Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Лідзе затрымалі некалькі чалавек па крымінальнай справе за воклічы «Ганьба!» і «Жыве Беларусь!» у судзе над Ашуркам


Пратэст у Лідзе, архіўнае фота.
Пратэст у Лідзе, архіўнае фота.

У Лідзе затрымалі людзей, якія прыйшлі ў суд падтрымаць Івана Касьпяровіча, адміністратара тэлеграм-каналу «Дошка ганьбы Ліда».

Як пасьпела паведаміць Свабодзе адна з затрыманых, іх дапытваюць па крымінальнай справе, якую завялі пасьля суду над Вітольдам Ашуркам, калі 18 студзеня ў судовай залі прысутныя выкрыквалі на адрас судзьдзі «Ганьба!», «Жыве Беларусь!», «Верым, можам пераможам!»

Праваабаронцам вядома, што сярод затрыманых значыцца Натальля Шарлан.

Як расказалі яе родныя, 20 студзеня яна прыйшла падтрымаць Івана Касьпяровіча, але была затрыманая за «бунт» падчас суду над Вітольдам Ашуркам. Напярэдадні грамадзкага актывіста пакаралі 5 гадамі пазбаўленьня волі.

Як пазьней удакладніў прадстаўнік МУС па Горадзенскай вобласьці Яўген Дудко, інфармацыя пра «два дзясяткі» затрыманых некарэктная — затрымана было 8 чалавек, пяцёра зь іх адпушчаныя без пратаколаў.

«А трое апытаныя ў рамках крымінальнай справы па артыкуле 339 («Хуліганства») і таксама адпушчаныя. Крымінальная справа заведзеная па факце непрыстойных дзеяньняў у судзе падчас абвяшчэньня прысуду Вітольду Ашурку», — сказаў Дудко.

Кім ініцыяваны крымінальны працэс, Дудко дакладна ня ведае, але, маўляў, дакладна ня МУС: «Імаверна, пракуратура, баюся памыліцца», — сказаў прадстаўнік УУС Горадзенскага аблвыканкаму, якога цытуе «Наша Ніва».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG