Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За надпісы на шчытах пракурор просіць 2 гады калёніі дзяўчыне і 1,5 года хлопцу


Фота Сафіі Малашэвіч і Ціхана Клюкача, апублікаваныя Сьледчым камітэтам
Фота Сафіі Малашэвіч і Ціхана Клюкача, апублікаваныя Сьледчым камітэтам

Суд Кастрычніцкага раёну працягвае разгляд справы 18-гадовых Соф’і Малашэвіч і Ціхана Клюкача, якія 6 верасьня расьпісалі балёнчыкамі шчыты супрацоўнікаў АМАПу.

У судзе 21 студзеня паказалі відэа з акцый, заслухалі аднаго сьведку з вайсковай часткі 3214, а таксама пракурора і адвакатаў. Прысуд будзе абвешчаны 22 студзеня ў 14:10.

Соф’ю Малашэвіч і Ціхана Клюкача абвінавачваюць у злосным хуліганстве і ўдзеле ў масавых беспарадках, а Соф’ю яшчэ і ў публічнай зьнявазе прэзыдэнта.

Праваабаронцы прызналі Ціхана і Соф’ю палітвязьнямі.

Падчас сьледзтва Ціхан Клюкач узяў усю віну на сябе, нібыта ён расьпісаў шчыты і машыну «Рубеж», аднак пазьней МУС апублікавала відэа, дзе відаць, што гэта рабіла Соф’я.

Падчас першага паседжаньня і Соф’я, і Ціхан прызналі віну толькі ў тым, што бралі ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве. Соф’я сказала, што выходзіла на маршы супраць сацыяльнай несправядлівасьці, расказвала пра сваю 88-гадовую бабулю, якая атрымлівае мізэрную пэнсію. Ціхан сказаў, што выходзіў таму, што выступае супраць фальсыфікацыі выбараў.

Ціхан Клюкач
Ціхан Клюкач

«Танцавала, усім сваім выглядам паказвала, што ёй усё сыдзе з рук»

У часе другога судовага паседжаньня паказалі відэа з удзелам абвінавачаных, у тым ліку і з тэлеграм-каналу «Жёлтые сливы». Доўга не маглі наладзіць апаратуру, абвяшчалі перапынак. Аднак бачыць відэа маглі толькі судзьдзя, адвакаты і падсудныя. Пэрыядычна адвакатка Соф’і ўстаўляла рэплікі: «Якое дачыненьне маюць кадры, дзе людзі проста сьпяваюць, да гэтай справы?»

Адвакатку падтрымала і Соф’я: «Уключайце відэа аб справе».

Падчас допыту сьведак Валер Ляўкоў, вайсковец з часткі 3214, расказаў, што 6 верасьня нёс службу ў форме на праспэкце Пераможцаў. Знаходзіўся на самой агароджы. Запомніў дзяўчыну:

«Паводзіла сябе з выклікам, нават агрэсіўна, абражала вайскоўцаў. Відавочна, што яна была завадатаркай, хлопец быў «вядзёным». Дзяўчына яўна грала на публіку, і гэта камусьці трэба было здымаць. Яны вырашылі, што здымаць будзе хлопец. Але мне здаецца, ён таксама быў ня супраць пісаць. Аднак балёнчык з фарбай узяла дзяўчына, і пісала на шчытах менавіта яна. Адышла ад шчытоў, пачала танцаваць і ўсім сваім выглядам паказвала, што ёй усё «сыдзе з рук».

Спачатку затрымалі хлопца, дзяўчына была недзе ўбаку. Яна прасіла хлопца адпусьціць. «Гэта я пісала, адпусьціце яго», — перадаў яе словы сьведка-вайсковец.

Соф’я запыталася, чаму вайсковец вырашыў, што яна хацела пазьбегнуць пакараньня. Той паўтарыўся, што дзяўчына паводзіла сябе з выклікам.

Астатнія сьведкі ў суд не зьявіліся. Абвясьцілі перапынак для высьвятленьня прычын няяўкі сьведак.

Пасьля перапынку зачыталі папярэднія паказаньні сьведак, якія не зьявіліся ў суд. Адзін амаль нічога ня памятае з абставінаў затрыманьня Клюкача: маўляў, народу на акцыі выходзіць шмат, крычаць аднолькавыя лёзунгі. Другі сьведка Соф’ю Малашэвіч запомніў празь яе вонкавы выгляд і паводзіны. Але затрыманьня яе ня памятае.

Дзяржабвінаваўца: «У дзеяньнях Малашэвіч быў «выключны цынізм»

Дзяржаўны абвінаваўца кажа, што Ціхан Клюкач віну прызнаў часткова — удзельнічаў у масавым мерапрыемстве, выкрыкваў лёзунг «Верым, можам, пераможам». Здымаў на камэру Малашэвіч. Абвінавачаньне ў хуліганстве хлопец адмовіў.

Соф’я Малашэвіч таксама віну прызнала часткова, кажа пракурор. Плякат са зьняважлівым надпісам на адрас кіраўніка дзяржавы ёй хтосьці перадаў. Прызнала, што надпісы на шчытах наносіла адна, Клюкач не пісаў на шчытах, балёнчыка ў яго не было. Усё гэта пацьверджана відэазапісамі і здымкамі ў тэлефоне Малашэвіч.

Шкода за надпісы на шчытах складае 103 рублі. Аднак ад актыўнага ўдзелу падсудных у падзеях адбыліся збоі ў рабоце грамадзкага транспарту.

Артыкул 339, ч. 2 у Ціхана дзяржабвінаваўца выключыла, у Соф’і ён перакваліфікаваны на частку 1.

Пракурор таксама адзначыла, што ў дзеяньнях Малашэвіч быў «выключны цынізм».

Пракурор папрасіла пакараць Ціхана Клюкача пазбаўленьнем волі тэрмінам на 1 год 6 месяцаў у калёніі агульнага рэжыму.

А Соф’і Малашэвіч паводле ўсіх трох артыкулаў прысудзіць 2 гады пазбаўленьня волі ў калёніі агульнага рэжыму.

Адвакаты просяць прызначыць пакараньне, не зьвязанае з пазбаўленьнем волі

Ціхан Клюкач
Ціхан Клюкач

Адвакатка Ціхана Клюкача зрабіла акцэнт на актыўнасьці моладзі, абуджэньні грамадзтва, жаданьні перамен, на адчуваньні сьвята падчас вулічных акцый у канцы лета — пачатку восені.

«Ціхан дзейнічаў не з хуліганскіх пабуджэньняў, а выказваў свае погляды, свае перакананьні. Паколькі ён пад вартай з 27 лістапада, гэтага часу яму было дастаткова, каб асэнсаваць свае дзеяньні, ён мае права і шанец на выпраўленьне. Просіць прызначыць пакараньне, не зьвязанае з пазбаўленьнем волі», — кажа адвакатка.

Адвакат Соф’і Малашэвіч падкрэсьлівае, што Соф’я шкоду пакрыла, на ўсе сьледчыя дзеяньні прыходзіла. За словы 18-гадовага чалавека не павінна быць пакараньня, зьвязанага з пазбаўленьнем волі.

Соф’я просіць не караць Ціхана турмой

Софʼя Малашэвіч
Софʼя Малашэвіч

Ціхан Клюкач у сваім апошнім слове папрасіў прабачэньня ў маці і бабулі. Віну хлопец прызнаў цалкам, кажа, што ўсьвядоміў: гэта ня тыя мэтады, больш так рабіць ня будзе.

Соф’я ў сваім апошнім слове прасіла не караць Ціхана пазбаўленьнем волі.

«Ён убачыў прыгожую дзяўчыну, вырашыў суправадзіць яе на мітынг. Ціхан 10 000 разоў угаворваў мяне адысьці ад гэтай агароджы. Ён пайшоў пад эмоцыямі — яму дзяўчына спадабалася. 2 месяцы, якія ён адседзеў ужо, дастаткова, каб зразумець, што да агароджаў падыходзіць ня трэба.

Я адседзела 2 месяцы і зразумела, што турма не выпраўляе».

Што да сябе, Соф’я прызнае віну ў поўным аб’ёме, яна заслужыла пакараньне. А Ціхан не заслужыў. Ён больш ня будзе хадзіць на мітынгі.

«Мне таксама б не хацелася пазбаўленьня волі. Маёй бабулі 88 гадоў. Дайце мне „хімію“, нават большы тэрмін, чым 2 з паловай гады, каб я бабулю пабачыла. Да агароджы я больш не падыду ні на крок», — кажа Соф’я на судзе.

Соф’і Малашэвіч інкрымінуецца

  • ч.1 артыкула 342 КК Рэспублікі Беларусь (актыўны ўдзел у групавых дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, спалучаных зь непадпарадкаваньнем законным патрабаваньням супрацоўнікам міліцыі); ч. 1 арт. 339 (злоснае хуліганства);
  • ч. 1 ст. 368 (зьнявага прэзыдэнта). Падчас адной з акцый Соф’я трымала плякат. Што было напісана на плякаце, у судзе не агучылі, нібыта там была нецэнзурная лексыка.

Ціхану Клюкачу інкрымінуюцца першыя два артыкулы.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG