Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Нямеччыне і Эстоніі выказаліся ў падтрымку незалежных журналістаў


Акцыя салідарнасьці з журналістамі ў верасьні 2020 году

Нямецкі саюз журналістаў запатрабаваў неадкладна спыніць перасьлед беларускіх калег і вызваліць Юлію Слуцкую, перадае БелаПАН.

Старшыня Нямецкага саюзу журналістаў Франк Юбэраль бачыць у крымінальным перасьледзе заснавальніцы «Прэс-клюбу» Юліі Слуцкай «шытую белымі ніткамі зачэпку, каб прымусіць замаўчаць вядомага крытыка лукашэнкаўскай дыктатуры».

Ад пачатку пратэстаў супраць фальсыфікацыі прэзыдэнцкіх выбараў затрымалі больш за 470 журналістаў, адзначаецца ў заяве НСЖ. «Гэта брутальная спроба спыніць крытычнае асьвятленьне падзеяў», — лічыць Юбэраль.

На Беларусь, падкрэсьліў ён, распаўсюджваецца той жа пастулят, што і на іншыя краіны: «Свабода СМІ — усеагульнае фундамэнтальнае права».

Што такое «Прэс-клюб»

«Прэс-клюб» — гэта «пляцоўка для прафэсійнага разьвіцьця мэдыясупольнасьці», «нефармальнае аб’яднаньне мэдыяпрафэсіяналаў, усіх тых, хто жадае ўдасканаліць журналісцкія ўменьні і працаваць у рытме прафэсійных стандартаў і трэндаў».

«Прэс-клюб» заснаваны ў 2011 годзе. У чэрвені 2014-га арганізацыя стала сябрам Міжнароднай асацыяцыі «Прэс-клюбаў» (International Association of Press Clubs). У лістападзе 2015-га ў Беларусі зарэгістравалі культурна-асьветніцкую ўстанову «Журналісцкая майстэрня Прэс-клюб».

«Прэс-клюб» арганізуе прафэсійныя дыскусіі, трэнінгі, варштаты для журналістаў, займаецца мэдыяграматнасьцю, маніторынгам і аналізам фэйкаў і прыкладаў прапаганды ў дзяржаўных мэдыя.

Юлія Слуцкая — заснавальніца і старшыня «Прэс-клюбу». У 1995–2006 — галоўны рэдактар «„Комсомольской правды“ в Белоруссии». У 2007–2010 — галоўны рэдактар «Эўрапейскага радыё для Беларусі».

Міністар замежных спраў Эстоніі Урмас Рэйнсалу заявіў, што гвалт і рэпрэсіі супраць журналістаў у Беларусі мусяць быць неадкладна спыненыя. Гэта ён сказаў напярэдадні неафіцыйнага пасяджэньня высокага ўзроўню ў Радзе бясьпекі ААН, на якім абмяркуюць сытуацыю з свабодай СМІ ў Беларусі, паведаміла прэсавая служба эстонскага МЗС.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG