Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіроўца тралейбуса пазнаў мужчыну, які «каціў камень на дарогу» падчас пратэсту. Той атрымаў 3 гады «хіміі»


Пратэсты ў Менску 10 жніўня 2020 году
Пратэсты ў Менску 10 жніўня 2020 году

22 студзеня суд Кастрычніцкага раёну Менску вынес прысуд палітзьняволенаму Валерыю Каленчыцу. Яго прызналі вінаватым і асудзілі на 3 гады абмежаваньня волі з накіраваньнем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.

Справу разглядала судзьдзя Алена Жывіца, паведамляе Праваабарончы цэнтар «Вясна».

Палітвязьня абвінавацілі ў тым, што 10 жніўня ў Менску ён з групай асобаў «наўмысна перашкаджаў руху грамадзкага транспарту, загадзя гэта сплянаваўшы».

Таксама была агучаная шкода, прычыненая «масавымі беспарадкамі», пачынаючы ад 9 жніўня і да 4 кастрычніка. Згодна з даведкай прадпрыемства «Менсктранс», яна склала 414 тысяч 538 рублёў. Страты ад прыпыненьня транспарту — 404 тысячы 542 рублі.

Сьведкі абвінавачваньня на паседжаньне не зьявіліся. У іх адсутнасьць заслухалі сьведчаньні кіроўцы тралейбуса. Той расказаў, што 10 жніўня працаваў на маршруце № 13, калі пачаліся праблемы з рухам транспарту. У 23.55 ён убачыў на вуліцы Прытыцкага, як мужчыны кацілі камень на дарогу. Сярод іх апазнаў Каленчыца.

Абвінаваўца адзначыў, што віна падсуднага паводле ч.1 арт.342 пацьвярджаецца пратаколам, фатаздымкамі і актамі «Менсктрансу». І папрасіў для абвінавачанага абмежаваньне волі тэрмінам 3 гады — так званую «хімію».

Валеры Каленчыц працуе сантэхнікам, паводле адукацыі зваршчык. Быў затрыманы летась 16 кастрычніка ў сябе дома.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG