў, што расейскія ўлады не адказалі на ўсе просьбы пракамэнтаваць падзеі ў Беларусі і ацаніць аўдыёзапіс з пагрозамі забіваць дэманстрантаў.

Член прэзыдыюму Каардынацыйнай рады, кіраўнік Нацыянальнага антыкрызіснага кіраваньня Павал Латушка падтрымаў акцыі пратэсту, якія прайшлі ў расейскіх гарадах 23 студзеня, піша БелаПАН.

«Зараз на вуліцах гарадоў Расеі гучаць лёзунгі „Жыве Беларусь!“ і „Беларусь, мы з табой!“. А на вуліцах беларускіх гарадоў падтрымліваюць Аляксея Навальнага. Так адбываецца, таму што ў нашых пратэстаў ёсьць супольнае: улада, якая адарвалася ад рэчаіснасьці. Гэта сапраўдная інтэграцыя зьнізу».

Латушка падкрэсьліў, што і Каардынацыйная рада, і Нацыянальнае антыкрызіснае ўпраўленьне неаднаразова зьвярталіся да кіраўніцтва Расеі, каб тое дало ацэнку падзеям, якія адбываюцца ў Беларусі, і выразна прамовіла, як ставіцца да затрыманьняў дзясяткаў тысяч мірных людзей, а крымінальныя справы па фактах забойстваў і гвалту ніхто супраць сілавікоў не заводзяць.

Па словах Латушкі, у Крэмль адпраўлялі аўдыёзапіс з выказваньнямі намесьніка міністра ўнутраных спраў Беларусі Мікалая Карпянкова, які заклікаў страляць у мірных дэманстрантаў і будаваць для іх лягеры. Але ніякай рэакцыі афіцыйнай Масквы на гэта не дачакаліся.

На думку Паўла Латушкі, пуцінская ўлада цяпер сканцэнтруецца на сваіх праблемах, «якія будуць толькі нарастаць», а беларусы «павінны яшчэ раз зразумець», што ўсё ў іх руках.

«Хопіць глядзець на Захад ці Ўсход. Вырашаць праблемы беларусаў мусяць самі беларусы», — заклікаў Латушка.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG